Бяздомныя прайшлі вакцынацыю ў Ватыкане

20 студзеня 2021 года раніцай у Ватыкане 25 рымскіх бяздомных атрымалі першую дозу вакцыны супраць COVID-19, — паведаміў кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы Матэа Бруні.

Вакцынацыя супраць COVID-19 праходзіць у ватыканскай Зале Паўла VI і каардынуецца Упраўленнем аховы здароўя і гігіены. Бяздомныя, якія прайшлі першую фазу вакцынацыі, карыстаюцца дапамогай і жыллём, прапанаванымі Апостальскай элемазінарыяй, якую ўзначальвае кардынал Конрад Краеўскі.

Як паведаміў Бруні, у бліжэйшыя дні будзе прышчэплена яшчэ адна група бяздомных. Адначасова ў Ватыкане працягваецца вакцынацыя работнікаў, якія раней заявілі аб гатоўнасці скарыстацца гэтай магчымасцю.

Ватыкан замовіў каля 10 тыс. доз вакцыны ў нямецкага вытворцы Biontech і яго партнёра з ЗША Pfizer. Гэтай колькасці павінна хапіць для супрацоўнікаў Апостальскай Сталіцы і застрахаваных у Ватыкане асоб і пенсіянераў.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку