Будслаў 2024. Што трэба ведаць, збіраючыся на фэст?

Сёлета ўрачыстасці Маці Божай Будслаўскай у Нацыянальным санктуарыі пройдуць 5 і 6 ліпеня. Пра асаблівасці сёлетняга фэсту распавёў Catholic.by яго галоўны арганізатар, пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе ксёндз Дзмітрый Дубовік.

Перадусім святар раіць усім, хто збіраецца ў гэтыя дні ў Будслаў, добра пазнаёміцца з праграмай сёлетняга фэсту, а таксама звярнуць увагу на важныя арганізацыйныя моманты.

  • Пешыя пілігрымы будуць размяшчацца ў намётавым гарадку на полі каля вёскі Палессе, як звычайна.
  • Тым, хто збіраецца на свята на ўласным аўтатранспарце, трэба ведаць, што машыну давядзецца пакінуць на паркоўцы і да Будслава ісці пешкі. З боку Крывічоў паркінг арганізуецца ў вёсцы Палессе, з боку Даўгінава — на ўездзе ў мястэчка, каля знаку Будслаў.
  • Праход да касцёла адбываецца толькі праз пункты пропуску, дзе ўсе без выключэння праходзяць асабісты дагляд супрацоўнікамі служб бяспекі. Забараняецца праносіць з сабой колючыя і рэжучыя прадметы, піратэхніку, лёгкаўзгаральныя і іншыя небяспечныя рэчывы, прадукцыю ў шкляной і металічнай тары, алкаголныя напоі.
  • Да цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай у галоўным алтары базылікі можна будзе падысці праз цэнтральны ўваход у касцёл, выхад — праз бочныя навы. Магчымасць памаліцца перад абразом у касцёле будзе на працягу ўсяго фэсту, у тым ліку і ўначы.

Аднак катэгарычна забараняецца размяшчаць на падлозе ў святыні рэчы, раскладаць дыванкі і займаць праходы.

  • Доступ за баляскі і ў стары касцёл цалкам закрыты.
  • Малітоўныя інтэнцыі будуць запісвацца ў касцёле. Лепш загадзя падрыхтаваць запісаныя на лістку інтэнцыі і перадаць іх разам з ахвяраваннем адказным асобам у касцёле.
  • Асвячоную ваду падчас фэсту ў Будславе можна будзе набраць у свой посуд за студняй і брамай з левага боку ад касцёла (на фота вышэй).
  • Споведзь падчас фэсту будзе адбывацца як звычайна, у закрытых ад камароў намётах за плябаніяй.
  • Ахвяраванні на патрэбы рамонту можна будзе пакінуць у касцёле.

У пятніцу 5 ліпеня ў Будславе для ўдзельнікаў фэсту дзейнічае дыспенсацыя (вызывленне) ад абавязку спажывання мясных страваў.

Падчас фэсту ў Будславе з высокай доляй верагоднасці будуць сур’ёзныя перабоі з мабільнай сувяззю і доступам у сеціва, што неабходна ўлічваць, плануючы сваё прабыванне.

Catholic.by
Фота: Кс. Дзмітрый Дубовік

для друку для друку