Ці можа чалавек быць пакліканы да адзіноты, не ўступаючы ў шлюб і не жывучы кансэкраваным жыццём?

На пытанне адказвае а. Аркадзь Куляха OCD.

Бог, які стварыў жанчыну і мужчыну на свой вобраз і падабенства, паклікаў чалавечую асобу да жыцця ў супольнасці. У апісанні стварэння свету на першых старонках Святога Пісання мы адкрываем праўду пра здольнасць чалавека будаваць адносіны з самім Богам, людзьмі і ўсім створаным. Канешне, адносіны з асобамі маюць іншы характар, чым са светам рэчаў. Варта таксама памятаць, што сам Бог – не адзінокі, бо ў Ім існуе дынамічная камунія Боскіх Асобаў, якая характарызуецца любоўю.

Такім чынам, мы разумеем, што кожны чалавек пакліканы да любові, якая магчымая ў адносінах. Аднак, гледзячы на чалавека, адкрываем таксама, што ён у сваёй глыбіні – адзінокая, непаўторная істота, асоба, якая мае патрэбу ў супольнасці і тужыць па іншым чалавеку.

Адам пасля стварэння распазнае самога сябе праз вопыт адзіноты ды самотнасці і ў глыбіні сваёй істоты адкрывае патрэбу іншай асобы. Пан Бог адказвае на гэта сваімі дарамі – стварэннем Евы і аб’яўленнем самога сябе. У Божым плане адзінота не з’яўляецца дабром, пра што сведчаць словы Бога: “Нядобра чалавеку быць аднаму; таму Я зраблю яму дапамогу, адпаведную яму” (Быц 2, 12). Іншая асоба патрэбна чалавеку для ажыццяўлення паклікання ў любові. Аднак самі адносіны паміж асобамі могуць мець розны характар, пра што кажа нам Святое Пісанне.

Біблія паказвае найперш фундаментальнае пакліканне чалавека да жыцця ў сужэнстве і сям’і. Ёсць, аднак, у Святым Пісанні прыклады самотных людзей, якія любілі Бога і бліжніх ды вялі святое жыццё, што і з’яўляецца асноўным пакліканнем чалавека. У Кнізе Быцця паказаны лёс Юзафа, якога ягоныя браты прадалі ў няволю. Далёка ад сям’і малады чалавек не страціў сваіх адносін з Богам, а дзякуючы ім стаў прыладай Яго дзеяння дзеля ўратавання сваёй сям’і (пар. Быц 37-48). Прарок Эзэхіэль пасля смерці любімай жонкі застаўся адзін і працягваў перадаваць праўду пра Бога. Іншы прарок, Ерамія, свядома выбірае жыццё ў самотнасці, адкрываючы ў гэтым Божую волю.

Падобную дарогу жыцця абралі Ілля і Елісей ці Ян Хрысціцель. Прыкладам чалавека, адданага Богу ў самотнасці, была таксама прарочыца Ганна, якая “не адыходзіла ад святыні, пастамі і малітвамі служачы Богу ўдзень і ўначы” (Лк 2, 37).

Святы Павел, які цаніў сужэнства, параўноўваючы яго да адносін любові Хрыста і Касцёла (пар. Эф 5, 31-32), бачыў магчымасць жыцця ў самотнасці дзеля Божага Валадарства (пар. 1 Кар 7, 1-40).

Другі Ватыканскі Сабор кажа, што “ў розных відах жыцця і абавязках усе культывуюць адну святасць. Пад кіраўніцтвам Духа Святога, паслухмяныя голасу Айца і пакланяючыся Богу Айцу ў духу і праўдзе, яны ідуць за ўбогім і пакорным Хрыстом, які нясе крыж, каб заслужыць удзел у Яго славе. Кожны ў залежнасці ад сваіх дароў і абавязкаў павінен без ваганняў крочыць шляхам жывой веры, якая абуджае надзею і дзейнічае праз любоў” (Дагматычная канстытуцыя пра Касцёл Lumen Gentium, 41). Вытокі самотнасці чалавека могуць быць рознымі, аднак незалежна ад іх менавіта самотныя людзі, аўдавелыя, а таксама нежанатыя, у немалой ступені могуць паспрыяць святасці і працы ў Касцёле (пар. тамсама).

У Касцёле ёсць розныя спосабы рэалізацыі паклікання да святасці: у сужэнстве, у святарстве, інстытутах кансэкраванага жыцця або таварыствах апостальскага жыцця ці ў пустэльні. Рупліва і верна служаць Хрысту кансэкраваныя дзевы, якія жывуць у свеце.

Ёсць, урэшце, многія жанчыны і мужчыны, якія застаюцца без чалавечай сям’і і жывуць у духу благаслаўленняў, служачы Богу.

Важным пытаннем з’яўляецца матывацыя выбару жыцця ў самотнасці. Як нельга выбіраць святарства або кансэкраванае жыццё па прычыне немагчымасці заснаваць сям’ю, падобна ў выпадку самотнага жыцця матывацыяй не могуць быць уцёкі перад рознымі праблемамі. З пункту гледжання Касцёла, станоўчай матывацыяй такога ладу жыцця з’яўляецца вера ў тое, што гэта свабодны выбар дзеля Нябеснага Валадарства, здзейснены пад уплывам Духа Святога.

Той, хто хоча выбраць жыццё ў самотнасці, павінен мець здаровае стаўленне да самога сябе, ведаць спецыфіку іншых форм: у сужэнстве, манаскім інстытуце, святарстве, а таксама быць здольным ісці кожным з вышэйзгаданых шляхоў. Не без значэння, апрача малітвы і сакрамэнтаў, таксама духоўнае кіраўніцтва і дапамога блізкіх людзей або сяброў.

Папа Францішак піша: “Нам патрэбны дух святасці, які пранізвае адзіноту і служэнне, інтымнасць і евангелізацыйную дзейнасць, каб кожны момант быў праяўленнем любові, падараванай на вачах Пана. Такім чынам, кожны момант будзе крокам на нашым шляху асвячэння” (Апостальская адгартацыя Gaudete et exsultate, 31).

З малітвай, а. Аркадзь

Паводле grodnensis.by

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі