“Каталіцкая школа”, “хрысціянскае выхаванне”… Гэтыя словазлучэнні асацыяваліся ў мяне больш з Паўночнай Амерыкай, Германіяй, ды ніяк не з Беларуссю. Але пасля таго, як мне давялося пабываць у “Дабрачыннай Місіі Добрага Самараніна” ў Мінску, маё меркаванне змянілася.
“Дабрачынная Місія Добрага Самараніна” прайшла дзяржаўную рэгістрацыю і мае свае статуты. Паводле іх, мэтай арганізацыі ёсць хрысціянскае выхаванне маладога пакалення. Апякуюцца “Місіяй” сёстры-ўршулянкі.
Сястра Часлава Навіцкая, дырэктар “Місіі”, прывітаўшы нас – супрацоўнікаў “Каталіцкага Весніка” – распавядае: “Калі я толькі прыйшла ў кляштар, мне давялося працаваць у дзіцячым садку ў Польшчы. Ужо тады я марыла стварыць нешта падобнае і ў Беларусі. Шмат малілася і прасіла Бога аб дапамозе. Пачаткі такой дзейнасці былі пры парафіі ў Бешанковічах. А цяпер вось у Мінску. Мы з сёстрамі актыўна працавалі з бацькамі і дзецьмі. Трэба было паказаць на прыкладзе, што манахіні – гэта не толькі захутаныя жанчыны, якіх запіраюць у манастыры, але добрыя выхавальніцы і педагогі”.
Каталіцкае выхаванне і бацькі-атэісты
Сястра Часлава распавядае пра планы: “Сёлета, 14 кастрычніка, мы адзначым Дзень маці. Будзем праводзіць канферэнцыю, запросім святара. На святы дзеці ў “Місіі” заўсёды рыхтуюць канцэрты і падарункі для бацькоў. На Божае Нараджэнне – традыцыйная батлейка. У студзені абавязкова прыязджаюць бабулі і дзядулі. Загадзя нашы выхаванкі робяць і дасылаюць ім запрашэнні. А 19 сакавіка, у дзень святога Юзафа, збіраемся правесці Свята таты”.
Цікава, што ў “Місіі Добрага Самараніна” выхоўваюцца дзеці як з каталіцкіх, так і з праваслаўных сем’яў. У некаторых дзетак бацькі зусім не вераць у Бога. “Чаму тады бацькі, якія не вераць, аддаюць сваіх дзяцей на дашкольнае выхаванне ў каталіцкую “Місію”?” – пытаюся ў сястры Чаславы? “Таму што тут зусім іншы падыход да дзяцей, – адказвае яна. – У нас, напрыклад, на пятнаццаць дзетак тры выхавальнікі. Усе з выдатнай педагагічнай адукацыяй і шчырыя вернікі. Акцэнт робіцца, перш за ўсё, на ўзаемную пашану і любоў. Мы вучым дзяцей клапаціцца і заўважаць тых, хто побач. Напрыклад, перад выхадам на вуліцу старэйшыя дзеці дапамагаюць малодшым апранацца. У гутарках заўсёды гучыць “Калі ласка” і “Дзякуй”.
Раз на тыдзень дзеці з выхавальнікамі прымаюць удзел у Святой Імшы. Малітва, гульні і адукацыйныя заняткі – усё гэта яднае іх між сабой. Таму многія, ужо будучы школьнікамі, часта завітваюць у “Місію”. А на канікулах разам адпачываюць у летніках.
Беларуская мова – гэта галоўнае
У “Місіі Добрага Самараніна” вялікую ўвагу надаюць хрысціянскаму і агульначалавечаму выхаванню. Акрамя асноўных ведаў па рэлігіі, дзеці вывучаюць матэматыку, ангельскую і польскую мовы, займаюцца маляваннем, танцамі і музыкай.
Сястра Часлава прызнаецца: “Гледзячы на тое, якое выхаванне атрымліваюць нашыя дзеці ў “Місіі”, вяртаюся думкамі ў сваё дзяцінства. У нас, людзей савецкага пакалення, пра такую “Місію” і думаць нельга было. Я спадзяюся, што дзеці, з якімі мы зараз займаемся, вырастуць вельмі добрымі людзьмі і сумленнымі грамадзянамі нашай краіны. Яны – наша будучыня”.
Гутарка перарываецца візітам бацькоў, якія прыехалі, каб забраць дзяцей дамоў. Выкарыстоўваючы момант, падыходжу да маладой мамы, знаёмлюся і пытаюся ў яе: “Якія Вашыя ўражанні ад “Місіі Добрага Самараніна”?” Дыяна Тышкевіч-Казак адказвае: “Мне вельмі спадабалася, што тут займаюцца з дзецьмі па-беларуску. І гэта было адным з асноўных крытэрыяў, чаму я аддала сваю дачку сюды. Апрача беларускай мовы, важным лічу і духоўнае выхаванне, якое тут даюць дзецям”.
Побач яшчэ адна маладая мама апранае сваё дзіця. Пытаюся ў яе пра ўражанні. Ірына Гурская распавядае, што прывяла ў “Місію” свайго сына з гэтай жа мэтай: “У звычайным дзіцячым садку няма той духоўнасці, якая ёсць тут. Магу параўнаць, таму што звычайны садок наведваў мой старэйшы сын. Там не хапала гэтай духоўнасці. А тут я кожны раз заўважаю, што выхавальнікі “Місіі” не проста ходзяць на працу, а жывуць ёй”.
Самая чыстая будоўля ў сталіцы
Дабрачынная “Місія Добрага Самараніна” – добрая справа. Яна зарэгістраваная і дзейнічае пры Мінскай катэдры і Чырвоным касцёле. Але для таго, каб працягваць працу ў больш шырокіх маштабах, патрэбны будынак.
Сястра Часлава распавяла, што яшчэ ў 2011 годзе ў Мінску па вуліцы Серафімовіча ўладамі на баланс Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі быў перададзены будынак былой школы, які знаходзіўся ў аварыйным стане. Цяпер там актыўна вядуцца рэканструкцыйныя работы.
Мы не ўтрымаліся ад таго, каб не паехаць і на свае вочы не ўбачыць, як паўстае першая каталіцкая школа ў Беларусі.
Аб’ект агароджаны будаўнічым плотам, на верхніх паверхах бачныя постаці рабочых. “Гэта нашы працаўнікі”, – кажа с. Часлава. – Вельмі сумленна працуюць, але усё ж нагляд патрэбны”, – кажа яна, беручыся за лесвіцу. З заміраннем сэрца гляджу, як маладая манахіня спрытна ўскоквае па рыштаваннях наверх. Я даўно звыклася з думкай, што святары могуць быць будаўнікамі. Але што манахіня камандуе будоўляй?!..
“Каштарыс вельмі дарагі, – скардзіцца с. Часлава. Мы за вываз аднаго толькі смецця заплацілі тры мільярды рублёў. А ведаеце, колькі каштуе ў дзень вось гэты кран? – яна паказвае рукой у бок вежавага крана, што працягнуў сваю стромую стралу над будынкам. – Два мільёны рублёў”.
“Як жа вы спраўляецеся, – пытаюся ў сястры? Гэта пры будаўніцтве касцёла яшчэ неяк можна знайсці людзей і сродкі. А тут проста школа. Без парафіі, без вернікаў…”
“Ёсць добрыя людзі, – усміхаецца манахіня. – Я сама шмат хаджу і прашу дапамогі. Наш арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч дапамагае. А наогул, гэта Божая справа. Таму я ўпэўнена, што Езус нас не пакіне і школу мы абавязкова збудуем. Вось да зімы трэба паспець накрыць дах”.
Наша экскурсія па будоўлі працягваецца. Сястра з захапленнем расказвае:
“Там будуць класы, тут – кабінет дырэктара, а гэтыя памяшканні – для кухні і сталовай”.
Заўважаю, што на аб’екце, нягледзячы на самы разгар працаў, зусім няма будаўнічага смецця. Сястра Часлава ўсміхаецца і кажа: “Нас за гэта нават пахвалілі нядаўна. Прыязджала адна праверка па будоўлі, і інспектар сказаў, што ва ўсім Мінску ніхто так чыста не будуе”.
Працоўны дзень заканчваецца, і мы разам з рабочымі спускаемся ўніз па рыштаваннях. Яшчэ раз акідваем зрокам незвычайны будынак і развітваемся з сястрой-прарабам. Яна ветліва адмаўляецца ад прапановы падвезці, таму што ў яе запланавана яшчэ адна сустрэча…
***
Пасля рэканструкцыі школа па вуліцы Серафімовіча ў Мінску будзе аддадзена ў карыстанне “Дабрачыннай Місіі Добрага Самараніна” пад апекай святой Уршулі Ледухоўскай. “Місія” займаецца выхаваннем дзяцей, у тым ліку дзяцей-інвалідаў, пачынаючы ўжо ад трохгадовага ўзросту аж да дасягнення паўнагоддзя.
Ахвяраванні на рамонт школы можна скласці на рахунак: РА “Дабрачынная Місія Добрага Самараніна пад апекай Святой Уршулі Ледухоўскай”, вул. Рэвалюцыйная, 1а, п. 7, 220030
Мінск, Рэспубліка Беларусь. Тэл.: (+37517) 2036844, факс: (+37517) 2269092, 2890659. Р/р 3015006161009 ААТ “Белзнешэканомбанк”, вул. Мяснікова, 32 УНП 102366022, код 226; АКПА 37527104; САВУ 18990
Ірына Грэйць, тэкст
Кс. Віктар Місевіч, фота