Сэрца, укладзенае ў прыгажосць. Гісторыя парафіяльнай супольнасці святога Францішка ў вёсцы Копішча

Прыйшоўшы ў касцёл, мы акцэнтуем увагу на малітве. Аздобленая касцельная тэрыторыя, чысціня святыні, свежыя кветкі ля алтара – усё гэта падаецца простым, натуральным і звычайным. Аднак за гэтым стаіць праца людзей, якія дбаюць пра чысціню, парадак і прыгажосць у святыні. Многія парафіяне нярэдка з’яўляюцца ваярамі нябачнага фронту: яны ціха робяць сваю справу, не прыцягваючы ўвагі іншых. Але без іх працы Божы Дом выглядаў бы зусім інакш. У рубрыцы “Касцёл і людзі” мы якраз і пазнаёмім нашых чытачоў з такімі асобамі.

У парафіі святога Францішка, што знаходзіцца ў вёсцы Копішча Мінскага раёна, заўсёды прыгожа і ўтульна. Адчуваецца тут штосьці цёплае, простае, традыцыйнае. Зразумела, звязана гэта з архітэктурай храма, якая адсылае да старажытнага беларускага дойлідства. Пра тое нагадваюць шматлікія элементы. Акрамя гэтага, самабытнасць надаюць вышываныя абрусы, палявыя кветкі на алтары, адмысловы літургічны посуд, зроблены з гліны, а таксама вазы толькі з натуральнага матэрыялу. Кожны, хто наведвае касцёл, адчувае тут францысканскі дух прастаты ў розных дэталях. Аднак парафіяне ведаюць, што нават прастата павінна быць з густам.

5 мая 2023 года для жыхароў вёскі адбылася знакавая падзея: быў кансэкраваны касцёл. На працягу доўгага часу ішла руплівая падрыхтоўка. Парафіяне клапаціліся, каб у гэты дзень панавала ўрачыстая і ўзнёслая атмасфера. Праз сумесную працу вернікі бліжэй знаёміліся, даведваліся пра здольнасці і таленты адно аднаго. Агульная дзейнасць збліжала і аб’ядноўвала. Пакрысе сталі ўтварацца групы, аб’яднаныя агульнай справай. Адны суполкі адказвалі за чысціню і парадак, іншыя – за музычнае суправаджэнне, яшчэ хтосьці – за эстэтычнае аздабленне літургіі.

Група па аздабленні літургіі была створаная з неабыякавых жанчын, сярод якіх мастацтвазнаўца Вераніка Раманенкава, медыкі Алена Грынкевіч, Вольга Дзямежка і Вера Жукавец, філолаг Ганна Гелагаева, псіхолаг Іна Сушко і праграміст Аляксандра Чалая. Аб’яднала гэтых жанчын адно: любоў да сваёй парафіі і жаданне зрабіць яе асаблівай. Ніводная з удзельніц групы на той момант не мела дачынення да фларыстыкі, аднак жаночы талент бачыць і ствараць прыгажосць дапамог справіцца з усімі цяжкасцямі.

Першае, што зрабіла каманда, гэта пазбавілася штучных вазаніц. Хацелася, каб посуд быў толькі з натуральных матэрыялаў – шкла, гліны. Кветкі для кампазіцый часта прыносілі парафіяне, якія мелі ўласныя лецішчы. Тыя, хто не меў свайго ўчастка, але хацеў дапамагчы, складаў ахвяраванні на кветкі. Тады дзяўчаты выпраўляліся на базы, дзе куплялі неабходную колькасць кветак. Сёння фларысткі канстатуюць, што для аздаблення касцёла патрабуецца некалькі вёдзер кветак.

Удзельнічаючы ў святой Імшы, жанчыны бачаць вынік сваёй працы, радуюцца першым поспехам, а таксама заўважаюць тыя моманты, якія хацелася б паправіць. У пэўны час творчая кагорта загарэлася ідэяй удасканаліць літургічны тэкстыль. Захацелася абнавіць абрусы, зрабіць іх больш самабытнымі і аўтэнтычнымі. Тады за справу ўзялася яшчэ адна парафіянка – Галіна Бекоева. Жанчына ніколі не займалася вышыўкай, шыццём прафесійна, аднак узялася за стварэнне абрусоў на ўсе літургічныя перыяды. Справа была працаёмкай, патрабавала шмат сілы і часу. Але, як зазначаюць парафіяне, цяпер абрусы дапаўняюць прыгажосць літургіі.

На гэтым праца не спынілася. Крыху пазней узнікла ідэя стварыць літургічны посуд з гліны. У хуткім часе яна была рэалізаваная Наталляй Арцішэўскай, а керамічныя вазы для касцёла стварыла Алеся Козіч.

Жывыя кветкі, натуральныя матэрыялы – усё гэта па-сапраўднаму ажывіла літургію. Нават першакамунійныя строі для дзяцей выканалі з ільну.

З асаблівым імпэтам парафіяне рыхтуюць дэкарацыі да галоўных хрысціянскіх святаў – Вялікадня і Раства. Вулічная парафіяльная батлейка, напрыклад, стала сапраўднай скарбніцай артэфактаў. Кожная дэталь тут – сімвалічная і аўтэнтычная. Езус, напрыклад, быў пакладзены ў ночвы. Некалі менавіта ў начоўках у беларускіх сялянскіх хатах калыхалі дзяцей. Рэквізіт быў прывезены адной з парафіянак з роднай вёскі. Крэслы, абрусы, дыванкі – гэтыя прадметы з’яўляюцца сапраўднымі сведкамі мінуўшчыны, яны ствараюць атмасферу хатняга цяпла і сувязі пакаленняў. На Вялікдзень фігура Хрыста накрываецца тканымі посцілкамі – пасагам адной з парафіянак.

Важную ролю ў дзейнасці парафіі адыгрываюць апекуны – браты-капуцыны. Заснавальнік парафіі і нястомны клапатлівы брат Алег Шэнда OFMCap, а таксама пробашч брат Іван Садоўскі OFMCap падтрымліваюць парафіян, кансультуюць у складаных пытаннях. Яны з’яўляюцца духоўнымі настаўнікамі і натхняльнікамі для ўсёй супольнасці.

Парафія святога Францішка з’яўляецца яркім прыкладам таго, як агульная справа, заснаваная на веры, любові да традыцый і творчасці, аб’ядноўвае людзей і стварае непаўторную атмасферу хатняга цяпла і духоўнай прыгажосці.

Марта Венславовіч

для друку для друку