3 мая 2025 года для невялікай вёскі Удзела, што ў Глыбоцкім раёне, стала памятнай датай, якая будзе запісана ў гісторыі мясцовай парафіі, якой апякуюцца айцы францішкане. У гэты дзень была ўрачыста адчынена і асвечана “Сяліба Беззаганнай”.
“Сяліба Беззаганнай”, якую яшчэ проста называюць Домам Марыі, — гэта месца духоўнага адпачынку і ўзросту, пакуль што моладзі, але ў будучым і кожнага жадаючага, пад пяшчотным позіркам Нябеснай Маці і ў Яе ўтульных абдымках.
Чатыры стагоддзі таму ў Удзела прыехалі францішкане і пабудавалі кляштар, сёння што мы бачым – гэта толькі частка, якая засталася. Потым з’явіўся касцёл у гонар Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Гэты касцёл у 1940-х гадах быў зачынены, але ў 1990-х гг быў вернуты вернікам і ў 2000 годзе сюды зноў вярнуліся айцы францішкане. Працягваючы гісторыю, мы таксама з’яўляемся яе часткай, яе працягам, і яна ствараецца на нашых вачах. Тры гады таму ў Удзеле нарадзілася духоўная сям’я — моладзь з усёй Беларусі. Юнакі і дзяўчаты вырашылі сустракацца кожны месяц тут, у Мястэчку Беззаганнай. І Weekend з Марыяй заўсёды выпадае на першую суботу месяца – дзень ушанавання Маці Божай. Далей Бог пачаў дзейнічаць і нарадзіў у сэрцах ідэю, што павінна быць месца, дзе можна будзе праслаўляць Яго і быць разам у радасці, цішыні і еднасці. І вось зараз ёсць гэты будынак — “Сяліба Беззаганнай”, дзе Марыя будзе Гаспадыняй, а ўсе наведвальнікі — дзецьмі і разам крочыць да Нябеснага Айца.
Святкаванне адкрыцця “Дома ўсіх” складалася з трох частак. Першая і галоўная – малітоўная – св. Імша, якую цэлебраваў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч разам са шматлікімі святарамі, якія прыехалі з розных мясцін нашай краіны. Урачыстую Літургію сваім спевам упрыгожыў парафіяльны хор “Ave Maria” з Глыбокага, які ў гэтым годзе адзначыў 25 год свайго існавання.
Казанне біскуп Алег распачаў з адной гісторыі пра турыстаў, якія вандравалі па Афрыцы і папрасілі мясцовага жыхара правесці іх, каб не заблудзіцца, па пэўным маршруце, але не вельмі блізкім. Гэты праваднік у вялікім тэмпе вёў групу, амаль за ім паспявалі ісці. Набліжаўся вечар, кавалак дарогі яшчэ чакаў наперадзе, як раптам гэты правадыр адышоў у бок і сеў на ўзгорку. Сядзеў 10-20-30 хвілін, турысты занепакоіліся і падышлі да яго. А ён кажа: “Я павінен пачакаць на маю душу. Мы за шыбка ішлі і мая душа засталася дзесьці ззаду”. “У гэтых словах крыецца важны момант для чалавека: кожны з нас патрабуе моманту, каб разабрацца з тым, што адбываецца ў ягоным сэрцы і душы. Сённяшні свет – гэта неаднойчы наша шалёнае падарожжа, — падкрэсліў іерарх і дадаў: “Быць добрым чалавекам найпрасцей тады, калі ты напачатку з’яўляешся чалавекам веруючым. Жывеш па-чалавечы тады, калі жывеш спачатку па-Божаму, як і Божая Маці. Яна нічога надзвычайнага не рабіла. Ведаем, што Езус паходзіць з Назарэту, маленькай вёскі, не памылюся, калі скажу, што нават меншай чым Удзела. І таму людзі казалі, а што там можа быць добрага з Назарэту. Не таму што такі грахоўны быў, але таму што нічога не мела паважнага там адбыцца… І Бог сабе такое месца абраў — там быў дом Марыі. І вось вам аналогія. У Удзеле таксама ўжо ёсць Дом Марыі. А што гэта азначае? Што тут жыве Бог! І таму няхай гэта месца, якое далёка ад супермаркетаў, кафэ і рэстаранаў, буйных дарог, будзе месцам, дзе можам сустрэцца і пачакаць на сваю душу, дзе можам наша сэрца напоўніць Божай ласкай”.
Прыгожым момантам падчас працэсіі ахвярных дароў было прынясенне да алтара мужчынамі, якія ахвярна працавалі на будоўлі, каменя і ключоў ад Сялібы.
На заканчэнне Літургіі ўсе прысутныя ўрачыста прысвяцілі сябе Беззаганнай зачытаўшы Акт паводле св. Максімільяна Марыі Кольбэ.
Другая частка святкавання – адкрыццё і асвячэнне Сялібы — распачалася на вуліцы. Усе сабраліся каля Дома Марыі, адбылося бласлаўленне будынка, пасля чаго біскупу Алегу неабходна было распілаваць “чырвоную стужку”. Менавіта распілаваць, а не разрэзаць, бо “стужкай” паслужыла бервяно, з якога шмат чаго зроблена ў Сялібе. Пад апладысменты і гучныя воклічы, біскуп Алег парэзаў бервяно і адчыніў дзверы Дома Марыі. Пасля чаго адбылося найперш асвячэнне і акаджэнне галоўнага месца – капліцы і табэрнакулюма, а пасля, прайшоўшы па ўсяму будынку, былі асвечаны ўсе памяшканні.
Сабраўшыся на асвячэнне Дома ўсіх, быў і агульны фотаздымак усіх.
Працягам стала трэцяя частка – “смачна-музычная”. Ніхто не застаўся галодным і самотным. Усіх чакаў смачны абед, падрыхтаваны мясцовымі парафіянамі, забавы для дзяцей, кава і прысмакі, ну і, канешне ж, тры вялізныя тарты са свечкамі. А потым музычная праграма ад моладзі.
Як адзначыў а. Віктар Мялешка OFMConv: “Усе мы будавалі гэты дом, мы ўсе прылады. Будова трывала два гады, і я толькі цяпер пачынаю разумець, як казаў св. Максімільян Марыя Кольбе, што значыць “быць толькі прыладай”. Нічога не рабіць, але быць інструментамі, каб табой рабілі. Мы шмат тут працавалі з міністрантамі, з парафіянамі, працаўнікамі, я і заўсёды казаў: “Гэта Ён чыніць праз нас, гэта Яна чыніць праз нас”. І вось такую ласку сёння маем, аглядаць плён, што Бог так намі скарыстаўся. Дзякую ўсім Вам, што мы разам, а Марыя праз нас гэта ўчыніла і пабудавала!”
Марына Сінкевіч, тэкст і відэа
Леанід Юрык, фота
