Некаторы час таму ў рэдакцыю патэлефанавала жанчына. Яна прапанавала напісаць невялікі матэрыял пра яе родзічаў, якія былі ўдзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны. Тэма мяне зацікавіла, і я запрасіла яе на размову. Праз колькі дзён мы сустрэліся. Мая суразмоўца расказала шмат цікавых фактаў, што датычыліся ветэранаў. Матэрыял у хуткім часе выйшаў у друк.
Потым, пасля выхаду газеты, жанчына зайшла па фотаздымкі, якія давала для матэрыялу. Яна выказала ўдзячнасць за артыкул, а пасля спытала: “Ці магу я задаць Вам асабістае пытанне?” Я станоўча кіўнула галавой. Жанчына працягнула: “Я не бачу на Вашым пальцы заручальнага пярсцёнка. Вы адна?” Я з усмешкай зноў кіўнула галавой. Мая суразмоўца патлумачыла: “Я хацела, каб матэрыял пісалі менавіта Вы. Так я магла з Вамі пазнаёміцца. У мяне ёсць сын. Яму 39 гадоў. І ён да гэтага часу не мае сям’і. Можа ў Вас штосьці атрымалася б”. Апошнія словы моцна здзівілі. На нейкі момант я нават страціла здольнасць гаварыць. “Ну вы адразу не адмаўляйце, падумайце”, – заклікала мая суразмоўца. На гэтым мы развіталіся.
Мамы… Часам яны ідуць на рызыку, робяць нелагічныя і незразумелыя рэчы, ахвяруюць сіламі і здароўем, забываюць пра сябе. І ўсё гэта дзеля сваіх дзяцей. Яны засланяюць ад жыццёвых скразнякоў і любяць безумоўнай любоўю, не звяртаючы ўвагу на статус і ўзрост сваіх дзяцей. Часам у іх не ўсё атрымліваецца ў выхаванні, і іх дзеці вырастаюць залежнымі ад алкаголю, маюць праблемы з законам, вядуць амаральны лад жыцця. Аднак гэтыя акалічнасці не памяншаюць матчынай любові, а хутчэй, наадварот, павялічваюць. Аднак дзеці не заўсёды належным чынам ацэньваюць гэтыя клопат і апеку.
Аднойчы дзесяцігадовы хлопчык вырашыў, што зараз за свае паслугі будзе патрабаваць плату ад мамы. Ён склаў адмысловы спіс з “расцэнкамі”: заправіць ложак, напрыклад, каштавала пяць рублёў, а схадзіць у краму – дзесяць. Пасля гэты спіс ён перадаў маме. Яна з цікавасцю прачытала ўсё, што там было напісана. Праз некалькі хвілін яна выйшла з пакою. Хлопчык здзівіўся, што яна нічога не адказала. Пасля мама вярнулася і паклала лісток на стол. Павярнуўшы лісток, хлопчык убачыў новы спіс. Там быў наступны тэкст: “Калыхала цябе ноччу – 0 рублёў, лячыла, калі ты хварэў – 0 рублёў, вучыла цябе хадзіць і гаварыць – 0 рублёў”. У спісе было шмат пунктаў, аднак каля кожнага пункта стаяў 0.
Гэтая гісторыя сведчыць пра тое, што ніхто ў жыцці, напэўна, не будзе любіць нас больш, чым мама. Яна і сябра, і дарадца, і анёл. Яе клопат і апека ўспрымаюцца як штосьці натуральнае і звычайнае. Нам складана знайсці час на тое, каб паразмаўляць, папіць разам гарбаты.
Зусім хутка скончыцца самы прыгожы вясновы месяц – май. Ён асаблівым чынам нагадвае кожнаму пра важнасць мамы – Нябеснай і зямной. Варта знайсці час на тое, каб памаліцца на ружанцы за тую жанчыну, якая дала жыццё і прывяла да Бога.
Марта Венславовіч
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!