Канец чэрвеня пачатак ліпеня – асаблівы час, калі дарогі нашай Бацькаўшчыны напаўняюцца спевамі, малітвамі, вясёлымі ўсмешкамі пілігрымаў. Куды кіруюць яны свае крокі? Канешне ж, у санктуарый Маці Божай Будслаўскай.
3 ліпеня да Багародзіцы прыбыло 2780 пілігрымаў. Гэта былі самыя разнастайныя групы паводле настрою, колькасці ўдзельнікаў, пройдзеных кіламетраў. Сярод іх, дарэчы, былі пілігрымы, якія прыехалі на роварах і нават на сучасных мона-колах.
Мы задалі пілігрымам пяць пытанняў. Запрашаем пачытаць шчырыя, цікавыя і часам нечаканыя адказы.
- Калі адбылася Вашая першая пілігрымка? Куды Вы ішлі? Колькі Вам было гадоў? Што найбольш запомнілася?
- Што натхняе падчас пілігрымкі?
- Што ў пілігрымцы самае цяжкае?
- З якімі думкамі кленчылі Вы сёлета перад Маці Божай?
- Што б Вы сказалі чалавеку, які ні разу не быў у пілігрымцы?
Аліна Угорыч, 35 гадоў. Арганізатар і ўдзельніца сямейнай пілігрымкі з Пузыроў у Будслаў
1. Першая пілігрымка ў маім жыцці адбылася ў старэйшых класах школы. Мы ішлі ў санктуарый Маці Божай Лагішынскай. І, шчыра кажучы, у той пілігрымцы мяне вельмі ўразіла традыцыя кусташа санктуарыя частаваць пілігрымаў гарачымі лагішынскімі пончыкамі. Падаецца, што дагэтуль памятаю іх смак.
2. Самым натхняльным момантам пілігрымкі ў гэтым годзе для мяне стала размова з кусташам кс. Аляксеем Раманчуком. Мы сустрэліся за некалькі дзён да ўрачыстасцяў і заўважылі, што кс. Аляксей вельмі стомлены. Разам з тым, яго вочы ззялі шчасцем. Гэты позірк натхніў працягваць рабіць тое, што магу, там, дзе я сёння ёсць, не баючыся стаміцца.
3. Апошнія 11 гадоў мы з мужам удзельнічаем у арганізацыі сямейнай пілігрымкі. І самае складанае для мяне – даверыцца Богу і перастаць старацца ўсё трымаць пад кантролем.
4. У гэтым годзе перад абразом Маці Божай я дзякавала Богу за сваю сям’ю. Прасіла аб дары мудрасці ў выхаванні дзяцей, а таксама любові там, дзе я па-чалавечы любоў згубіла.
5. Калісьці ад ксяндза Чэслава Паўлюкевіча ў Росі я пачула думку, чаму санктуарый з’яўляецца асаблівым месцам. Ён параўнаў санктуарый з крынічкай. У жыцці, каб здабыць ваду, трэба выкапаць студню, а калі знайсці крынічку, то вада будзе на паверхні. Так і ў санктуарыі: трэба проста прыйсці і стаць на калені, каб напоўніць сэрца супакоем і Божай любоўю. Галоўнае, каб у сэрцы было для яе месца.
Крысціна Багушэвіч, 22 гады. Удзельніца сэрцанскай пілігрымкі Паставы – Будслаў, адказная за музычнае суправаджэнне
1. Першы раз я ішла з Варапаева ў Будслаў у 2011 ці 2012 годзе. Мне было 7 ці 8 гадоў, таму ўжо амаль нічога не памятаю з таго часу. Але запомнілася, як мая хросная маці зрабіла для мяне вянок з палявых кветак. Карэспандэнт сфатаграфаваў мяне з гэтым вянком для адной газеты. Гэта быў першы класны вопыт.
2. Натхняе еднасць пілігрымаў, неверагодныя краявіды і тое, што ўсё гэта мы атрымалі з рук Творцы. Натхняе служэнне ў пілігрымцы.
3. Самае цяжкае не пераўтварыць пілігрымку ў вясёлы паход. Класна весяліцца і гэтым славіць Бога, але ўсё павінна быць у меру.
