«Хвала Хрысту! Ці магу я прыняць сакрамант бежмавання, калі жыву ў другім шлюбе без вянчання? (Была вянчаная ў першым шлюбе, развялася дзесяць гадоў назад).»
Юлія
– Хвала Хрысту, паважаная Юлія! Разважаючы над Сакрамантамі Касцёла, мы сутыкаемся з многімі вельмі важнымі пытаннямі, якія патрабуюць канкрэтных адказаў.
На пытанне, што неабходна, каб прыняць сакрамант бежмавання, нам можа дапамагчы адказаць канон 889 §1 Кодэкса Кананічнага Права 1983 г. Ён пастанаўляе, што “прыняць сакрамант бежмавання здольны кожны ахрышчаны (і толькі ахрышчаны), які яшчэ не быў бежмаваны”. Гэтым канонам падкрэсліваюцца неабходныя юрыдычныя ўмовы, каб прыняць узгаданы Вамі сакрамант: трэба быць ахрышчаным і яшчэ не бежмаваным.
Аднак існуюць таксама і іншыя ўмовы – духоўныя. Кожны католік ведае: каб прыняць сакрамант бежмавання, неабходна знаходзіцца ў стане асвячальнай ласкі, гэта значыць, не мець на сумленні смяротнага граху. Пра гэта гаворыць нумар 1310 Катэхізіса Каталіцкага Касцёла: “Каб прыняць бежмаванне, неабходна знаходзіцца ў стане ласкі. Трэба перад гэтым прыступіць да сакраманту пакаяння, каб ачысціць сябе для прыняцця дару Духа Святога”.
Катэхізіс Каталіцкага Касцёла ў нумарах 1854-1864 апісвае паняцце смяротнага граху. Смяротны грэх нішчыць любоў у чалавечым сэрцы праз цяжкае парушэнне Божага закону, а таксама адварочвае чалавека ад Бога. Грэх лічыцца смяротным, калі адначасова існуюць тры ўмовы: сур’ёзнасць матэрыі, якая вызначаецца 10 Запаведзямі (парушэнне Божых Запаведзей), смяротны грэх патрабуе поўнай свядомасці (я разумею: тое, што я раблю, з’яўляецца грахом) і поўнай згоды на грэх.
На жаль, у Вашым выпадку, шаноўная Юлія, няма магчымасці прыступіць да сакраманту споведзі (пакаяння), і прыняць сакрамант Бежмавання, бо Вашая жыццёвая сітуацыя забараняе гэта зрабіць. Вам забараняе прыступаць да сакрамантаў не факт таго, што вы разышліся з першым мужам, з якім былі венчаныя, а аб’ектыўны факт – сужыццё (знаходжанне ў пазашлюбнай сувязі) і новы шлюб, зарэгістраваны ў ЗАГСе.
Вельмі часта сустракаюцца сітуацыі, калі асобы, развёўшыся і жывучы ў другім, несакрамантальным сужэнстве (без вянчання), знаходзячыся ў стане цяжкага ці смяротнага граху, які забараняе прыступаць ім да сакрамантаў, усё ж такі іх прымаюць. Але тут трэба памятаць, што такім чынам мы падманваем не святара, а ў першую чаргу падманваем Пана Бога і саміх сябе. Трэба памятаць, што сакраманты існуюць менавіта для таго, каб памнажаць у нас Божую ласку, каб яднаць нас яшчэ больш з Хрыстом. А як можа памнажацца ласка, калі яе ўвогуле няма?
Існуюць толькі два сакраманты, для прыняцця якіх не трэба быць у стане асвячальнай ласкі, – гэта Хрост і Споведзь (Пакаянне), бо менавіта яны прыводзяць асобу ад смерці (духоўнай) да духоўнага жыцця.
Але трэба таксама памятаць навучанне Касцёла. Сакрамант споведзі адбываецца пад пэўнымі, неабходнымі ўмовамі. Існуе пяць умоў добрай споведзі: рахунак сумлення, жаль за грахі, цвёрдае пастанаўленне выправіцца, шчырая споведзь, выкананне вызначанай пакуты. У нумары 1450 Катэхізіса Каталіцкага Касцёла гаворыцца: “Пакаянне абавязвае грэшніка добраахвотна прыняць усе элементы [пакаяння]: у сэрцы – скруху; у вуснах – споведзь; у паводзінах – дасканалая пакорлівасць альбо плённае пастанаўленне выправіцца”. Асоба, які была павенчана, развялася і жыве ў пазашлюбнай сувязі альбо ў новым шлюбе, зарэгістраваным у ЗАГСе, не мае магчымасці выканаць умовы добрай споведзі, і такім чынам не можа прыступаць да сакрамантаў.
Больш за тое, такая асоба не можа быць вызначана, як хросная маці ці бацька і як сведка бежмавання, бо галоўным заданнем хросных з’яўляецца дапамога бацькам у духоўным выхаванні дзяцей, у выхаванні дзяцей у каталіцкай веры. Такімі людзьмі могуць быць толькі тыя, хто жыве згодна з хрысціянскай маральнасцю і паводле каталіцкай веры.
Перадусім, шаноўная Юлія, Вам неабходна паспрабаваць выправіць сваю жыццёвую сітуацыю, паразмаўляць з мясцовым святаром альбо з якім-небудзь іншым святаром, паглядзець, ці існуюць кананічныя падставы для прызнання вашага адзінага (першага) шлюбу несапраўдным, а пазней паспрабаваць звярнуцца ў Біскупскі Суд. Пры наяўнасці кананічных падставаў ці перашкодаў, якія існавалі, можа, Ваш шлюб будзе прызнаны несапраўдным і Вы атрымаеце магчымасць урэгуляваць сваё духоўнае жыццё.
З павагай і малітвай, кс. Аляксей Ляшко
для друку