Эўхарыстычны кангрэс: што немагчыма для чалавека – магчыма для Бога (+відэа)

Grodna_euxarystychny_kangres_daklad01У сераду, 25 мая, у катэдральным касцёле ў Гродне арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прачытаў даклад: “Адраджэнне Касцёла ў Беларусі як дар Божай Міласэрнасці”.

Гэта адбылося на Эўхарыстычным кангрэсе, які праходзіць у Гродне з 24 па 26 мая і прымеркаваны да святкавання 25-гадовага юбілею Гродзенскай дыяцэзіі.

Іерарх адзначыў, што Каталіцкі Касцёл у Беларусі мае больш як тысячагадовую гісторыю. Гісторыя гэта была часам вельмі драматычнай. Касцёл шмат пацярпеў падчас знаходжання Беларусі ў складзе Расійскай імперыі, а яшчэ большыя ганенні ён зазнаў падчас ваяўнічага атэізму пры савецкай уладзе. У гэты час касцёлы не толькі зачыняліся для вернікаў, але знішчаліся самі будынкі храмаў.

Такі лёс напаткаў старэйшы касцёл у Гродне – Фару Вітаўта, якая была ўзарваная 21 лістапада 1961 года. Улады хацелі зачыніць і цяперашні катэдральны касцёл, але яго адстаялі вернікі, якія леглі крыжам на падлогу храма.

Grodna_euxarystychny_kangres_daklad06

Сітуацыя стала мяняцца пасля 1988 года, калі пры гарбачоўскай перабудове ўлада стала мяняць свае адносіны да вернікаў. Дарэчы, у гэтым годзе будучы арцыбіскуп стаў пробашчам гэтага касцёла. Сітуацыя з верай у краіне была тады няпростая. На захадзе Беларусі два пакаленні вернікаў былі пазбаўлены нармальнага рэлігійнага жыцця, на ўсходзе – тры пакаленні.
Ва ўсходняй Беларусі не было наогул дзеючых храмаў, у заходняй яшчэ дзейнічалі нешматлікія касцёлы. Здавалася, пройдзе яшчэ крыху часу, і ўсё спыніцца, Касцёла на Беларусі больш не будзе.

Але тое, што немагчыма для чалавека, магчыма для Бога. Рухнула камуністычная сістэма, якая лічыла сябе вечнай і адзінаправільнай. 13 красавіка 1991 года Папа святы Ян Павел ІІ падпісаў дакумент аб утварэнні на тэрыторыі Беларусі трох дыяцэзій. Гэта былі Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Пінская і Гродзенская дыяцэзіі. Віцебская дыяцэзія будзе ўтворана пазней.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч вельмі ўдзячны Пану Богу, што дазволіў яму быць каля вытокаў адраджэння Касцёла ў Беларусі і прымаць у гэтых падзеях самы непасрэдны ўдзел. За два гады, з 1989 па 1991 год, у Беларусі ўдалося вярнуць больш за сто касцёлаў, запрасіць з-за мяжы некалькі дзесяткаў святароў, адкрыць духоўную семінарыю ў Гродне, якая падрыхтавала ўжо больш за 200 ксяндзоў.

Дарэчы, пра ўтварэнне Гродзенскай дыяцэзіі размовы вяліся яшчэ пасля Першай сусветнай вайны, гэта пытанне падымалася і ў 30-х гадах мінулага стагоддзя, але яго вырашэнню перашкодзіла вайна. І толькі ў 1991 годзе ў Гродне нарэшце з’явіўся свой біскуп. Ім стаў Аляксандр Кашкевіч, які кіруе дыяцэзіяй да гэтага часу.

Зараз Гродзенская дыяцэзія мае амаль паўтары сотні касцёлаў, тут працуе больш за дзве сотні святароў. Яна ўпэўнена глядзіць у будучыню і гатова супрацьстаяць новым выклікам.

Напрыканцы канферэнцыі ўдзельнікі памаліліся за святароў, што аддалі свае жыцці за веру, а таксама прынялі ўдзел у богаслужэнні грэка-каталіцкага абраду.

Зміцер Лупач, тэкст і фота
Леанід Юрык, відэа

для друку для друку