– Як яго там клікалі? Мульціакунь? Гіперлешч?
– Палікарп.
– Дакладна.
Гэткім жартам распачынаем знаёміцца з наступным пасля св. Ігнацыя Антыёхскага Айцом Касцёла – св. Палікарпам Смірнскім.
Што мы ведаем пра Палікарпа?
Палікарп Смірнскі быў адным з найбольш значных Айцоў Касцёла апостальскага перыяду. Гісторыя, на жаль, хавае ад нас дакладныя даты яго жыцця. Верагодна, ён нарадзіўся дзесьці паміж 70 і 80 гг. І ст. і прыняў мучаніцкую смерць у 50-х ці 60-х гадах II ст. Аднак вядома, што Палікарп быў біскупам Смірны – горада, які цяпер называецца Ізмір і знаходзіцца ў Турцыі, на заходнім узбярэжжы паўвострава Малая Азія. Ён кіраваў там касцельнай супольнасцю, штодзень абвяшчаючы Евангелле і фармуючы хрысціян паводле Духа Хрыста. Яму аднаму з нямногіх пашчасціла насіць пачэсны тытул апостальскага вучня, бо яго настаўнікам быў сам св. Апостал Ян. Таксама вядома, што Палікарп падчас прыпынку ў Смірне сустрэўся са святым мучанікам Ігнацыем, біскупам Антыёхскім, якога пад канвоем вялі ў Рым. Падчас наступнага прыпынку, ужо ў Траадзе, Ігнацый напісаў і адправіў пасланне, адрасаванае біскупу Палікарпу. Як бачым, Палікарп быў чалавекам вялікага аўтарытэту, прызнання і павагі.
Праўдзівы сведка веры
Калі прыйшоў час пераследу веры, і Палікарпа, і шмат іншых кіраўнікоў мясцовых Касцёлаў арыштавалі і збіраліся за вызнаванне хрысціянскага вучэння забіць на арэне. Палікарп быў тады ўжо вельмі сталым чалавекам. Захаваўся кранальны аповед пра яго мучаніцкую смерць.
Палікарпа, 80-гадовага старца, прывялі на стадыён і прысудзілі да пакарання смерцю як хрысціяніна, г.зн., паводле меркавання язычнікаў, як прапаведніка вучэння, што “разбурае” існуючы лад жыцця.
Аднак яму далі шанец перайсці ў стары язычніцкі культ (Палікарп нарадзіўся ў хрысціянскай сям’і і ніколі не быў язычнікам) і такім чынам выратаваць сваё жыццё. Таму імператарскі чыноўнік, каторы павінен быў выканаць пакаральны прысуд, даў яму магчымасць захавання жыцця, загадваючы праклясці “бязбожнікаў”. Кім былі тыя “бязбожнікі”? У вачах язычнікаў “бязбожнікамі” лічыліся хрысціяне, бо яны не хадзілі ў язычніцкія храмы, не прыносілі ахвяры і не вялі рэлігійнае жыццё так, як гэта рабіла большасць грамадства.
Чытач цяпер, напэўна, вельмі здзівіцца, бо Палікарп усё ж такі прыняў прапанову чыноўніка праклясці “бязбожнікаў”! Як гэта так?! Вялікі святы, маральны аўтарытэт Касцёла, вельмі шанаваны біскуп – і здрадзіў Хрысту? Не, не здрадзіў! Палікарп павярнуўся да трыбун, дзе сядзелі тыя, якія пакланяліся язычніцкім ідалам, і заявіў, што менавіта яны, а не хрысціяне, памыляюцца і не ведаюць сапраўднага Бога. Тады раз’юшаны свабодай духу і адсутнасцю страху перад смерцю састарэлага біскупа імператарскі чыноўнік выкрыкнуў: “Пракляні Хрыста, і тады ўратуеш сваё жыццё!” На што Палікарп са стаічным спакоем адказаў, што свядома служыў гэтаму добраму Богу больш за 70 гадоў і нічога дрэннага Ён яму не зрабіў. Дык навошта тады Яму адплочваць злом за дабро?
Няцяжка здагадацца, што адбылося далей…
Дарэчы, падчас выканання смяротнага прысуду ўсе прысутныя сталіся сведкамі цуду. Прывязанага да падпаленага стогу сена Палікарпа не ахапіў агонь. Таму адзін з салдат працяў яго кінжалам, і так Палікарп аддаў душу Богу. Сталася гэта 23 лютага 155 г. З якім словам асацыюецца ў нас 23 лютага, дзень літургічнага ўспаміну святога? Правільна, са словам “абаронца”. Біскуп Палікарп стаў сапраўдным абаронцам веры аж да смерці. Сёння мы б таксама сказалі – сапраўдным героем хрысціянства.
Творы Палікарпа
Са шматлікіх пасланняў Палікарпа Смірнскага да суседніх Касцёлаў захавалася толькі адно, з якім ён звярнуўся да супольнасці філіпянаў. У ім біскуп заклікаў вернікаў: “Давайце заўсёды будзем з Тым, Хто з’яўляецца нашай надзеяй і задаткам нашай справядлівасці, Езусам Хрыстом, Які ў сваім целе панёс нашыя грахі на дрэва, «Які не ўчыніў граху, і не было падману ў вуснах Ягоных». Ён для нас, каб мы жылі з Ім, усё выцярпеў. Таму давайце станем пераймальнікамі яго цярплівасці, і калі мы церпім за Яго імя, тады давайце славіць Яго. Бо гэта ўзор, які Ён даў нам у сабе, і мы ў гэта паверылі”.
Ці не засталося больш ніякіх цікавых фактаў з жыцця Палікарпа?
Правераныя крыніцы падаюць, што прыблізна ў 154 г. біскуп Смірнскі адправіўся з афіцыйным візітам у Рым для вырашэння з біскупам гэтага горада, Папам Анікетам, розных касцельных спраў. Аднак галоўным пытаннем было ўзгадненне даты святкавання Вялікадня. Нават сёння, у XXI ст., хрысціяне дастаткова рэдка святкуюць Пасху ў адзін дзень. Тады ж у рымскім Касцёле Уваскрасенне Пана адзначалася ў першую нядзелю пасля 14 дня габрэйскага месяца нісан, а на Усходзе – у самы гэты дзень, 14 нісана. На жаль, справа так і засталася нявырашанай. Кансэнсусу не знайшлі. Кожны з біскупаў застаўся пры сваім меркаванні. Нягледзячы на гэта, Анікет і Палікарп захавалі касцельную еднасць, а на знак пашаны да Палікарпа Анікет дазволіў яму цэлебраваць Эўхарыстыю ў сваім Касцёле. Расколу не адбылося, і за гэта мы дзякуем Богу!
Захаваліся таксама сведчанні таго, што падчас падарожжа дадому Палікарп сваімі прамовамі пераканаў шмат ерэтыкоў і адступнікаў, галоўным чынам, маркіянітаў і валентыніянаў, вярнуцца да сапраўднага Хрыстовага вучэння. Таму, нават нягледзячы на дыпламатычнае фіяска ў справе даты святкавання Вялікадня, Палікарп праявіў сябе як вялікі евангелізатар і сапраўдная надзея для тых, хто пакінуў супольнасць Касцёла.
Характарыстыка эпохі Палікарпа
Свабода ад страху перад смерцю, з якой Палікарп развітаўся з зямным жыццём, – гэта тое, што асаблівым чынам характарызавала тагачасных хрысціян, перакананых, што жыццё вечнае нашмат важнейшае за дабрабыт гэтага свету, бо яно выходзіць па-за яго межы. Па гэтай прычыне першыя хрысціяне былі гатовыя не толькі аддаць сваё жыццё, але зрабіць гэта з вялікім спакоем у душы, з унутранай раўнавагай, з упэўненасцю, што, паміраючы за веру, яны не трацяць жыццё. Безумоўна, такая свабода ад прывязанасці да часовых і прамінальных рэчаў асаблівым чынам выяўляецца ў мучаніцкай смерці, як гэта было ў выпадку св. Палікарпа. Але, больш за тое, яна пранізвае ўсё жыццё чалавека, які даверыўся Богу. Па гэтай прычыне ў тэкстах Айцоў Касцёла І ст. адным з галоўных настаўленняў, скіраваным да хрысціян, якое, быццам літанія, паўтаралася ўвесь час, быў заклік вытрымаць цярпенні, з даверам і спакоем перанесці ўсе нягоды.
Мучанікі І ст. не баяліся цаны, якую трэба было заплаціць за тое, каб заставацца добрымі людзьмі. Яны не скардзіліся, што за іх справядлівасць, адкрытасць, дабрыню, спагадлівасць, лагоднасць церпяць і паміраюць. Бо Хрыстус аддаў сваё жыццё менавіта таму, што бязмежна ўзлюбіў нас. Калі Ён так шмат цярпеў за нас, чаму ж мы тады павінны абмяжоўваць нашу дабрыню толькі таму, што спазнаём так шмат болю, так шмат пакут…
Св. Палікарп Смірнскі сваім навучаннем і мучаніцкай смерцю цудоўна сведчыць, што вернасць Хрысту вызваляе чалавека ад страху перад смерцю і цярпеннем.
кс. Павел Эйсмант
для друку