Дзесяць гадоў разам. Гісторыя кахання Віталя і Вольгі Заянчкоўскіх

Аднойчы на старонцы хрысціянскага блогера я прачытала такую думку: «Мая жонка – самая вялікая мая каштоўнасць. Я хачу быць моцным, каб несці яе на руках па дарозе да неба. Аднак дастаткова часта я вельмі слабы. І тады ёй даводзіцца несці на руках мяне”.

…Жанчына. Яна маленькая, далікатная, пяшчотная і шчырая. Але адначасова моцная, нязломная, здольная змяняць, трансфармаваць, падымаць і несці новае жыццё. Гэта самае прыгожае і ўнікальнае стварэнне Бога. Жаночыя рукі абдымаюць каханых, пякуць хлеб, бласлаўляюць дзяцей. Здаецца, што Бог надзяліў жанчыну паўнатой дабрыні, прыгажосці і цнатлівасці, а таксама зрабіў яе правадніком да святла. Яна, нібы самая прыгожая кветка ў райскім садзе, прыцягвае да сябе, трапляе ў думкі і сэрца свайго мужа. У сям’і яна з’яўляецца галоўным апосталам, здольным данесці добрую навіну да ўсіх, хто знаходзіцца побач.

Сям’я Заянчкоўскіх утварылася дзесяць гадоў таму. 2 жніўня 2014 года Віталь і Вольга ў астравецкім касцёле Узвышэння Крыжа шлюбавалі адно аднаму любоў, вернасць і сужэнскую павагу. Оля і сёння памятае той спякотны летні дзень, які стаў цэнтральным у яе жыцці. Прымаючы сакрамант, яна вельмі хвалявалася, бо ведала, што гэты крок з’яўляецца лёсавызначальным.

Сямейнае жыццё пара вырашыла будаваць з Богам

Касцёл аб’ядноўвае

Гісторыя маладой сям’і пачалася менавіта з гэтага касцёла. Віталь і Вольга прыгадваюць дзень свайго першага спаткання. Стаяла дрэннае надвор’е, ішоў дождж. Хлопец і дзяўчына адчувальна хваляваліся. Падыходзячы да месца сустрэчы, Оля заўважыла высокага юнака з чырвонай ружай, які нервова пераступаў з нагі на нагу. Сустрэўшыся, маладыя людзі вырашылі прайсціся па горадзе, а пасля Оля прапанавала зайсці ў касцёл. Пара размясцілася на апошніх лаўках. Атмасфера, што панавала ў храме, спрыяла наладжванню трывалай сувязі. Першае спатканне аказала ўражанне і на хлопца, і на дзяўчыну. Тады ў іх сэрцы сталі зараджацца зернейкі закаханасці.

На першым спатканні

Аднак жнівень мінуў хутка. Дзяўчына была вымушаная вяртацца ў Мінск на вучобу. Ва ўніверсітэце пачалося звычайнае жыццё, напоўненае лекцыямі, залікамі і экзаменамі. Кіламетры раздзялялі закаханых. Яны не маглі часта бачыцца і сустракацца, але штодня размаўлялі па тэлефоне, абменьваліся ўражаннямі, расказвалі пра свой дзень. А ў нядзелю Віталь прыязджаў у Мінск. Ён ніколі не прыходзіў на спатканне без букета. Акрамя кветак, стараўся арганізаваць для Олі цікавую праграму, пара наведвала культурныя месцы. Традыцыйна спатканне маладыя людзі пачыналі з наведвання святой Імшы. На кожнае свята хлопец рыхтаваў для сваёй каханай нейкі сюрпрыз і нават прысвячаў вершы. Тыя шчырыя вершаваныя творы Оля захоўвае і сёння, час ад часу перачытваючы і заглыбляючыся ва ўспаміны. Разам з Віталікам дзяўчына адчула сябе асабліва каштоўнай, прыгожай. З хлопцам было пра што пагаварыць. Не было ў яго характары ні нахабства, якое так не падабалася дзяўчыне, ні манеры кіраваць і кантраляваць. У асобе свайго абранніка яна знайшла яшчэ і надзейнага сябра, дарадцу.

Сустрэўшы Вольгу, змяніўся і сам Віталь. Раней ён не меў звычкі сістэматычна наведваць касцёл, але прыклад каханай захапіў яго. Ён зразумеў, што вера і касцёл для яго абранніцы не пустыя рэчы, а важная частка жыцця.

Два шляхі ў адну дарогу

У 2013 годзе Оля скончыла ўніверсітэт, вярнулася працаваць у Астравецкі раён. Гэтая акалічнасць абрадавала закаханых: цяпер яны маглі больш часу прысвячаць адно аднаму, часцей сустракацца. Дзяўчына пачала разумець, што Віталь – менавіта той чалавек, з якім ёй хочацца пражыць усё жыццё. Праз розныя сітуацыі ён даказаў, што не пакіне, не здрадзіць і не параніць яе пачуцці.

Маці Божая спадарожнічае маладой сям’і

Новы 2014 год пара сустракала ў адной з кавярняў Астраўца. У навагодні вечар маладыя людзі шмат жартавалі і смяяліся, аднак Олю насцярожвалі паводзіны хлопца, які ўвесь час нерваваўся і паводзіў сябе не так, як заўсёды. Падавалася, што яго турбуе штосьці сур’ёзнае. Праз некаторы час ён знік, не патлумачыўшы прычыны. Оля засталася адна за столікам. Розныя думкі прыходзілі ў галаву.. Але Віталь вярнуўся і папрасіў дзяўчыну выйсці на вуліцу. Ля кавярні было вельмі прыгожа: гарэлі агеньчыкі гарадской ілюмінацыі, кружыў лёгкі сняжок, а ў паветры адчуваўся водар чысціні. Пара накіравалася да вадаёма, які знаходзіўся непадалёк. Хлопец папрасіў сваю спадарожніцу заплюшчыць вочы. Калі падышлі бліжэй, Оля расплюшчыла вочы і не магла паверыць, што ўсё гэта рэальна: – акурат ля вады размяшчалася вялізнае сэрца, складзенае з чырвоных свечак. Маладыя людзі ўвайшлі ў цэнтр кампазіцыі, юнак стаў на адно калена, дастаў з кішэні адмысловую аксамітную скрыначку з пярсцёнкам і прапанаваў дзяўчыне стаць яго жонкай. Дзявочае сэрца перапаўнялі нязвыклыя эмоцыі, а ў вачах стаялі слёзы. Не думаючы, яна дала станоўчы адказ. Пасля нарачоныя запусцілі ў неба чырвоны шар у форме сэрца. Некалькі хвілін яны назіралі за тым, як павольна шар падымаўся ўвысь, а пасля знік з поля зроку.

Плёны

Віталь з захапленнем глядзеў на сваю жонку, бачыў яе дабрыню і вялікае жаданне далучыць яго да веры. І таксама імкнуўся рабіць крокі да добрага хрысціянскага жыцця: пара супольна наведвала нядзельныя святыя Імшы, удзельнічала ў набажэнствах і парафіяльных урачыстасцях, сістэматычна прыступала да сакраманту споведзі. У хуткім часе ў сужэнцаў нарадзілася доўгачаканая дачушка Маргарыта, якая яшчэ больш умацавала іх адносіны. Малады бацька імкнуўся ва ўсім дапамагаць жонцы. Ноччу, калі нованароджаная не спала, Віталь сам уставаў да яе, даючы магчымасць адпачыць Вользе. Такія маленькія ўчынкі гаварылі пра шчырае каханне гучней за любыя словы, прызнанні і падарункі. Калі Вольга хварэла, муж сам звязваўся з урачамі, шукаў адпаведнага лячэння. А ў моманты, калі Оля перажывала непрыемнасці, ён шчыра абдымаў жонку, стараючыся супакоіць і дапамагчы забыцца пра негатыўныя жыццёвыя перыяды. Оля прызнаецца, што сёння муж для яе – надзейная падтрымка і апора, самы блізкі і родны чалавек.

Сям’я — месца сілы і радасці

Другога жніўня 2024 года пара адзначыла дзясятую гадавіну шлюбу. За дзесяць гадоў многае змянілася ў жыцці сужэнцаў. Яны прайшлі праз розныя выпрабаванні, якія дапамаглі перарасці закаханасці ў пачуццё любові – сапраўднай і чыстай. Ва ўрачыстасць Маці Божай Тракельскай у марыйным санктуарыі Віталь і Вольга аднавілі абяцанні, дадзеныя дзесяць гадоў таму. Словы сужэнскай клятвы ў гэты момант успрымаліся імі па-іншаму, больш разважліва і ўсвядомлена. Віталь бачыў побач не толькі жонку, а жанчыну, якая прывяла яго да Бога, дапамагла зразумець бясконцую любоў і дабрыню ўсемагутнага Айца. Оля бачыла ў сваім спадарожніку чалавека, які штодня пацвярджае шлюбную клятву маленькімі ўчынкамі: прыгатаваным сняданкам, клопатам пра дачку, шчырасцю і ўменнем прабачаць.

У дзень аднаўлення сужанскіх абяцанняў

Праз некалькі месяцаў васьмігадовая Маргарыта прыступіць да Першай Камуніі. Ужо сёння разам з бацькамі яна рыхтуецца да гэтай падзеі. Зусім нядаўна дзяўчынка стала ўдзельніцай дзіцячага хору пры парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Астраўцы. Маргарыце падабаецца развучваць новыя песні і спяваць на Божую хвалу. Бацькі радуюцца поспехам дачушкі, яе імкненню да духоўнага развіцця і пазнання новага. Маргарыту бацькі называюць Божым дарам і плёнам сапраўднай любові, бо разам з дзяўчынкай расло і каханне ў сям’і, умацоўваліся шчыры давер і трывалыя адносіны паміж бацькамі.

Марта Венславовіч
Фота з архіву сям’і Заянчкоўскіх

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі