Больш грахоў не памятаю…

Камусьці можа здавацца, што словы «больш грахоў не памятаю» — гэта толькі формула, якою мы паведамляем святару, што закончылі вызнаваць грахі. Аднак гэтыя простыя словы маюць вельмі важнае значэнне, бо насамрэч пацвярджаюць наша поўнае вызнанне грахоў (шчырая споведзь). Узгаданая формула не азначае, што не маем больш грахоў, але што пасля адпаведнай падрыхтоўкі (рахунак сумлення) вызналі ўсё, што здолелі ўспомніць. Аднак пры ўсёй стараннасці, неабходнай у сакрамэнце споведзі, можа здарыцца, што вернік штосьці забудзе вызнаць.

Добра ведаем, што чалавечая памяць недасканалая і часам проста падводзіць. Касцёл, які няспынна абвяшчае праўду пра Божую міласэрнасць, паказвае Бога як любячага Айца, з якім сустракаемся таксама ў сакрамэнце споведзі. Ён прагне найперш і перадусім нашага збаўлення і глядзіць у глыбіню сэрца (гл. Ер 11, 19: «Ты, Пане Магуццяў, які судзіш справядліва, які даследуеш нутро і сэрца»). Са свайго боку кожны вернік, які спавядаецца, прагне, каб споведзь прынесла плён, таму сустракаецца з міласэрным Езусам добра падрыхтаваным, аднак з усведамленнем уласнай недасканаласці. Памятаем з папярэдніх разважанняў ды ведаем з ўласнага назірання, што нельга празмерна акцэнтаваць асабістае намаганне верніка і канцэнтравацца на ім, забываючы пра найважнейшае, — дар самога Бога, які прагне прабачыць, умацаваць і даць сябе, перш за ўсё ў святой Камуніі.

Забытыя грахі

Кананічнае права, якое абавязвае ўсіх, хто належыць да супольнасці Касцёла, патрабуе, каб у споведзі вызнаць (пералічыць) усе цяжкія грахі, якія яшчэ не былі адпушчаныя (гл. Кодэкс Кананічнага Права, кан. 988, §1). Вызнанне грахоў павінна быць шчырым і поўным, таму перад споведдзю робіцца рахунак сумлення, дзякуючы якому пэнітэнт належным чынам рыхтуецца да сустрэчы з Хрыстом у сакрамэнце паяднання. Паколькі рахунак сумлення і сама споведзь звязаны з памяццю, то можа здарыцца так, што хтосьці забудзе нейкі грэх і не зможа яго вызнаць (бо проста не памятае), выканаўшы пры тым усе пяць умоваў, пра якія кажа катэхізіс. У такім выпадку споведзь сапраўдная і пэнітэнт не мае патрэбы вяртацца да канфесіянала ні адразу пасля споведзі ні на наступны дзень. Пасля словаў «больш грахоў не памятаю» дадаём «за ўсе раскайваюся», што пацвярджае наш сапраўдны жаль, якім ахопліваем усе ўчыненыя намі грахі. Верым, што падчас споведзі Бог прабачае менавіта ўсе грахі, як вызнаныя, так і забытыя, і такім чынам адкрываецца дарога да з’яднання з Хрыстом у святой Камуніі. Калі хтосьці пасля споведзі ўспомніць цяжкія грахі, хоць здаецца, што складана забыць менавіта такія грахі, беручы пад увагу іх сур’ёзнасць і матэрыю, аднак усё можа здарыцца, і тады пры наступнай споведзі, незалежна ад таго як часта хто спавядаецца, трэба вызнаць таксама і забытыя цяжкія грахі (некаторыя вернікі спавядаюцца рэгулярна раз у два тыдні ці раз у месяц, іншыя — радзей). Калі ж кагосьці, нягледзячы на веданне праўды аб прабачэнні ўсіх грахоў (таксама забытых), сумленне моцна дакарае, не дазваляючы прыступаць да святой Камуніі, тады варта скарыстацца сакрамэнтам паяднання, не чакаючы дня рэгулярнай споведзі. Гэты прынцып не датычыць людзей са скрупулёзным сумленнем, якія маглі б спавядацца нават па некалькі разоў у дзень. Наогул няма абавязку вызнаваць забытыя лёгкія грахі. Вызнанне забытых грахоў адбываецца на пачатку споведзі, і дапамагае нам у гэтым сама формула «Апошні раз быў на споведзі…, ніводнага граху не ўтаіў». Менавіта ў гэты момант можам сказаць пра цяжкія грахі, забытыя на апошняй споведзі ці нават учыненыя даўно і яшчэ не вызнаныя.

Няшчырая споведзь

Дзеля ўдакладнення трэба дадаць, што іншая сітуацыя ў выпадку няшчырасці і ўтойвання грахоў. Калі вернік наўмысна не вызнае цяжкія грахі ці спавядаецца з іх няшчыра і няпоўна (напрыклад, называе так, каб святар не зразумеў, што гэта цяжкія грахі), то тады ён не толькі становіцца хлусам, а ставіць бар’ер для Божай міласэрнасці. Тады споведзь можа стаць несапраўднай і святатацкай, што ў сваю чаргу з’яўляецца грахом. Разважаючы пра споведзь, варта звярнуцца да словаў Езуса Хрыста, які аб’яўляўся святой Фаўстыне Кавальскай: «Дачка, калі прыступаеш да святой споведзі, да гэтай крыніцы Маёй міласэрнасці, на тваю душу заўсёды сплываюць Мая кроў і вада, якія выплылі з Майго сэрца і ўзвышаюць тваю душу. Кожны раз, набліжаючыся да канфесіянала, з вялікім даверам цалкам пагружайся ў Маю міласэрнасць, каб Я мог выліць на тваю душу шчодрасць сваёй ласкі. Калі ты прыходзіш на споведзь, ведай, што Я сам чакаю цябе ў канфесіянале; Я толькі засланяюся святаром, але сам дзейнічаю ў душы. Тут мізэрнасць душы сустракаецца з Богам міласэрнасці. Скажы душам, што з гэтай крыніцы міласэрнасці душы чэрпаюць ласкі толькі начыннем даверу. Калі іх давер будзе вялікі, Маёй шчодрасці не будзе межаў. Струмені Маёй ласкі заліваюць пакорныя душы. Ганарлівыя — заўсёды ў бядзе і ўбостве, бо Мая ласка адварочваецца ад іх да пакорных душаў» (Дз., 1602).

На заканчэнне хачу нагадаць, што вартасць чалавечага чыну залежыць ад матэрыі, свядомасці і свабоды волі. Для таго, каб прызнаць грэх цяжкім (смяротным), неабходныя адначасова тры крытэрыі: «Смяротны грэх — гэта той, які датычыць сур’ёзнай матэрыі, і які быў здзейснены з поўным усведамленнем і цалкавітай згодай волі» (гл. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, 1857). Варта памятаць пра гэта, калі ўзгадваем нейкія грахі з мінулага. Праўдаю ёсць таксама тое, што калі мы, напрыклад, узгадваем у дарослым жыцці грахі з дзяцінства, то хочам запрасіць Езуса менавіта ў тую рэчаіснасць, якая раней была схаванаю.

Ave-maria.by, айцец Аркадзь Куляха OCD

для друку для друку