Гродна: апошні дзень Эўхарыстычнага кангрэсу (+відэа)

Grodno_euxarystychny_kangres_3 dzen2Апошні дзень Эўхарыстычнага кангрэсу ў Гродне быў прысвечаны значэнню Божай Міласэрнасці для сучаснага грамадства.

З рэфератам на гэтую тэму выступіў папскі легат кардынал Зянон Грахалеўскі.

Падзея адбылася 26 мая ў Гродзенскай семінарыі ў зале Яна Паўла ІІ.

У сваім дакладзе кардынал звярнуў увагу на тры аспекты Божай міласэрнасці. Гэта, па-першае, Бог ёсць міласэрны, па-другое, мы патрабуем Божай міласэрнасці, па-трэцяе, маючы ў сабе Божую міласэрнасць, мы і самі павінны быць міласэрнымі да іншых.

Іерарх падкрэсліў, што ў сучасным свеце міласэрнасць часта трактуецца як праяўленне слабасці. Але што датычыцца Бога, то міласэрнасць – гэта не праява слабасці Бога, а, наадварот, праява яго усемагутнасці. І тое, што Бог паслаў свайго адзінага сына на смерць за чалавечыя грахі, ёсць праявай Божай міласэрнасці, а Езус – аблічча міласэрнасці Бога.

Grodno_euxarystychny_kangres_3 dzen5

Але не трэба думаць, перасцярог кардынал, што Бог – гэта нейкі добры дзядуля, і ён усё прабачыць. Чалавек мусіць заслужыць сваімі ўчынкамі на атрыманне гэтай міласэрнасці. І тут павінна быць адчуванне сваёй віны, гатоўнасць прабачыць іншаму чалавеку.

– Прабачэнне – гэта сіла, якая дае нам новае жыццё, – падкрэсліў кардынал. У якасці прыкладу ён прывёў словы з малітвы “Ойча наш”: “…і прабач нам правіны нашы, як і мы прабачаем вінаватым нашым”.

– Заўважце, – адзначыў іерарх, – што мы просім Бога прабачыць нам нашы правіны, як мы самі прабачаем іншым людзям. Атрымоўваецца, калі мы гэтага не робім, то ў малітве самі просім Бога пакараць нас за нашы правіны. Бо мы ж кажам: прабач, як і мы прабачаем.

Кардынал Зянон Грахалеўскі звярнуў увагу на тое, што ёсць добрыя ўчынкі для цела, а ёсць і для душы. І найбольшы міласэрны ўчынак для бліжняга – гэта ўзмоцніць яго веру. Таму абвяшчэнне Евангелля – ёсць найважнейшым учынкам для душы бліжняга.

Папскі легат таксама засцярог ад фальшывай міласэрнасці, калі мы бачым, як чалавек грашыць, але не кажам яму пра гэта, баючыся яго пакрыўдзіць. У якасці прыкладу ён прывёў бацькоў, якія бачаць, што іх дзеці жывуць без шлюбу, але не кажуць ім пра тое, каб не пакрыўдзіць.
Кардынал параўнаў веру чалавека з ноччу. На першы погляд параўнанне дзіўнае. Але ён патлумачыў, што днём чалавек бачыць усё дакладна, але яго кругагляд абмежаваны. Ноччу ж мы бачым менш дакладна, але бачым вельмі далёка, бачым нават святло далёкіх зорак.

На заканчэнне свайго выступу ён адзначыў, што Эўхарыстыя, калі хлеб і віно ператвараюцца ў Цела і Кроў Хрыста, ёсць найвышэйшай праявай Божай міласэрнасці.
Ён адказаў таксама на пытанні, якія ўзніклі ў слухачоў пасля яго выступу.

Напрыканцы дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі правёў падсумаванне Эўхарыстычнага кангрэсу, які праходзіў у Гродне з 24 па 26 мая, і папрасіў кардынала Зянона Грахалеўскага ўдзяліць прысутным Божае блаславенне.

Зміцер Лупач, тэкст і фота
Леанід Юрык, відэа

для друку для друку