Беларускае слова і вера: удзел Каталіцкага Касцёла ў Дні пісьменства ў Касцюковічах

5–6 верасня 2026 года Касцюковічы становяцца цэнтрам нацыянальнай увагі: тут праходзіць XXXIII Дзень беларускага пісьменства — свята, якое аб’ядноўвае гісторыю, культуру, духоўнасць і сучасныя творчыя ініцыятывы. Сёлета ўдзел Каталіцкага Касцёла ў праграме — асабліва выразны, глыбокі і шматпластовы: ад літургічнага сведчання да выдавецкай і сацыяльнай прысутнасці.

Цэнтральнай падзеяй першага дня святкавання стане святая Імша ў касцёле Святой Тройцы, якая будзе цэлебравацца 5 верасня як малітва за Беларусь, Магілёўшчыну і ўсіх, хто служыць чалавеку праз культуру, адукацыю і творчасць.

На ўрачыстасць запрошаны арцыбіскуп Юзэф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска‑Магілёўскі і біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, Генеральны вікарый Прыдняпроўскага краю.

Іх супольная малітва падкрэслівае: беларуская культура і духоўнасць заўсёды ішлі поруч, а слова ў нашай традыцыі — гэта не толькі мастацтва, але і шлях да праўды, еднасці і служэння чалавеку.

«Для Магілёўшчыны гэтае свята мае асаблівае значэнне. Яно нагадвае нам, што беларускае слова — гэта не толькі культурны скарб, але і духоўная спадчына, якая фармуе наш народ, умацоўвае яго годнасць і адкрывае шлях да еднасці. Таму святая Імша ў Касцюковічах — гэта наш духоўны дар Беларусі. Мы молімся за ўсіх, хто стварае, захоўвае і перадае беларускае слова, за ўсіх, хто служыць праўдзе і дабрыні. А прысутнасць выдавецтва “Pro Christo” сведчыць, што Касцёл не аддалены ад культурнага жыцця краіны, але з’яўляецца яго часткай і партнёрам. Няхай беларускае слова будзе чыстым, моцным і свабодным, вядзе нас да супакою і святла» — адзначыў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.

Хоць Каталіцкі Касцёл падрыхтаваў шырокую праграму ўдзелу, арганізатары выбралі для афіцыйнай прэзентацыі менавіта ВУП выдавецтва «Pro Christo», заснавальнікам якога з’яўляецца Мінска‑Магілёўская архідыяцэзія.

Такім чынам, у цэнтры каталіцкай экспазіцыі — кніга, як знак культуры, духоўнасці і служэння слову.

Што прадставіць «Pro Christo»: кнігі па духоўнасці і катэхезе, літаратуру пра беларускіх святых і благаслаўлёных, выданні для дзяцей і моладзі, даследаванні па гісторыі Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, матэрыялы для сямейнага выхавання і душпастырства.

Прысутнасць «Pro Christo» падкрэслівае значны ўнёсак Касцёла ў развіццё беларускай кніжнай культуры і яго ролю ў фармаванні духоўнай асветы.

Хоць афіцыйны выбар арганізатараў спыніўся на «Pro Christo», Каталіцкі Касцёл падрыхтаваў значна больш шырокую праграму ўдзелу — як сведчанне таго, што яго місія выходзіць далёка за межы кнігі.

Рада па справах сям’і жадала праставіць:

  • літаратуру па сямейнай духоўнасці;
  • матэрыялы для бацькоў і выхавацеляў;
  • кнігі пра хрысціянскае выхаванне дзяцей.

“Caritas” падрыхтаваў інтэрактыўную пляцоўку для дзяцей і моладзі:

  • адукацыйныя гульні;
  • творчыя майстэрні;
  • праекты па развіцці эмпатыі і салідарнасці.

Салезіянская Кангрэгацыя планавала прадставіць:

  • анімацыйныя праграмы;
  • духоўна-адукацыйныя матэрыялы;
  • інтэрактыўныя сустрэчы і майстар-класы для моладзі.

Гэтыя ініцыятывы сведчаць: Касцёл служыць чалавеку ўсебакова — праз духоўнасць, адукацыю, сацыяльную падтрымку і моладзевую анімацыю.

Сёлета Дзень пісьменнасці праходзіць пад знакам важных тэм:

  • Год беларускай жанчыны;
  • 85‑я гадавіна пачатку Вялікай Айчыннай вайны;
  • юбілеі класікаў беларускай літаратуры;
  • пяцігодка якасці.

У праграме — Фестываль кнігі і прэсы, Павільён рэдкай кнігі, «Кабінет пісьменніка», інтэрактыўная прэзентацыя «Ад берасцяной граматы — да сучасных рэалій», а таксама новая экспазіцыя «Пісьмянкоў луг», прысвечаная паэзіі і аўтарскай песні.

«Беларускае слова — гэта прастора, у якой наш народ на працягу стагоддзяў шукаў і знаходзіў сваю ідэнтычнасць, годнасць і духоўную моц. Дзень пісьменства нагадвае нам, што культура не існуе без духоўнага вымярэння, а духоўнасць не можа развівацца без культуры. Таму прысутнасць Каталіцкага Касцёла на гэтым святкаванні — натуральная і неабходная: мы жадаем быць там, дзе фармуецца чалавек, яго думка, яго сэрца. Няхай Божае слова і беларускае слова разам служаць адной мэце — будаванню супакою, еднасці і надзеі ў нашай краіне», — адзначыў арцыбіскуп Юзэф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска‑Магілёўскі.

XXXIII Дзень беларускага пісьменства ў Касцюковічах паказвае, што Каталіцкі Касцёл застаецца важнай часткай культурнай і духоўнай прасторы Беларусі. Праз літургію, выдавецкую дзейнасць і сацыяльныя ініцыятывы ён уносіць у свята свой голас — голас надзеі, еднасці і служэння чалавеку.

Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB

для друку для друку