«Брамы пякельныя не перамогуць»: у Прошкаве адзначылі 30-годдзе аднаўлення капліцы

У гэты дзень, калі Касцёл ушаноўвае памяць святога Якуба Апостала (25 ліпеня), невялічкая вёска Прошкава на Глыбоччыне стала месцам сапраўднага свята. Мясцовая парафія сабралася, каб адзначыць 30-годдзе аднаўлення капліцы святога Антонія Падуанскага – месца, дзе на працягу больш чым стагоддзя малітва ўзносіцца да Бога, нягледзячы на ўсе цяжкасці гісторыі.

Свята распачалося з кранальнага моманту: вернікі з хлебам-соллю сустракалі пастыра Віцебскай дыяцэзіі біскупа Алега Буткевіча, які прыехаў падзяліць з імі радасць. Урачыстую святую Імшу іерарх цэлебраваў разам з пробашчам ксяндзом-канонікам Эдвардам Нарадоўскім і ксяндзом Дзмітрыем Рацько з Празарок. Нават надвор’е, здавалася, спрыяла малітоўнаму настрою – жадаючыя маглі прыступіць да сакрамэнту споведзі проста на вуліцы.

Гісторыя гэтай капліцы – як жывы сімвал веры, якая не згасае. Пабудаваная ў канцы XIX стагоддзя на сродкі фундатара Рафала Дабашынскага, яна на працягу доўгіх гадоў была духоўным цэнтрам для мясцовых жыхароў. Але пасляваенны час прынёс заняпад: капліца была зачынена і доўгія гады стаяла ў запусценні. І толькі дзякуючы старанням святой памяці айца-марыяніна Люцыяна Паўліка і неабыякавых парафіян у 1996 годзе святыня адрадзілася. У ліпені таго ж года яна была асвечана, і на гэтым святым месцы зноў загучала малітва.

«30 год для гісторыі – гэта невялікі час, але гэта нагода падзякаваць Богу за тое, што на прыкладзе гэтага месца мы бачым выкананне словаў Езуса, які казаў, што “брамы пякельныя не перамогуць Божага Валадарства”, – звярнуўся да вернікаў біскуп Алег на пачатку Імшы. – Быў розны лёс гэтай капліцы, але Бог аказаў сваю літасць і міласэрнасць. Сёння мы маем гэтую цудоўную капліцу, дзе можам маліцца і сустракацца з Езусам у сакраманце Эўхарыстыі».

Асабліва ўрачыстым момантам стала ўдзяленне сакрамэнту канфірмацыі васьмом маладым людзям – вернікам з Задарожжа і Падсвілля. У сваёй навуцы біскуп засяродзіў увагу на сіле слова і думкі, разважаючы над словамі евангеліста Яна — «Напачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова». Іерарх заўважыў, што свет створаны праз Слова, а значыць – за кожным парадкам мусіць стаяць розум. Гэтае глыбокае разважанне стала добрым напамінам для ўсіх: спачатку думаць, а потым рабіць, бо чалавек створаны на вобраз і падабенства Божае.

Падчас Імшы адбылася яшчэ адна знамянальная падзея – біскуп Алег асвяціў абраз святога Казіміра і святой Агнешкі, які нядаўна быў знойдзены на гарышчы адной з хат. Як узгадалі парафіяне, гэты абраз першапачаткова знаходзіўся ў капліцы ў Прошкаве, а ў савецкія часы быў схаваны мясцовымі жыхарамі, каб выратаваць яго ад знішчэння. Цяпер святыня вярнулася на сваё месца.

Парафіяне з цеплынёй узгадалі тых, хто прычыніўся да адраджэння капліцы: Любаміра Кміту, Леона Кміту, Бернарда Кміту, Леанарду Войніч. Іх старанні і вера сталі тым фундаментам, на якім трымаецца духоўнае жыццё гэтай мясцовасці. Сваім спевам урачыстую Імшу ўпрыгожвала парафіяльная моладзь з Глыбокага.

Па заканчэнні літургіі біскуп Алег асвяціў транспартныя сродкі ва ўспамін святога Крыштафа – заступніка падарожнікаў, а прадстаўнікі парафіі шчыра падзякавалі іерарху за супольнае святкаванне. Бацькі канфірмаваных выказалі словы ўдзячнасці пробашчу і біскупу за падрыхтоўку і ўдзяленне сакраманту.

Гэты дзень у Прошкаве стаў яшчэ адным сведчаннем таго, што дух веры жывы і моцны, а святыні, якія перажылі гады занядбання, працягваюць збіраць людзей для супольнай малітвы і сведчання любові Божай. І няхай мінаюць дзесяцігоддзі, гэтая капліца і надалей будзе тым месцам, дзе слова Божае гучыць сярод тых, хто шукае сустрэчы з Езусам.

Марына Сінкевіч, тэкст
Ленаід Юрык, фота

для друку для друку