26 ліпеня ў парафіі святога Якуба Апостала ў Пеліканах адбылася сапраўдная святочная падзея – біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч удзяліў сакрамант канфірмацыі 15 мясцовым вернікам. Урачыстая Імша, прасякнутая гісторыяй і малітвай, сабрала парафіян і гасцей пад скляпеннямі нэагатычнага касцёла, які сам па сабе з’яўляецца сведкам веры і пакутніцтва.
Пеліканы – гэта не проста геаграфічны пункт на мапе Браслаўскага раёна. Гэта месца, дзе гісторыя веры пісалася крывёю і малітвай. Першы драўляны касцёл тут узнік яшчэ ў 1714 годзе дзякуючы езуітам, а сучасны мураваны храм, аздоблены ў неагатычным стылі, быў асвячоны ў 1906 годзе біскупам Гаспарам Цыртаўтам. Але сапраўдны подзвіг веры заззяў у Пеліканах у гады бязбожных ганенняў.
Праз цемру турмаў да святла веры
Менавіта з гэтай парафіяй цесна звязаны лёс благаслаўлёнага ксяндза Мечыслава Багаткевіча, які ў 1939–1941 гадах выконваў абавязкі адміністратара касцёла. Ягоны родны брат, ксёндз Станіслаў Багаткевіч, таксама служыў тут пазней і быў асуджаны савецкім судом на 25 гадоў лагераў толькі за тое, што заставаўся верным Богу і людзям. Праз пераслед, зняволенне і выгнанне, праз закрыццё касцёла, які пазней быў ператвораны ў склад і нават свінарнік, – вернікі Пеліканаў захавалі свой скарб. Яны выстаялі, хадзілі ў касцёлы Браслава, Дрысвят і Вільні, чакаючы адраджэння.
Яно прыйшло ў 1990 годзе, калі касцёл быў вернуты вернікам і закіпела праца па яго аднаўленні. У 1994 годзе кардынал Казімір Свёнтэк рэкансэкраваў святыню, якая зноў стала духоўным цэнтрам.
«Беражыце скарб, які атрымалі ад бабуль і дзядуль»
У гэты нядзельны дзень касцёл святога Апостала Якуба быў поўны. Урачыстую Імшу ўзначаліў біскуп Алег Буткевіч. Канцэлебравалі кс. канонік Віктар Місевіч – канцлер курыі, дырэктар Caritas Віцебск і галоўны рэдактар «Каталіцкага Весніка», кс. Славамір Самковіч з Пагошчы, а святары-суседзі дапамагалі вернікам у сакрамэнце споведзі перад гэтай вялікай падзеяй.
На пачатку святой Імшы пробашч парафіі кс. Уладзіслаў Шарковіч з цеплынёй і шчырасцю прывітаў усіх прысутных. Біскуп Алег у сваім слове заўважыў невыпадковы супад: напярэдадні парафія ўрачыста адзначыла свой галоўны фэст – святога Якуба Апостала, першага з дванаццаці, хто аддаў жыццё за Хрыста. А сёння – дзень Пяцідзесятніцы.
«Няхай гэты дзень для кожнага з нас дапаможа аднавіць у сабе дзень гэтага Божага дару, каб не засмучаць Божага Духа, але дазвалялі Яму дзейнічаць у нашым сэрцы, каб перамяняў нас на падабенства Езуса Хрыста і святых», – нагадаў біскуп.
Асабліва кранальнымі былі словы іерарха пра скарб веры. «Беражыце скарб, які маем і які часта атрымалі ад бацькоў, бабуль і дзядуль. Гэта вялікі дар, дзякуючы якому перад намі адкрытыя брамы неба. Шукайце яго і цаніце больш за ўсе каштоўнасці гэтага свету», – заклікаў ён. Біскуп падкрэсліў, што гаворка ідзе пра нябачны скарб, які нельга ўзважыць ці памераць, але менавіта ён з’яўляецца самым трывалым, як кажа апостал Павел.
У канцы Імшы біскуп асабліва падзякаваў ксяндзу Уладзіславу Шарковічу за яго малады запал, які той укладвае ў душпастырскую працу і ў клопат пра будынак касцёла. А кс. Віктар Місевіч, вітаючы новых канфірмаваных, падкрэсліў, што Езус любіць кожнага з іх і пажадаў ім захоўваць вернасць Хрысту да канца жыцця.
Спадчына, якая працягваецца
Сёння, калі 15 вернікаў рознага ўзросту прынялі пячатку Духа Святога ў касцёле, які перажыў столькі выпрабаванняў, відавочна, што вера не знішчаецца, а перадаецца з пакалення ў пакаленне. Праз дзесяцігоддзі бязвер’я тут зноў гучаць малітвы, і новае пакаленне нясе свету той самы скарб, які захавалі іх продкі.
Марына Сінкевіч, тэкст
Леанід Юрык, фота
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!
























