Дзеясловы з суфіксамі -ірава- (-ырава-) і -ава- (-ява-) у сучаснай беларускай мове (працяг)

У папярэднім артыкуле мы сцісла апісалі праблему, якая паўстае пры выкарыстанні ў сучаснай беларускай мове дзеясловаў з пазначанымі вышэй фармантамі. Таксама мы акрэслілі некаторыя тэарэтычныя аспекты дадзенага пытання, прывялі меркаванні аўтарытэтных лінгвістаў.

Сёння ж прааналізуем мэтазгоднасць ужывання ў нашай мове дзеясловаў з суфіксамі -ірава- (-ырава-) і -ава- (-ява-) на канкрэтных прыкладах.

Адным з асноўных крытэрыяў мэтазгоднасці ўжывання таго ці іншага фарманта з’яўляецца яго частотнасць на старонках перыядычных выданняў. Бо сродкі масавай інфармацыі надзвычай хутка рэагуюць на ўсе змяненні, што адбываюцца ў мове ў пэўны перыяд, адлюстроўваюць яе аб’ектыўны стан. Мова СМІ сёння адыгрывае найважнейшую ролю ў працэсе замацавання тых ці іншых лінгвістычных фактаў. І мы можам канстатаваць імклівае пашырэнне сферы і частотнасці выкарыстання суфікса -ава– (-ява-) у друку.

Дынаміка словаўжывання ўказвае сёння на высокую прадуктыўнасць гэтага фарманта ў публіцыстычным дыскурсе. Возьмем мікракантэксты з розных медыяў за апошнія дзесяць гадоў. Так, газета “Звязда” піша: Міністр, які таксама трапіў у “чорны спіс”, не стаў каментаваць факт свайго ўключэння ў яго (3.02.11); Жылфонд перастане субсідавацца дзяржавай… (28.04.12); Цяпер адрэпетаваць ЦТ можна і на камп’ютары! (29.01.13); Спачатку ягады сартуюць, мыюць, засыпаюць цукрам… (18.06.13).

Актыўна выкарыстоўваюцца дзеясловы на –ава- (-ява-) у розных граматычных формах і на старонках “Нашай нівы”: Першая такая гарадская электрычка пачне курсаваць… у другой палове 2011 года (30.03.11); Падпольная арганізацыя… базавалася ў Наваградку і дзейнічала ў 1946 – 1947 г.г. (31.08.11); Калі ў Еўропе аперуюць лічбамі 1-3% гадавых, то ў нас – нашмат большымі (14.09.11). Для аб’ектыўнасці карціны – пару кантэкстаў з асабовымі формамі іншамоўных дзеясловаў без элемента –ір— з іншых выданняў: Забароненыя сходкі маскуюцца пад святочныя гулянні (Новы час, 28.01.11); Пракаментуем і некаторыя канкрэтныя правілы згаданага алгарытму (Наша слова, 23.03.11). Прыкладаў можна прыводзіць яшчэ шмат. Адзначым, што зараз усё часцей ужываюцца ў мове формы дзеясловаў кшталту капіяваць, масажаваць прадусаваць, рэпетаваць, сканаваць, скандаваць і інш. А словаформы накшталт тэставаць або каментаваць паступова выцясняюць адпаведныя калькі з расейскай мовы з суфіксам –ірава-.

Пры дапамозе суфікса –ава- (-ява-) могуць утварацца дзеясловы, якія паказваюць на прафесію або спецыяльнасць таго, хто выконвае дзеянне, а таксама характарызуюць людзей паводле іх паводзін, сацыяльнага становішча, узаемаадносін, занятку: сталяраваць, майстраваць, патруляваць, пілатаваць, эквілібраваць, паразітаваць, сімуляваць, варагаваць, гасцяваць і інш. Дарэчы, прыгадаем у гэтым шэрагу і наватворы з мастацкай літаратуры: зухаваць –’праяўляць спрыт, ліхасць’ (Янка Брыль), праракаваць – прадказваць штосьці, выступаць прарокам (Кузьма Чорны), шпікаваць – сачыць за кім-небудзь, віжаваць (Іван Навуменка) і інш.

Дзеля аб’ектыўнасці адзначым, што некаторыя лінгвісты не вітаюць выкарыстанне ў нашай мове падобных формаў, матывуючы гэта цяжкасцю размежавання лексічнага значэння слова ў пэўных выпадках. Напрыклад, газаваць – “павялічваць хуткасць машыны” і “насычаць вадкасць газам” або фармаваць – “надаваць чаму-небудзь якую-небудзь форму пры апрацоўцы” і “штосьці выпрацоўваць, ствараць, арганізоўваць”. Проста ў падобных сітуацыях мы маем справу са звычайнай аманіміяй. Ніхто ж не ставіць пад сумнеў выкарыстанне ў нашай мове, напрыклад, назоўніка каса толькі таму, што ён мае не менш за чатыры значэнні. Або назоўніка летнік, які, паводле Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы мовы, мае тры значэнні. Таму і аналізаваныя намі сёння дзеяслоўныя формы на –ава— (-ява-) таксама варта ўспрымаць у пэўных выпадках як амонімы. І не прытрымлівацца штучных, неўласцівых нашай мове дэрыватаў. Бо напісанне іншамоўных дзеясловаў праз –ава- (-ява-) не змяняе лексічнага значэння гэтых асноў.

Можна сцвярджаць, што запазычаныя дзеясловы ў сучаснай беларускай мове ўсё часцей афармляюцца з дапамогай суфікса –ава— (-ява-). Гэта пацвярджаюць і тэрміналагічныя слоўнікі, даведнікі, створаныя ў 1991-1994 гадах, і дыскурс сродкаў масавай інфармацыі, і вусная маўленчая практыка. Выкарыстанне адмысловых беларускіх словаўтваральных сродкаў робіць нашу мову яшчэ больш мілагучнай, спрыяе захаванню нацыянальных моўных традыцый, павышае агульную культуру маўлення.

Юрась Бабіч, кандыдат філалагічных навук

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі