Біскуп-намінант Сяргей Кіпа расказаў пра прыняцце новага служэння, досвед вайны і пакліканне быць знакам міру і адзінства.
4 верасня 2026 года ў Ватыкане было абвешчана аб прызначэнні манаха-капуцына Сяргея Кіпы дапаможным біскупам Кіеўска-Жытомірскай дыяцэзіі. Да гэтага ён узначальваў кустодыю Ордэна Братоў Меншых Капуцынаў ва Украіне.
У інтэрв’ю для медыя Святога Пасада ён назваў паведамленне пра волю Папы Льва XIV «сапраўдным унутраным землятрусам». Паводле біскупа-намінанта, гэта было спалучэнне трывогі, моцнага эмацыйнага перажывання і глыбокай радасці ад пераканання, што ў гэтым дзейнічае Бог.
Галоўным словам для будучага служэння біскуп-намінант называе «мір» – біблейскі шалом, які азначае не толькі адсутнасць вайны, але паўнату, цэласнасць і адзінства. Яго магчымым біскупскім дэвізам магло б стаць словы «Ён – спакой наш» (Эф 2, 14). «Як дапаможны біскуп я павінен перадаваць гэты спакой, адзінства і блізкасць», — сказаў ён.
Гаворачы пра вайну, капуцын адзначыў, што яна вучыць жыць паводле прынцыпу «сёння», бо заўтра можа ўжо не надысці, і адначасова – не губляць здольнасці неадкладна адказваць на патрэбы іншых.
Асобным выклікам ён назваў небяспеку «склеракардыі», або зацвярдзення сэрца. У гэтым кантэксце Кіпа распавёў пра служэнне капуцынаў «Дарыць маме надзею» для маці, якія страцілі дзяцей на фронце. «Гэта бедныя, параненыя душы, якіх Пан абдымае праз Касцёл», — адзначыў ён, дадаючы, што менавіта такім чынам становіцца бачным “pax” – мір, які аздараўляе, яднае і ўпарадкоўвае чалавечае жыццё.
Сваё стаўленне да новага служэння біскуп-намінант таксама звязвае з францішканскай «убогасцю». Для яго гэта не столькі матэрыяльная беднасць, колькі здольнасць адмовіцца ад уласнай карціны жыцця і дазволіць Богу весці сябе далей. “Калі Бог праз Касцёл цябе да гэтага заклікае, то што ты адкажаш?” — разважае ён.
У новым служэнні біскуп Кіпа хоча заставацца адкрытым да духавенства, кансэкраваных асоб, манаскіх супольнасцей і свецкіх вернікаў, просячы ў Бога здольнасці прымаць кожнага чалавека «з адкрытай душой».
Кс. Аляксандр Амяльчэня беларуская рэдакцыя — Vatican News
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!