5 гадоў за плячыма. На пытанні адказваюць супрацоўнікі “Каталіцкага Весніка”

kv_5_god5 красавіка “Каталіцкі Веснік” адзначыў свой 5-цігадовы юбілей. З гэтай нагоды супрацоўнікі рэдакцыі адказалі на наступныя пытанні:

miseviczКс. Віктар Місевіч, галоўны рэдактар:

– Што для Вас “Каталіцкі Веснік”?

– Газета “Каталіцкі Веснік” для мяне – гэта не проста медыйны праект і нават не проста праца ў рэдакцыі. Газета – гэта як парафія. Гэта вялікая супольнасць. Я адчуваю выразную сувязь з нашымі чытачамі праз іх тэлефанаванні, лісты ці проста размовы пры сустрэчы. Зрэшты, некаторыя рубрыкі ў газеце з’явіліся менавіта па прапанове нашых чытачоў. Таму мне здаецца, што ў рэдактарскай працы я рэалізую не толькі свой журналісцкі патэнцыял, але і душпастырскі. І сёння дзякую Богу за гэтую ўнікальную магчымасць працы ў газеце ў якасці рэдактара.

SinkevichМарына Сінкевіч, фатограф:

– Які фотаздымак найбольш падабаецца і чаму?

– За тры гады маёй працы фотаархіў атрымаўся дастаткова вялікі. І выбраць адзін, найбольш улюбёны фотаздымак сярод звыш 30 тысяч – гэта дастаткова складана. У кожнай пілігрымцы, урачыстасці, рэпартажы, інтэрв’ю ці простым асвятленні падзеі з жыцця пэўнай парафіі заўсёды знойдзецца тое фота, якое будзе бліжэй да сэрца. Звычайна гэта твары людзей з эмоцыямі: радасць, здзіўленне, засяроджанне на малітве, увага, роспач, неспакой ці проста звычайная стомленасць.

Кожны раз перад тым, як проста націснуць на кнопку, спачатку шукаю асобу ці пэўны момант. Часам нават некалькі хвілін можа спатрэбіцца, каб «схапіць» аб’ектывам фотакамеры той кадр, які пасля захаваецца ў памяці карыстальнікаў CatholicNews.by.

Асвятляць падзеі ў Каталіцкім Касцёле – вельмі адказная справа. Праз фотаздымкі чытач акунаецца ў пэўную сітуацыю і вачыма фотакора бачыць тое, што на свае вочы ўбачыць не змог.

babiczЮрась Бабіч, карэктар:

– Назавіце памылкі, якія за час існавання “Весніка” паўтараліся найчасцей? 

– Найчасцей у лістах назіраюцца памылкі, звязаныя з уплывам рускай мовы. Не сакрэт, што абсалютная большасць чытачоў, карэспандэнтаў думае па-руску, а потым спрабуе запісаць фразу, сказ па-беларуску. І аўтаматычна пераносяць на беларускамоўную глебу марфалагічныя, сінтаксічныя ды лексічныя асаблівасці рускай мовы, што па-беларуску глядзіцца зусім не натуральна. Колькі прыкладаў тыповых памылак: вялікае дзякуй усім (трэба: вялікі дзякуй); падзякавалі святара (трэба: падзякавалі святару); пробашч сам даглядае за кветкамі (трэба: сам даглядае кветкі); выправіліся за новымі ўражаннямі (трэба: выправіліся па новыя ўражанні); веруючыя дапамагаюць святару (трэба: вернікі дапамагаюць святару); парафіяне прыгатаваліся да сустрэчы біскупа (трэба: парафіяне падрыхтаваліся да сустрэчы біскупа) і інш.

Але варта адзначыць, што ўвогуле чытачы Весніка, мясцовыя карэспандэнты даволі добра валодаюць беларускай літаратурнай мовай. А названыя тыповыя памылкі заўважаюцца, хутчэй, прафесійнымі лінгвістамі, а не шараговымі чытачамі. Зрэшты, на павышэнне культуры беларускай мовы ўвогуле і ў нашым выданні ў прыватнасці якраз і скіраваная адпаведная моўная рубрыка, што выходзіць у кожным нумары «Каталіцкага Весніка».

lupaczЗміцер Лупач, тэхнічны рэдактар:

– Рэчы, якія неабходныя для ажыццяўлення якаснай дзейнасці тэхнічнага рэдактара?

– Для якаснай працы тэхнічнага рэдактара трэба добрая тэхніка, якую мы зараз маем, трэба мець памяшканне рэдакцыі, бо мы тры гады працавалі без гэтага. Яшчэ патрэбны добры калектыў і ўзаемаразуменне ў ім. Гэта таксама, на маю думку, у нас ёсць. Тут трэба адзначыць, што ў немалой ступені гэта заслуга нашага галоўнага рэдактара ксяндза Віктара Місевіча. Дзякуючы яму наша газета працягвае развівацца ў наш няпросты час, калі людзі ўжо не хочуць наогул нічога чытаць. А яшчэ трэба жаданне працаваць, якое, дзякуй Богу, не толькі не знікла за пяць гадоў, а стала яшчэ больш моцным.

jurykЛеанід Юрык, відэааператар:

– Сітуацыя, якая найлепш запомнілася?

– Некалькі гадоў таму ўзнікла ідэя развіваць сайт нашай газеты. Сучасны сайт нельга ўявіць без відэаматэрыялаў. А для гэтага патрэбна добрая тэхнічная база, якая дзякуючы намаганням нашага галоўнага рэдактара ў нас з’явілася. Зараз нас ведаюць амаль па ўсёй Віцебскай дыяцэзіі, і не толькі… Мы цяпер здымаем і ў Гродзенскай, і ў Мінскай, і ў Пінскай дыяцэзіях, нават з’ездзілі ў Эстонію. Самай цікавай, на маю думку, была паездка ў Мядзел, калі мы рабілі рэпартаж пра Кальварыю. Мы тады прайшлі з малітвай разам з Папскім Нунцыем арцыбіскупам Клаўдыё Гуджэроці не адзін кіламетр. І хаця мне трэба было ўвесь гэты час працаваць з камерай, стомленасці ад не адчувалася. А яшчэ я спадзяюся, што мне ўдасца зняць прыезд Папы ў Беларусь.

Гутарыла Ірына Грэйць

Вынікі апытання на сайце Сatholicnews.by і ў Facebook, Укантакце, Аднакласніках

Якія рубрыкі “Каталіцкага Весніка” Вам найбольш падабаюцца?

Пытанне святару – 46 адказаў;
Навіны, падзеі – 26 адказаў;
Рэпартаж – 19 адказаў;
Інтэрв’ю – 11 адказаў;
Аўдыя і відэа – 10 адказаў;
Віктарына – 9 адказаў;
Псіхалогія – 7 адказаў;
Як правільна казаць па-беларуску – 6 адказаў;
Апытанне – 4 адказы.

Усяго апытаных – 138 чалавек

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі