Мінулая субота, 25 ліпеня, назаўжды ўвойдзе ў гісторыю парафіі святой Марыі Магдалены ў г. Новалукомлі. У гэты прыгожы сонечны ліпеньскі дзень тут адбыўся ўрачысты парафіяльны фэст, які сабраў шматлікіх гасцей, душпастыраў і пілігрымаў, а таксама адзначыўся гістарычнай падзеяй — урачыстым бласлаўленнем новага абраза святой Апякункі парафіі.
Выпрабаванне хваробай і супольная малітва
Падрыхтоўка да свята сустрэлася з нечаканым выпрабаваннем: напярэдадні фэсту стала вядома, што галоўны цэлебрант урачыстасці, заслужаны арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, быў шпіталізаваны. Аднак Божы Провід не пакінуў Новалукомскую супольнасць. На запрашэнне пробашча парафіі, ксяндза Мікалая Ліпскага, адгукнуўся выбітны душпастыр, ксёндз прэлат канонік Уладзіслаў Завальнюк, які і ўзначаліў урачыстую святую Імшу і асвяціў абраз.
На пачатку літургіі кс. Мікалай шчыра павітаў усіх прысутных, сярод якіх былі святары з суседніх парафій, а таксама асабісты сакратар мітрапаліта кс. Павел Эйсмант. Ужо па традыцыі прыехалі дапамагчы ў свяце каталіцкія скаўты з Мінска і Полацка, а хор з парафіі святога Уладзіслава з Віцебска перад Імшой падарыў вернікам цудоўны канцэрт-малітву і вельмі ўзнёсла аздобіў Літургію.
Апосталка Апосталаў: вобраз, які набліжае да Бога
Кульмінацыйным момантам стала ўрачыстае бласлаўленне новага абраза св. Марыі Магдалены. Гэты алтар і абраз — вынік малітвы і супольнай працы парафіянаў са спецыялістамі. Велічная каваная вінаградная лаза сімвалічна атуляе цэнтральны абраз святой Марыі Магдалены. Постаць самой святой на новым абразе адкрываецца вернікам вельмі блізкай і зразумелай. Аўтар працы, таленавіты мастак Аляксандр з Лепеля, адышоў ад звычайнай драматаграфіі смутку і адлюстраваў яе як «Апосталку Апосталаў» — поўную святла, маладосці і надзеі раніцы Уваскрасення.
Яе позірк скіраваны ў бок Езуса, Якога сустрэла ў садзе са словамі “Раббуні” (Настаўнік), а да грудзей яна далікатна туліць букецік лаванды — сімвал той гарачай любові, якаю аказалася мацнейшай за страх і смерць. З лаванды з даўніх часоў рабілі пахучыя алеі, таму гэтая кветка з’яўляецца атрыбутам св. Марыі Магдалены. На заднім плане абраза далікатна віднеецца сілуэт самога Новалукомскага касцёла, звязваючы евангельскую гісторыю з тутэйшым краем, паказваючы нам, што Езус Хрыстус уваскрос і прысутнічае тут, у нашым горадзе, у нашых дамах і ў нашых сэрцах.
У сваім глыбокім казанні кс. прэлат Уладзіслаў Завальнюк, паказваючы глыбокую веру Марыі Магдалены, асабліва падкрэсліў сілу і важнасць Божага слова і ролю жанчын, якія заўсёды дапамагаюць пры касцёлах, як і раней дапамагалі Апосталам. Ён заклікаў парафіянаў, па прыкладзе святой быць адважнымі сведкамі Хрыста ў сучасным свеце, не баючыся выпрабаванняў, і выбіраць шлях веры сярод штодзённай мітусьні.
Падзяка «Волату веры» і святочная агапа
Падчас парафіяльных аб’яваў пробашч выказаў цёплыя словы падзякі кс. Уладзіславу Завальнюку, узгадаўшы яго 41 год ахвярнага служэння ў Беларусі.
Адметным момантам стала падзяка арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу, які якраз у гэты дзень святкаваў 37-годдзе біскупскага назначэння. Вернікі перадалі праз сакратара кс. Паўла Эйсманта юбілейныя падарункі для мітрапаліта ў шпіталь: памятны Медаль «Волату веры» з ягоным гербавым дэвізам «Quis ut Deus», новы абраз св. Марыі Магдалены і традыцыйны беларускі саламяны капялюш, зроблены рукамі вернікаў.
Пасля ўрачыстай эўхарыстычнай працэсіі вакол храма і малітвы для атрымання поўнага адпусту, вернікі выйшлі на двор, дзе з нагоды ўспаміну святога Крыштафа адбылося асвячэнне аўтатранспарту і вадзіцеляў. Свята завяршылася вялікай агапай каля вадаёма і прыгожых кветак — смачным супольным абедам на свежым паветры, які падрыхтавалі таленавітыя гаспадыні.
Новалукомскі фэст паказаў, што парафія — гэта сапраўдная, жывая і адказная хрысціянская сям’я, якая здольная ствараць сапраўдныя пярліны дзеля славы Божай, бо Хрыстос уваскрос і жыве сярод нас.
удзельнікі свята, тэкст
Віктар Ведзень, фота
Поўны відэазапіс гэтай прыгожай урачыстасці даступны для кожнага на YouTube-канале «Голас душы».
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!



















