Чарговай раніцай мне на тэлефон прыйшло прыпамінанне пра тое, што мой сябар сёння адзначае сваё 35-годдзе. Прыгожая дата для мужчыны: да гэтага часу ў асобы ўжо ёсць пэўны жыццёвы вопыт, адукацыя, шырокае кола сяброў. Я зайшла на старонку дарагога майму сэрцу чалавека, яшчэ раз пагартала фотаздымкі. Вось ён з пляменнікамі на шпацыры, на іншых – збірае грыбы, займаецца спортам. Гледзячы на ўсмешлівага і прыгожага мужчыну з лагодным позіркам, я не ўтрымалася і заплакала. Заплакала ад невыноснага болю, жалю, крыўды і неразумення. Замест таго, каб сёння выказаць яму самыя цёплыя віншаванні і пажаданні, я адмаўляю “Анёл Гасподні”. Зноў і зноў задаю ўсё тое ж пытанне, на якое ніколі не атрымаю адказу: “Навошта ты гэта зрабіў?” Яно рэхам адгукаецца ў маім сэрцы на працягу апошняга часу. Два гады таму сябар скончыў жыццё самагубствам. Гэта падзея была нечаканай і раптоўнай для ўсіх. На той момант ён меў трыццаць тры гады. Усяго толькі трыццаць тры…
Разважаючы пра суіцыд, людзі часта сцвярджаюць, што самагубца – страчаны чалавек, за якога няма сэнсу маліцца, бо ён сам адкінуў Божы дар – жыццё. У ранейшыя часы людзей, што самастойна абрывалі жыццё, хавалі нават па-за межамі могілак. Ці можна маліцца за самагубцаў? На гэтае пытанне мы папрасілі адказаць брата Андрэя Багдановіча OFMCap.
– У палеміцы з язычніцкім асяроддзем, якое часта акцэптуе або нават ухваляе самазабойства, хрысціянства ад самага пачатку асуджала яго. Кожны чалавек адказвае за сваё жыццё перад Богам, Які ёсць абсалютным Валадаром жыцця. Не бывае жыцця, пазбаўленага вартасці. Нават у цярпенні асоба пазнае ачышчальнае дзеянне Бога, удзел у цярпенні Хрыста. У гэтай перспектыве самазабойства не мае месца. Яно супярэчыць натуральнай схільнасці чалавека захоўваць і працягваць сваё жыццё. Яно глыбока супярэчыць любові да сябе і бліжніх, калі несправядліва разрывае сувязі салідарнасці з сямейнай, грамадскай, чалавечай супольнасцю, з якімі кожны з нас звязаны.
Было б няправільна і несправядліва абмежавацца ўяўленнем самазабойства як чыну, аб’ектыўна годнага асуджэння, і пры гэтым верыць, што пытанне вычарпанае. Сама справядлівасць вядзе нас да таго, каб лічыцца з матывамі, якія штурхаюць да такога кроку. Многія з іх перашкаджаюць чалавеку цалкам або часткова карыстацца свабодаю волі. І калі так, то варта ўстрымацца ад бязлітаснага асуджэння. Матывы самазабойства часцей за ўсё дазваляюць ясна зразумець, што ўчынак такога кшталту амаль ніколі не з’яўляецца вынікам самотнага рашэння асобы, але часта сацыяльна абумоўлены. Самазабойца знаходзіцца пад уплывам асяроддзя, якое яго не разумее і амаль ці зусім не дапамагае.
У розныя часы існавалі розныя погляды на тое, ці можна маліцца за самагубцаў. З першых стагоддзяў існавання хрысціянства былі погляды, што псіхічныя хваробы могуць зменшыць адказнасць за гэты грэх. З часам дзякуючы развіццю ведаў пра псіхіку чалавека гэты фактар становіцца яшчэ больш значным. Пачынаюць улічвацца боязь, трывога. Таксама трэба ўзяць пад увагу развіццё навукі пра Чысцец: калі чалавек памірае нават праз такі вялікі грэх і пры гэтым траціць магчымасць пакаяцца ў сваім граху пры жыцці зямным, то пры ўмове, што ён свядома і добраахвотна не адвярнуўся ад Бога, мы верым, што Бог можа даць яму надзею на жыццё вечнае. Нам невядома, што адбывалася ў думках самазабойцы ў апошнія хвіліны жыцця і ці не было скрухі за свой учынак, перапрашэння Бога. Мы не ведаем і таго, наколькі яго воля была яснай і свабоднай. Таму не толькі можна, але і варта “не траціць надзею на вечнае збаўленне людзей, якія скончылі жыццё самагубствам. Бог, аднаму Яму вядомымі шляхамі, можа даць ім магчымасць збаўчага пакаяння. Касцёл моліцца за тых, хто пазбавіў сябе жыцця” (пар. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, 2279-2282).
Падрыхтавала Марта Венславовіч
