Чын прысвячэння – малітва вялікай марыйнай традыцыі

Андрэа Тарніелі патлумачыў значэнне некаторых радкоў Чыну прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу Марыі, які Папа Францішак, разам з усім Божым народам, пад кіраўніцтвам іх біскупаў і святароў, здзейсніць 25 сакавіка 2022 года.

Малітва аб міры і прысвячэнні ўсяго чалавецтва, асабліва Расіі і Украіны, Беззаганнаму Сэрцу Марыі, адбудзецца ў той час, калі, на жаль, працягваюцца бамбардзіроўкі, што прыводзяць да ахвяр сярод мірнага ўкраінскага насельніцтва. Гаворка ідзе пра просты і пакорны жэст чалавека, які верыць у моц малітвы, а не ўзбраенняў, — заўважыў галоўны рэдактар ватыканскіх СМІ.

Аналізуючы тэкст Чыну прысвячэння ў сваёй аўтарскай калонцы на партале Vatican News, Тарніелі заўважыў, што ён “сатканы з цытат, што адносяцца да вялікай марыйнай традыцыі”. Напрыклад, малітва пачынаецца зваротам “Маці Бога” або “Багародзіца”, які з’яўляецца тытулам, зацверджаным на Эфескім Саборы, і якім Панна Марыя ўшаноўваецца і на Усходзе і на Захадзе. Іншы зварот – “Маці Міласэрнасці”, узяты з малітвы “Вітай, Каралева”.

Словы: “Ён падараваў нам Цябе і зрабіў Тваё Беззаганнае Сэрца прытулкам для Касцёла і чалавецтва”, адсылаюць да зместу аб’яўленняў Маці Божай у Фаціме. У сваю чаргу выраз: “Паўтары кожнаму з нас: “Ці не тут я, твая Маці?””, быў прамоўлены Багародзіцай святому Хуану Дыега падчас аб’яўленняў у Гвадэлупэ.

У словах: “Ты ведаеш, як разблытаць клубкі нашых сэрцаў і вузлы нашага часу”, можна ўбачыць спасылку на марыйны абраз Маці Божай, якая развязвае вузлы, вельмі шанаваны Святым Айцом. У сваю чаргу, зварот ад Марыі як да “Нябеснай зямлі”, быў узяты з манаскага праваслаўнага гімну і азначае паяднанне неба і зямлі, якое можам сузіраць ва ўнебаўзятай Багародзіцы.

У радку: “Няхай “так”, якое выйшла з Твайго Сэрца, адкрые дзверы гісторыі перад Валадаром супакою”; мы верым, што зноў праз Тваё Сэрца прыйдзе мір”, можна заўважыць спасылку на пачатак “Трактату аб сапраўдным ушанаванні Найсвяцейшай Панны Марыі” святога Людвіка-Марыі Грыньёна дэ Манфора, паводле якога Бога, які ўвайшоў у свет праз Марыю, працягвае валадарыць у свеце праз Яе.

Іншы радок: “Ты, якая з’яўляешся “жывой крыніцай надзеі”, наталі вільгаццю чэрствасць нашага сэрца”, узяты з малітвы, якую ў вусны святога Бэрнарда ўклаў Дантэ Аліг’елы ў апошнім спеве сваёй Боскай камедыі.

Нарэшце выраз: “Ты саткала чалавецтва Езусу”, адсылае да духоўнасці некаторых усходніх Айцоў Касцёла і вобразу Марыі, прысутнаму са старажытных часоў у хрысціянскай іканаграфіі.

Андрэа Тарніелі нагадаў, што здзяйсненне чынаў прысвячэння Марыі мае евангельскую аснову, бо сам Езус на крыжы даручыў Багародзіцы адзінага вучня, прысутнага на Кальварыі. Ён заўважыў таксама, што самыя раннія звесткі пра практыку здзяйснення такіх чынаў адносяцца да VIII стагоддзя, а першую адмысловую малітву склаў у гэты час святы Ян Дамаскін.

Аляксандр Панчанка – беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі