Дзень, калі парафія ў Дзеркаўшчыне сабрала тры нагоды для радасці

9 мая на парафію Унебаўшэсця Пана ў Дзеркаўшчыне прыйшла патройная радасць. Вернікі і шматлікія госці сталі сведкамі ўнікальнага дня, калі побач сустрэліся адразу тры знамянальныя падзеі: гадавіна асвячэння святыні, парафіяльны фэст у гонар перанясення рэліквій святога Мікалая і, галоўнае, прыміцыйная Імша новапрэзбітара кс. Андрэя Януля.

Урачыстасць пачалася з выстаўлення Найсвяцейшага Сакраманту і супольнай малітвы, якая наладзіла ўсіх на асаблівы лад. На працягу гэтага часу вернікі мелі магчымасць прыступіць да сакраманту пакаяння, каб з чыстым сэрцам сустрэць галоўны момант свята.

Святочную Эўхарыстыю ўзначаліў кс. Андрэй. У канцэлебры — дэкан глыбоцкі, кс. канонік Мікалай Ціхановіч, а таксама святары з суседніх парафій дэканату. Іх прысутнасць падкрэсліла братэрскую падтрымку і адзінства Касцёла на Глыбоччыне.

Асаблівым момантам стала гамілія кс. Андрэя, які 2 мая прыняў святарскае пасвячэнне. Ён адкрыта падзяліўся гісторыяй свайго шляху да алтара.

Нарадзіўшыся ў шматдзетнай сям’і дзявятым з дзесяці дзяцей, юнак спачатку не імкнуўся да касцёла: прагульваў катэхезу і нядзельныя Імшы. Усё змянілася ў 14 гадоў, калі ён прыняў сакрамант хросту. “Нават калі цяпер параўнаць прыняцце хросту са святарскім пасвячэннем, я паставіў бы гэтыя перажыванні на адным узроўні. Так мяне гэта ўзрушыла. Былі думкі: нешта я атрымаў, але не мог зразумець што. Але стала так цікава, што захацелася нават у касцёл часцей хадзіць”, — распавёў кс. Андрэй. Менавіта той душэўны пераварот прынёс яго да думкі пра святарства.

Пасля Імшы адбылася эўхарыстычная працэсія вакол касцёла — знак таго, што Хрыстус выходзіць насустрач сваім вернікам. Завяршэннем літургіі стала прыміцыйнае благаслаўленне, якое кс. Андрэй удзяліў усім прысутным, а таксама ўрачыстае ўшанаванне рэліквій святога Мікалая — нябеснага апекуна парафіяльнага фэсту.

Асаблівымі гасцямі свята сталі мама, сёстры і браты кс. прыміцыянта. Радасць блізкіх, якія прыбылі падтрымаць яго ў гэты дзень, выдатна дапаўняла малітву парафіян. Вернікі шчыра віншавалі новапрэзбітара і дзякавалі яму за першую Імшу.

Свята не скончылася на парозе касцёла. Другая частка ўрачыстасцяў прайшла ў парафіяльным доме, дзе для вернікаў выступілі артысты мясцовага Дома культуры. Так духоўная радасць перарасла ў братэрскую супольнасць — яркае сведчанне таго, што парафія ў Дзеркаўшчыне жыве поўным жыццём, адзначаючы гісторыю, шануючы рэліквіі і радуючыся новаму пастыру.

Марына Сінкевіч, тэкст
Леанід Юрык, фота

для друку для друку