На заканчэнне агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 26 лістапада 2025 года ў Ватыкане, Папа Леў XIV папрасіў вернікаў аб малітве за маючае адбыцца падарожжа ў Турцыю і Ліван, а таксама нагадаў пра набліжэнне Адвэнта.
“Заўтра я адпраўлюся ў Турцыю, а потым у Ліван, каб здзейсніць візіт да дарагіх народаў гэтых краін, багатых гісторыяй і духоўнасцю. Гэта стане таксама нагодай, каб узгадаць пра 1700-годдзе першага экуменічнага Сабора, які праходзіў у Нікеі, і каб сустрэцца з каталіцкай супольнасцю, братамі-хрысціянамі і вернікамі іншых рэлігій. Прашу ўсіх суправаджаць мяне вашай малітвай”, — сказаў Святы Айцец.
Пантыфік таксама адзначыў, што 30 лістапада, у першую нядзелю Адвэнта, Касцёл распачне новы літургічны год. “Няхай гэты час, які рыхтуе нас да Божага Нараджэння, абудзіць ва ўсіх жаданне сустрэць Бога, Які прыходзіць”, — пажадаў Папа.
Аляксандр Панчанка — беларуская рэдакцыя Vatican News
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!