«Upgrade веры» на ДДМ у Браславе: калі душа патрабуе абнаўлення больш, чым тэлефон

17-19 ліпеня ў санктуарыі Маці Божай Браслаўскай прайшлі Дыяцэзіяльныя дні моладзі Віцебскай дыяцэзіі. Тэма сустрэчы — «Upgrade веры», а галоўны дэвіз — словы з Другога паслання да Карынцянаў: «Жывём вераю, а не бачаннем» (2 Кар 5, 7). Маладыя людзі шукалі адказ на пытанне: як абнавіць сваю аперацыйную сістэму, калі старыя праграмы ўжо не працуюць?

Калі тэлефон тармозіць, а душа — тым больш

Усе мы ведаем, што адбываецца са смартфонам, калі яго доўга не абнаўляць: пачынае тармазіць, апавяшчэнні прыходзяць позна, праграмы вылятаюць. І ў нейкі момант разумееш: трэба рабіць апгрэйд, бо інакш карыстацца гэтай рэччу немагчыма. Але ці задумваліся мы, што наша душа таксама патрабуе абнаўлення?

Менавіта з гэтага пытання пачаліся Дыяцэзіяльныя дні моладзі ў Браславе. У пятніцу, пасля рэгістрацыі, удзельнікаў вітаў душпастыр моладзі Віцебскай дыяцэзіі ксёндз Алег Хмылко. А потым была Імша пад кіраўніцтвам біскупа Алега Буткевіча. І ў сваёй гаміліі ксёндз Алег працягнуў тэлефонную метафару:

«Мы можам мець апошнюю версію тэлефона, але карыстацца «старой версіяй» сябе — са страхамі, крыўдамі і павярхоўным разуменнем веры. Сёння мы збіраемся разам, каб зрабіць гэты доўгачаканы апгрэйд. І наш духоўны пароль — «Жывём вераю, а не бачаннем». Гэтыя словы як інструкцыя да абнаўлення: яна кажа, што патрэбна змяніць не вонкавыя налады, а ўнутраную аперацыйную сістэму».

Што такое «бачанне»?

А што наогул такое «бачанне» ў духоўным кантэксце? Гэта калі мы судзім пра Бога па тым, што бачым вакол: па настроі, па абставінах, па меркаванні іншых, па колькасці лайкаў, па рэйтынгах поспеху. Калі ў мяне ўсё добра — Бог добры. Калі ў мяне праблемы — дзе Бог? Гэта рэлігійнае дзіця, якое ўспрымае Бога як фею-хросную, якая павінна выконваць жаданні.

Але святы Павел кідае нам выклік: «Жывём вераю, а не бачаннем». Гэта значыць, мы не залежым ад таго, што бачым на паверхні. Мы не залежым ад меркавання натоўпу. Мы не залежым ад нашага часовага настрою. Вера дае нам свабоду глядзець на рэальнасць вачыма Бога, які бачыць у нас больш, чым мы бачым у сабе.

Спачатку — пра ідалаў

Першы вечар працягнуўся канферэнцыяй ксяндза Яўгенія Шымановіча на тэму «Няма іншых багоў». Святар засяродзіў увагу на сучасных ідалах, якія займаюць месца Бога ў нашых сэрцах: тэлефон, камфорт, сацыяльныя сеткі. Бо сапраўды, колькі разоў мы кладзём тэлефон побач на ноч, а Біблію — не? Колькі разоў мы прагортваем стужку навін, а Евангелле — не?

А пасля канферэнцыі была малітва праслаўлення перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамантам, якую правёў ксёндз Яўгеній разам з моладдзю з віцебскай парафіі святой Барбары. Цішыня, святло і ўсведамленне таго, што Хрыстос сапраўды тут, побач.

Начлег быў у парафіянаў браслаўскага касцёла — і гэта таксама стала часткай духоўнага досведу: быць прынятым у чужым доме, адчуць клопат і гатоўнасць дапамагчы.

Субота: пяць дарог абнаўлення

Другі дзень распачалі малітвай Ютрані ў касцёле. А потым удзельнікаў чакалі воркшопы — працоўныя пляцоўкі, дзе спікеры дзяліліся не толькі ведамі, але і практычнымі навыкамі. Кожны мог выбраць адну з пяці пляцовак:

– штучны інтэлект: як выкарыстоўваць яго ў служэнні, якія плюсы і мінусы;
– вакал: пастаноўка дыхання і голасу;
– псіхалогія: самаацэнка і годнасць чалавека;
– Літургія: практычныя веды пра Рымска-каталіцкі Імшал;
– майстар-клас па пляценні ружанца.

Мабыць, найбольшую цікавасць выклікала тэма штучнага інтэлекту — як сумясціць тэхналогіі і веру? Адказу не далі, але напрамак для роздуму задалі.

Пасля воркшопаў, святой Імшы і вольнага часу была канферэнцыя айца Аляксандра Жарнасека МІС на тэму «Евангелле поспеху». Пра крайнасці: калі поспех становіцца кумірам, а няўдача — прычынай расчаравацца ў Богу.

А потым — праца ў групах. Кожная група атрымала аднаго біблійнага героя і павінна была зрабіць міні-пастаноўку пра яго ў сучасным свеце з нейкім пасылам для моладзі. Супольны вечар завяршыўся танцамі, спевамі, гульнямі і паказам пастановак.  Праз гумар прабівалася галоўнае: кожны з гэтых герояў сутыкаўся з цяжкасцямі, сумняваўся, падаў, але ўставаў і ішоў далей.Атмасфера была неверагоднай: радасць, свабода і адчуванне, што ты сярод сваіх.

Нядзеля: служэнне як адказ

Трэці дзень зноў пачаўся з Ютрані. А потым была трэцяя канферэнцыя ксяндза Алега Хмылко пра служэнне. Ён паказаў пяць біблійных герояў, а таксама святога Карла Акуціса, які з мінулага года з’яўляецца апекуном душпастырства моладзі Віцебскай дыяцэзіі. Іх цяжкасці ў служэнні і тое, як яны спраўляліся з жыццёвымі выклікамі, сталі прыкладам для сучаснай моладзі.

Потым быў пункт праграмы, які, напэўна, стаў самым моцным за ўсе дні — сведчанні. Хірург расказаў свой шлях адносін з Богам, развіцця свайго паклікання ў супрацоўніцтве з Духам Святым. А медсястра з анкалагічнага аддзялення падзялілася гісторыяй свайго служэння і дапамогі паміраючым людзям. Моладзь слухала, затаіўшы дыханне. Бо гэта не былі тэорыя ці абстрактныя разважанні — гэта было жыццё, поўнае болю і веры.

А потым быў «адкрыты мікрафон». Жадаючыя маглі падзяліцца сваім сведчаннем веры, адносінамі з Богам, цудамі ў жыцці. Знайшлося пяць чалавек, якія адважыліся выйсці і расказаць пра тое, як Бог дзейнічаў у іх жыцці. Адны са слязінкай на вачах, іншыя з усмешкай на вуснах, але ўсе гаварылі адно: Бог жывы і дзейны.

Біскуп заклікае не баяцца абнаўлення

Фінальным пунктам праграмы стала святая Імша, якую цэлебраваў біскуп Алег Буткевіч. Ён заахвоціў моладзь жыць верай, а не бачаннем гэтага свету, рэгулярна прыступаць да сакрамантаў.

«Upgrade часта балючы, — казаў ксёндз Алег у сваёй гаміліі ў першы дзень. — Кампутар перазагружаецца, экран гасне, пару хвілін нічога не працуе. Так і ў веры: бывае, што ўсё руйнуецца, што планы развальваюцца, што старыя сябры адыходзяць. Але гэта час, калі Бог перабудоўвае нас знутры. Як гліну ў руках ганчара — спачатку здаецца, што ён ламае форму, а насамрэч стварае новую, больш дасканалую».

Пасля Імшы ксёндз Алег Хмылко падзякаваў усім удзельнікам, аніматарам, святарам і сёстрам, парафіі ў Браславе, айцам сальватарыянам за дапамогу, удзел, арганізацыю і падтрымку.

Што ты забіраеш з сабой?

Апошняе агульнае фота — і смачны абед. А потым — раз’езд. Але гэтыя тры дні, поўныя малітвы, песень, слёз, смеху і абнаўлення, застануцца ў сэрцы надоўга.

Бо «Upgrade» — гэта заўсёды страта старога. Але калі дасі Богу часу, убачыш: новая версія сябе — нашмат лепшая. Яна хутчэйшая, надзейнейшая, і галоўнае — яна жывая.

Святы Аўгустын сказаў: «Вер, каб разумець. Не чакайце, пакуль зразумееце ўсё, каб паверыць. Паверце, і разуменне прыйдзе ў свой час». Бо мы жывём вераю, а не бачаннем.

Catholicnews.by
фота ўдзельнікаў ДДМ

для друку для друку