Парыж чакае рэкордную колькасць удзельнікаў Імшы з Папам

Каля 500 тысяч вернікаў чакаецца на святой Імшы, якую Папа Леў XIV узначаліць на плошчы Згоды ў Парыжы падчас свайго падарожжа ў Францыю, якое пройдзе з 25 па 28 верасня 2026 года.

Святы Пасад апублікуе канчатковую праграму папскай пілігрымкі напрыканцы ліпеня або на пачатку жніўня, пасля таго як будуць зацверджаны ўсе дэталі паездкі. Паводле інфармацыі мясцовага епіскапату, яе ключавымі пунктамі стануць тры гарады: Парыж, Лурд і Мец.

Плануецца, што пасля сустрэчы з дзяржаўнымі ўладамі і візіту ў сядзібу ЮНЕСКА ў Парыжы Пантыфік узначаліць нешпары ў саборы Нотр-Дам з удзелам французскага духавенства, а потым правядзе малітоўную сустрэчу з моладдзю, якая адбудзецца на сталічным стадыёне “Стад дэ Франс”, здольным умясціць 80 тысяч чалавек.

Ключавой падзеяй візіту Папы ў Парыж стане святая Імша на плошчы Згоды, на якую, паводле прагнозаў арганізатараў, збяруцца каля паўмільёна вернікаў. Пра выбар гэтага месца парталу Парыжскай архідыяцэзіі расказаў кіраўнік арганізацыйнага камітэта падарожжа Эрве Ватэкамп.

“Да Французскай рэвалюцыі гэта была плошча Людовіка XV, важнае месца ў Парыжы. Падчас панавання тэрору яна была месцам васямнаццацімесячнага гвалту, падчас якога многія людзі былі пакараныя смерцю на гільяціне, у тым ліку кароль Людовік XVI і каралева Марыя-Антуанета. Гэта не забыта. А потым, у 1795 годзе, яна атрымала назву плошча Згоды, каб выказаць жаданне французскага народа вярнуцца да міру. Яна называецца так ужо вельмі даўно. І я лічу гэтую назву вельмі прыгожай, як і само месца. Цэлебрацыя Імшы на плошчы Згоды – гэта таксама пазітыўны і прыгожы сімвал прымірэння народа, які не забывае сваю гісторыю, але працягвае рухацца наперад разам”, — патлумачыў Ватэкамп.

Пасля візіту ў французскую сталіцу Папа адправіцца ў Лурд, дзе ўзначаліць святую Імшу на лузе перад знакамітым Гротам і прыме ўдзел у малітоўнай працэсіі са свечкамі, а затым наведае Мец, дзе будзе цэлебраваць Эўхарыстыю ў мясцовым катэдральным касцёле святога Стэфана.

Аляксандр Панчанка — беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку