У Мексіцы фургон пераабсталявалі ў мабільную капліцу

Ён будзе курсіраваць па вуліцах Мантэррэя, перавозячы Найсвяцейшы Сакрамант у месцы, дзе нельга пабудаваць традыцыйны касцёл, паведамляе ACI Prensa.

Ідэя стварэння капліцы «на колах» нарадзілася каля двух гадоў таму. Яе распрацавала сямейная пара, якая хацела даць вернікам магчымасць пакланіцца Найсвяцейшаму Сакраманту ў некалькіх муніцыпалітэтах штата Нуэва-Леон, у месцах, дзе нельга пабудаваць традыцыйныя святыні, сказаў у інтэрв’ю ACI Prensa каардынатар праекта айцец Адрыян Вільягран Герэра. Праект стаў магчымым дзякуючы падтрымцы архідыяцэзіі Мантэррэя.

Не проста капліца.

Як паведамляе ACI Prensa, аўтамабіль падзелены на тры секцыі. Першая, размешчаная спераду, прызначана для кіроўцы. Другая секцыя змяшчае невялікую прастору з канфесіяналам. Задняя секцыя была прыстасавана пад капліцу, дзе могуць маліцца чатыры чалавекі. Там жа захоўваецца Найсвяцейшы Сакрамант.

«Капліца на колах» дабярэцца нават да самых цяжкадаступных месцаў.

Айцец Герэра, каардынатар праекта, падкрэсліў, што капліца не толькі дазволіць вернікам у цяжкадаступных месцах ушанаваць Найсвяцейшы Сакрамант, але і дазволіць «капліцы на колах» дабрацца да менш відавочных месцаў, такіх як турыстычныя месцы, бальніцы або раёны, якія пацярпелі ад стыхійных бедстваў, а таксама выкарыстоўваць капліцу падчас рэкалекцый і пастырскіх візітаў.

Праект атрымаў благаслаўленне біскупа.

Мабільная капліца атрымала благаслаўленне біскупа Рахеліа Кабрэры Лопеса 20 жніўня. Базіліка Маці Божай Гвадэлупскай будзе адказваць за яе дзейнасць.

deon.pl
Пераклад Марыны Ткач

для друку для друку