У Гродне з 24 па 26 мая праходзіў Эўхарыстычны кангрэс. Яго правядзенне было прымеркаванае да 25-гадовага юбілею ўтварэння Гродзенскай дыяцэзіі і аднаўлення касцельных структур у Беларусі.
Таксама ў гэтыя дні біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Аляксандр Кашкевіч адзначыў 25-годдзе атрымання біскупскай паслугі: «Гэты кангрэс, гэты вялікі юбілей – 25-годдзе існавання Гродзенскай дыяцэзіі ёсць тым момантам, калі можам падзякаваць Пану Богу за ўсе ласкі, за ўсе дары, якія гродзенскі касцёл атрымаў за гэты час. Зараз складана адбудоўваць храмы, але адбудаваць чалавека яшчэ больш складаная справа.»
Кіраўнікі Гродзенскай дыяцэзіі бачаць развіццё Касцёла ў новых пакліканнях. Зараз назіраецца некаторы крызіс, менш хлопцаў стала паступаць у семінарыі, але з Божай дапамогай гэта можна пераадолець. Біскуп Аляксандр Кашкевіч лічыць, што галоўную ролю ў гэтым павінна іграць сям’я: «Перш за ўсё мы молімся, каб былі добрыя пакліканні да святарства, да манаства. А найперш мы павінны маліцца, каб былі моцнымі Богам нашыя сем’і, каб верылі ў Бога. І тады, калі будуць добрыя сем’і, то будуць і добрыя пакліканні.»
«Я яшчэ з тых пакліканняў, калі за іх маліліся, прасілі, нават штурм неба быў з боку старэйшага пакалення, — адзначыў біскуп Юзаф Станеўскі. — Можа зараз замала людзі моляцца, але з нашага боку робіцца ўсё, праводзяцца рэкалекцыі для маладых хлопцаў, каб яны распазналі гэту дарогу.»
Задачу Каталіцкага Касцёла іерархі бачаць найперш у тым, каб ісці да людзей, бо не храмы з’яўляюцца галоўнай каштоўнасцю Касцёла, а самі вернікі.
«Мы ў гэтае новае 25-годдзе павінны зноў ісці да чалавека, шукаць чалавека, абвяшчаць чалавеку. Гэтаму чалавеку, які перагружаны праблемамі сучаснага свету, сказаць яму, што з’яўляецца сапраўднай істотай жыцця чалавека. Усе праблемы можна пераадолець, але толькі з Хрыстом,» — сказаў біскуп Юзаф Станеўскі.
З кіраўнікамі Гродзенскай дыяцэзіі згодны і іншыя біскупы Касцёла ў Беларусі. У прыватнасці, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB лічыць: «Гэта павінна стаць запрашэннем да ўсіх нас, каб ацаніць дар прысутнасці Езуса, дар аднаўлення новых святынь. Каб яны не сталі такімі маўзалеямі, як на сёння ёсць маўзалей Леніна, куды людзі прыходзяць, каб паглядзець, і выходзяць з пустым сэрцам. Каб нашы святыні былі жывымі святынямі, дзе людзі напаўняюцца Божай ласкай.»
Віцебская дыяцэзія з’яўляецца самай маладой у Беларусі. Нядаўна яна адзначыла сваё пятнаццацігоддзе. Таму яе кіраўнік біскуп Алег Буткевіч лічыць, што мы можам у якасці прыкладу ўзяць для сябе той лепшы досвед, які ёсць у Гродзенскай дыяцэзіі: «Вяртанне да тых каранёў, да тых традыцый, гэта той прыклад, які мы можам пераняць, які павінны цаніць. Тое, што было здабыта, абаронена коштам свайго жыцця нашымі продкамі, гэта той прыклад, які мы можам пераняць і ў Гродзенскай дыяцэзіі. У свой час мы былі ў аднолькавых умовах, калі касцёл быў пераследаваны. Тут на гэтай тэрыторыі больш захавалася хрысціянскай традыцыі, хрысціянскіх каранёў, у нас сітуацыя крыху горшая, але карыстаемся той самай Божай ласкай, Божай дапамогай, таму можам разлічваць, што і ў нас гэта развіццё будзе.»
Кангрэс закончыўся ў чацвер 26 мая. У гэты дзень Каталіцкі Касцёл адзначыў свята Божага Цела. З гэтай нагоды ў гродзенскай катэдры адбылася ўрачыстая святая Імша, якую ўзначаліў папскі легат кардынал Зянон Грахалеўскі.
Пасля Імшы вернікі прайшлі працэсіяй па вуліцах Гродна. У ёй прынялі ўдзел некалькі тысяч чалавек.
Напрыканцы хочацца выказаць надзею, што Эўхарыстычны кангрэс, які прайшоў у гэтыя дні ў Гродне, стане падзеяй, якая дасць яшчэ адзін штуршок да ўмацавання веры і развіцця Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне.
Зміцер Лупач, тэкст і фота
Леанід Юрык, відэа
У Гродне адбылося адкрыццё Эўхарыстычнага кангрэсу (+відэа)>>
Першы дзень Эўхарыстычнага кангрэсу ў Гродне завершыўся Імшой у катэдры>>
У Гродне працягвае працу Эўхарыстычны кангрэс (+відэа)>>
Эўхарыстычны кангрэс: што немагчыма для чалавека – магчыма для Бога (+відэа)>>
Гродна: апошні дзень Эўхарыстычнага кангрэсу (+відэа)>>
