Святы Крыштаф – апякун дарог: асвячэнне транспарту ў лепельскім касцёле

26 ліпеня, ва ўспамін святога Крыштафа, апекуна падарожнікаў і кіроўцаў, у касцёле Святога Казіміра ў Лепелі вернікі маліліся за бяспеку на дарогах і прасілі Божага благаслаўлення для ўсіх, хто знаходзіцца ў шляху.

Падчас гаміліі ксёндз Уладзімір Заянчкоўскі зачытаў Зварот арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, прысвечаны дню памяці святога Крыштафа. Пробашч нагадаў, што кожны кіроўца нясе адказнасць за сваё жыццё і жыццё бліжніх, таму павінен строга выконваць правілы дарожнага руху. Гэта – не проста фармальнасць, а праява хрысціянскай любові і клопату.

Пасля заканчэння Эўхарыстыі святар разам з міністрантам выйшаў на прыкасцельную тэрыторыю, дзе парафіяне чакалі са сваімі аўтамабілямі і матацыкламі. Ксёндз Уладзімір акрапіў транспартныя сродкі і саміх вернікаў святой вадой, блаславіўшы іх на бяспечныя падарожжы.

Кожны наш дзень – гэта нейкае падарожжа. Мы заўсёды кудысьці імкнемся і спяшаемся, кіруем аўтамабілямі, матацыкламі, электратранспартам. Разам з тым часта забываем, што любая дарога патрабуе не толькі ўважлівасці, але і Божага благаслаўлення. А гэты дзень і малітва нагадвае, што вера суправаджае чалавека не толькі ў храме, але і ў паўсядзённым жыцці. Пад апекай святога Крыштафа кожная дарога становіцца не проста перамяшчэннем, а пакліканнем да міру, адказнасці і Божай абароны.

Алег Шушкевіч/catholicnews.by

для друку для друку