Айцы Касцёла. Святы Ігнацый Антыёхскі

Хрысціянская вера, нібы птушка ў паветры, абапіраецца на два крылы: Святое Пісанне і Касцельную Традыцыю. Першае, напісанае цэлым шэрагам натхнёных Духам Святым людзей, з’яўляецца Божым словам, якім мы штодня жывём. Другое “крыло” – Традыцыя з вялікай літары “Т” – гэта апостальскае вучэнне, якое не было змешчана ў Бібліі, але, маючы сваю крыніцу ў навучанні дванаццаці Апосталаў, перадавалася вусна, а ўжо пасля было запісана і пададзена для веравання. Сведкамі Апостальскай Традыцыі, якая непадзельна звязана з напісаным Божым словам, ёсць аўтары, якіх мы агульна называем Айцамі Касцёла.

Касцёл у Антыёхіі

Першым Айцом Касцёла, з якім мы пазнаёмімся, будзе св. Ігнацый Антыёхскі. Касцёл у Антыёхіі з’яўляецца найстарэйшай хрысціянскай супольнасцю ў свеце пасля Ерузалема. Калі ў Ерузалеме распачаўся пераслед вызнаўцаў вучэння Хрыста, яны перасяліліся ў найбліжэйшую вялікую метраполію старажытнага свету – Антыёхію. Менавіта там іх упершыню ў гісторыі чалавецтва назвалі хрысціянамі. Святы Пётр, першы Папа рымскі, быў там некаторы час біскупам. Там праводзілі сваю дзейнасць святыя апосталы-місіянеры Павел і Барнаба. Адтуль яны вырушылі ў падарожжа на землі сённяшняй Турцыі, у Малую Азію, для заснавання хрысціянскіх супольнасцяў. Вядома, гэта ў іх добра атрымалася.

У канцы І ст. біскупам горада Антыёхія быў Ігнацый, святы Касцёла, літургічны ўспамін якога прыпадае на 17 кастрычніка. У той час у Рымскай імперыі, да каторага належала Антыёхія, пачаўся моцны пераслед веры. Хрысціянская кроў лілася рэкамі. Кіраўнік мясцовага Касцёла біскуп Ігнацый быў схоплены і прысуджаны бязлітасным суддзёй да смяротнага пакарання. Месцам выканання прысуду павінна была стаць размешчаная “на другім канцы свету” рымская арэна. Публічная смерць хрысціянскага кіраўніка, гэтае крывавае шоу з дзікімі звярамі і беднай ахвярай у галоўнай ролі, мела за мэту, па першае, задаволіць язычнікаў, прызвычаеных да “хлеба і відовішчаў”, а па-другое, запалохаць усіх астатніх, каб або засталіся язычнікамі, або адракліся ад хрысціянства.

Падарожжа арыштаванага біскупа ў Рым

Рымскае войска правяло біскупа Ігнацыя праз усю Малую Азію, каб затым морам перавезці яго ў Рым, дзе ён павінен быў прыняць мучаніцкую смерць. Гэтае падарожжа глыбока запомнілася самому Ігнацыю. Як ён пісаў у Пасланні да Рымлянаў: “…Я прыкаваны да дзесяці леапардаў, гэта значыць да аддзелу салдат, якія бываюць тым горшыя, чым больш я для іх бываю добры”. Але гэта было вельмі моцнае перажыванне таксама для хрысціянскіх супольнасцяў, гэта значыць, для ўсіх тых, хто сустрэўся з біскупам старажытнага Антыёхскага Касцёла, каторы мужна і адважна, без боязі і страху ішоў на мучаніцкую смерць.

Падчас свайго падарожжа біскуп Ігнацый сустрэўся з прадстаўнікамі касцельных супольнасцяў, якія прыбылі да яго з розных куткоў Малой Азіі, каб яго суцешыць і ўмацаваць, а таксама падтрымаць у падарожжы. Захаваліся Пасланні, што ён пісаў да гэтых касцельных супольнасцяў. У іх біскуп заахвочвае вернікаў захоўваць Евангелле Хрыста, прабываць у супокоі, быць цярплівымі, чакаць прыйсця Божага Валадарства. У той жа час Ігнацый імкнецца, каб вернікі заставаліся ў адзінстве са сваім біскупам, з вернікамі з іншых супольнасцяў і адзін з адным. Прычым выкарыстоўвае для гэтага музыку. Біскуп піша, што праз еднасць і любоў, спалучаную са згодай, вернікі быццам ствараюць жывую сімфонію: “Таму ў еднасці вашай і ў згоднай любові гучыць песня Езуса Хрыста. Вы ўсе ўтворыце хор, каб, будучы згоднымі і аднадумнымі, напяваючы ў еднасці Божыя ноты, у адзін голас праз Езуса Хрыста спявалі Айцу…” Вернікі маюць абавязак трываць у Езусе, наследаваць Яго і ўсё больш яднацца з Ім. Ігнацый таксама перасцерагае ад ерасяў, памылковых вучэнняў, якія, падшываючыся пад вучэнне Хрыста, быццам атрута, пранікалі ў мясцовыя супольнасці. У асноўным Ігнацый рашуча змагаўся супраць ерасі дакетызму, калі абвяшчалася, што Езус Хрыстус не стаўся сапраўдным Чалавекам, але толькі стварыў уражанне, што Ён мае чалавечае цела. Што ўсе мукі і смерць Хрыста былі толькі прывідам, а не рэальнай падзеяй.

Найбольш каштоўным, аднак, у яго Пасланнях з’яўляецца сведчанне яго асабістага прыкладу веры. Біскуп Ігнацый напісаў Пасланне да супольнасці ў Рыме, куды ён павінен быў прыехаць непасрэдна перад мучаніцкай смерцю на арэне. Цікава, што сваё Пасланне ён кіруе “…Касцёлу, які трымае першае месца,… які годны Бога, годны паважання, годны хвалы, годны праслаўлення, годны поспеху, годны святасці, які займае першае месца ў лучнасці любові…” Некаторыя вучоныя мяркуюць, што выраз “які займае першае месца ў лучнасці любові” – гэта прызнанне прымату рымскага Касцёла. Калі гэта сапраўды так, то мы маем яшчэ адно пацвярджэнне старажытнасці гэтага дагматычнага вучэння Касцёла.

Я – Божая пшаніца

У гэтым Пасланні, якое ў цэласці захавалася да нашых дзён, Ігнацый, ведаючы, што хрысціяне, верагодна, маючы нейкія сувязі пры імператарскім двары, могуць дамагацца яго вызвалення, просіць іх не рабіць гэтага. Ён хоча памерці мучаніцкай смерцю. Біскуп налягае: “Я малю вас, не аказвайце мне дабрыні, якая не мае сэнсу. Дазвольце мне стаць здабычай дзікіх звяроў, бо праз іх я дайду да Бога. Я – Божая пшаніца, а зубы дзікіх звяроў мяне сціраюць на муку, каб я стаў чыстым хлебам Хрыста”.

Пішучы рымлянам, ён таксама нам адкрывае тое, што адбываецца ў яго сэрцы і розуме. Дзякуючы гэтаму мы маем уяўленне пра жыццёвую пазіцыю хрысціяніна, які так прывязаўся да Евангелля, што зямное жыццё перастала яму падабацца, таму ён выракаецца яго. Біскуп Ігнацый піша: «Мне не патрэбная асалода гэтага свету і зямных валадарстваў. Для мяне лепш памерці, каб далучыцца да Хрыста, чым валадарыць да краю зямлі. Я шукаю Таго, Хто памёр за нас, жадаю Таго, Хто ўваскрос дзеля нас». Калі Ігнацый гаворыць пра сваю смерць, пра свой адыход з гэтага свету, ён кажа: «Набліжаюцца мае народзіны». Цяжка, аднак, неспрактыкаванаму чалавеку адрозніць у іншым святасць ад псіхічнай неадэкватнасці…

Пра Хрыста, да Якога Ігнацый хоча далучыцца, у “Пасланні да эфесцаў” ён выказваецца наступным чынам: “Хрыстус – гэта сапраўдны Бог і сапраўдны Чалавек, “народжаны і ненарожданы, Бог, пакрыты целам, у смерці праўдзівае жыццё, і з Марыі, і з Бога, найперш падданы цярпенням, а потым Той, Які іх не адчувае. Езус Хрыстус – наш Пан…”

Ідзі да Айца…

Хрысціянскае жыццё праходзіць пасярод гэтага свету, але на самай справе гэта чаканне паўнаты жыцця, якое заключаецца ў еднасці з Богам. Таму біскуп антыёхскі просіць хрысціянскую супольнасць: «Не перашкаджайце мне жыць, не жадайце маёй смерці. Таго, хто хоча належаць Богу, не аддавайце свету і не падманвайце матэрыяй. Дай мне атрымаць чыстае святло. Калі я туды дабяруся, я буду чалавекам». Гэта глыбокае перакананне біскупа Ігнацыя, што чалавечнасць – не зямное жыццё. Быць чалавекам азначае глядзець на Бога, сузіраць Таго, Хто нас стварыў. Таму чалавечае жыццё і быццё чалавекам пачынаецца менавіта ў той момант, калі мы яднаемся з Богам.

Біскуп Ігнацый, аднак, у гэтым лісце таксама сведчыць, што такое стаўленне не зусім трывалае і непахіснае. Як лёгка чалавеку скарыцца, зламацца пад знешнім ціскам! Ён вельмі выразна піша аб гэтым у “Пасланні да рымлянаў”: «Князь гэтага свету хоча выкрасці мяне і знішчыць маё стаўленне да Бога. Няхай ніхто з вас тут не дапамагае яму ў гэтым. Лепш будзьце са мной, гэта значыць, з Богам. Не пажадайце свету, кажучы пра Езуса Хрыста». І дадае: «І нават калі б я, будучы ўжо з вамі, пачаў прасіць вас вызваліць мяне, не слухайце мяне, але лепш выконвайце тое, што я вам сёння пішу». Ігнацый ведае, што яму давядзецца змагацца, што яго прывязанасці да Бога ўсё роўна давядзецца сутыкнуцца з прывязанасцю да зямных рэчаў. Аднак ён глыбока перакананы, што больш моцным і праўдзівым у ім з’яўляецца прагненне Бога, чым любоў да гэтага свету. А потым у Пасланні ён піша прыгожыя словы: «Распятыя мае зямныя жаданні. Агню любові да матэрыяльных рэчаў ужо няма ўва мне, а ёсць толькі Жывая Вада, якая прамаўляе ўва мне, якая кліча мяне знутры: ідзі да Айца». Гэта сведчанне новага жыцця, якое з’яўляецца ў хрысціяніну. Зямное жыццё добра пазнаецца ўсякай прывязанасцю да гэтага свету, вечнае жыццё, якое пачынаецца дзякуючы веры ў Езуса Хрыста, падобнае да ціхай вады, што прамаўляла да біскупа: «Ідзі да Айца».

Таму не дзіўна, што сустрэча са святым біскупам Ігнацыем, які ішоў на рымскую арэну, каб аддаць сваё жыццё, так глыбока ўрэзалася ў памяць Касцёла. Мы дагэтуль памятаем яго вялікую і святую мучаніцкую смерць.

Ксёндз Павел Эйсмант

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі