Сярод пытанняў, якія чытачы “Каталіцкага Весніка” адрасуюць аўтару нашай моўнай старонкі, ёсць і тыя, што непасрэдна датычаць асаблівасцяў ужывання лічэбнікаў з назоўнікамі. Гэта насамрэч праблемная пазіцыя, бо ва ўмовах дамінавання ў грамадстве рускай мовы яе правілы нярэдка аўтаматычна пераносяцца на беларускамоўны кантэкст. І тады ствараецца своеасаблівы эфект “трасянкі”, толькі не на арфаэпічным, а на граматычным узроўні. Зразумела, што людзі, якія імкнуцца правільна гаварыць па-беларуску, сутыкаюцца з падобнымі цяжкасцямі рэгулярна. Так, у прыватнасці, наш чытач з Віцебска спадар Аляксандр піша:
– Чую ў рэпартажы: “Пабудавалі два новых дома”. Або яшчэ: “Тры маладых хлопца працуюць за цэлую брыгаду”. Я не так даўно сур’ёзна зацікавіўся мовай, але вось звярнуў увагу, што ў падобных выпадках нешта не так. Ці можна было б крыху патлумачыць, якія ёсць правілы, калі мы ўжываем лічэбнікі?
Спадар Аляксандр мае рацыю, засяроджваючыся на правільнасці выкарыстання ў нашай мове лічэбнікаў у спалучэнні з прыметнікамі і назоўнікамі. У лінгвістыцы такія канструкцыі называюцца колькасна-іменнымі. І тут сапраўды ёсць пэўныя цяжкасці. Паспрабуем разабрацца.
Найперш варта акцэнтаваць увагу на асаблівасцях сувязі лічэбнікаў з назоўнікамі ў назоўным і ва ўскосных склонах. Лічэбнік адзін (адна, адно, адны) дапасуецца да назоўніка ў родзе, ліку і склоне: адзін дом, аднаго дома, аднаму дому, адным домам і г.д. Пры лічэбніках два (дзве), абодва (абедзве), тры і чатыры назоўнік ужываецца ў назоўным склоне множнага ліку: два дрэвы, дзве кнігі, тры чалавекі, чатыры аўтамабілі (гэта значыць, не можа быць: два дрэва, тры чалавека, чатыры аўтамабіля).
Усе астатнія лічэбнікі (пяць, шэсць, сем і г.д., але за выключэннем састаўных, што заканчваюцца на адзін, два, тры і чатыры) патрабуюць назоўнікаў у родным склоне множнага ліку: пяць сшыткаў, шэсць машын, сем гарадоў, дванаццаць алоўкаў (але: дваццаць два сшыткі, трыццаць тры машыны, сорак чатыры гарады). Падкрэслім яшчэ раз, што тыповая памылка – калі колькасна-іменныя спалучэнні будуюцца на ўзор рускай мовы: два новых крэсла, тры вялікіх клёна, чатыры старых падручніка.
Моўная практыка паказвае, што ў шэрагу выпадкаў, аднак, агучанае вышэй правіла можа не працаваць. І тады ўзнікаюць пэўныя пытанні з націскам. Нешта падобнае мы назіраем, напрыклад, пры спалучэнні лічэбнікаў два (абодва), тры, чатыры з некаторымі назоўнікамі мужчынскага роду. Мы гаворым: два верхнія зубы, тры маладыя кані. Але ў назоўным склоне множнага ліку – зубы, коні.
Паводле прыведзенай схемы ўжываюцца і многія назоўнікі ніякага роду: два птушыныя гнязды (але назоўны склон мн. ліку – гнёзды), тры вялікія акны (назоўны склон мн. ліку – вокны), чатыры старыя вядры (назоўны склон мн. ліку – вёдры). Таксама будуць выкарыстоўвацца і некаторыя іншыя назоўнікі ніякага роду: сцябло, сцягно, бервяно, пяро, палатно, гумно, сядло, сяло, пісьмо і інш.
Падобнае ж мы назіраем і ў дачыненні да назоўнікаў жаночага роду. Увогуле ўсе назоўнікі жаночага роду з націскным канчаткам у назоўным склоне адзіночнага ліку і рухомым націскам супадаюць пры спалучэнні з лічэбнікамі два (дзве, абедзве), тры, чатыры і па канчатку, і па націску не з назоўным склонам множнага ліку(!), а з родным склонам адзіночнага ліку(!): абедзве сцяны былі белыя (назоўны склон мн. ліку – сцены. Родны склон адзіночнага ліку – (няма) сцяны); жылі-былі тры сястры (назоўны склон множнага ліку – сёстры. Родны склон адзіночнага ліку – (няма) сястры); пракладзеныя чатыры новыя трубы (назоўны склон мн. ліку – трубы. Родны склон адзіночнага ліку – (няма) трубы). Паводле гэтага ж прынцыпу ўжываюцца таксама назоўнікі зіма, вясна, душа, рука, сляза, мятла, гара, нара, сава, стапа, вайна, галава, пята, старана і некаторыя іншыя.
Такім чынам, мы разгледзелі асноўныя асаблівасці выкарыстання спалучэнняў лічэбнікаў з назоўнікамі. Адказваючы на згаданае напачатку пытанне спадара Аляксандра, канстатуем, што правільна па-беларуску павінна быць пабудавалі два новыя дамы; тры маладыя хлопцы працуюць за цэлую брыгаду. Спадзяёмся, што прапанаваны матэрыял будзе карысны нашым чытачам, якія імкнуцца павышаць свой узровень валодання мовай.
Юрась Бабіч, кандыдат філалагічных навук
для друку