4. Сёлета кленчыла перад Маці з падзякай за пражыты год і просьбай аб узмацненні веры.
5. Чалавеку, які ні разу не быў у пілігрымцы, сказала б, што абавязкова трэба схадзіць!
Антон Сямашка, 18 гадоў. Удзельнік пілігрымкі Глыбокае – Будслаў
1. Першая пілігрымка адбылася з Глыбокага ў Будслаў. Мне было 14, а год быў 2021. Праз пандэмію мы выйшлі невялікай групай моладзі і кожную ноч спалі ў намётах.
2. Натхняе мэта пілігрымавання, а таксама хрысціянская супольнасць і адчуванне Бога побач. Я шчаслівы, калі магу адарвацца ад штодзённай мітусні і разам плённа правесці час.
3. Самае цяжкае – фізічная стомленасць. Дарэчы, амаль не адчуў яе ў гэтым годзе. У сёлетняй пілігрымцы мне не хапіла цішыні і магчымасці застацца сам-насам са сваімі думкамі, паразважаць пра тое, што адчуў падчас канферэнцый, або паразмаўляць з сябрамі.
4. Перад абразом Маці Божай прадставіў падзякі і просьбы, якія нёс да Яе ўсю дарогу.
5. Пілігрымка – гэта не пра падарожжа, а пра асабісты вопыт, які дазваляе пазнаць сябе, іншых людзей, узмацніць сваю веру. Раю паспрабаваць кожнаму прайсці гэты шлях.
Кацярына Татарыновіч, 15 гадоў. Удзельніца пілігрымкі Глыбокае – Будслаў
1. Першы раз я ішла ў Будслаў у 2024 годзе. Мне тады было 14. Не магу сказаць, што нешта найбольш запомнілася, бо гэта была першая пілігрымка: кожны момант адчуваўся неяк па-асабліваму. Памятаю тыя цёплыя, кранальныя пачуцці, калі выходзілі з Глыбокага, спявалі ўсе разам, як добра праводзілі час з сябрамі на месцах начлегу. Памятаю таксама, як трапятала сэрца пры ўваходзе ў Будслаў, як усе людзі віталі нас. Для мяне гэта была вельмі вялікая радасць.
2. Як і ў кожнай жыццёвай сітуацыі, мяне найбольш натхняе прысутнасць Езуса і Марыі. Менавіта іх прысутнасць і асабістыя размовы з Імі ў сэрцы натхняюць мяне падчас пілігрымкі дапамагаць іншым, імкнуцца любіць іншых, імкнуцца бачыць у кожным чалавеку Хрыста, праводзіць разам з людзьмі час і разам духоўна ўзрастаць.
3. Як ні дзіўна, але ў маім выпадку справа зусім не “ў нагах” (хоць ногі таксама балелі). Самае цяжкае – любіць па-сапраўднаму кожнага чалавека, шукаць Божай Волі і згаджацца з ёй, нават у самых маленькіх і нязначных, на мой погляд, сітуацыях. Вялікая барацьба падчас пілігрымкі яшчэ і ў тым, каб прайсці шлях, шчыра шукаючы Бога сэрцам, не застаючыся на паверхні.
4. Я дзякавала Марыі. Нядаўна даведалася, што мая маці прасіла ў Маці Божай Будслаўскай дзіця, і нарадзілася я. Перад Мамай Марыяй я стаяла з думкамі, што некалькі гадоў таму на гэтым жа месцы была мая маці, і Марыя чула яе, Марыя глядзела на яе. Сёння на гэтым жа месцы Марыя глядзіць на мяне. Яна Сама мяне падарыла і пажадала, каб я была, каб я жыла.
Маё сэрца дакранулася да думкі, што Марыя глядзела на вялікую колькасць людзей, якіх, можа, ужо нават няма на гэтым свеце. Але Яна праз пакаленні тым жа ласкавым позіркам глядзіць на кожнага з нас, тых, што прыйшлі ў святыню. Усе мы Яе дзеці.
5. Скажу так: толькі здаецца, што быць пілігрымам вельмі цяжка і незразумела. Падчас гэтага шляху вы знойдзеце вельмі шмат скарбаў, пра якія нават ніколі не думалі. Пілігрымка – гэта дні, калі забываеш пра свае зямныя справы, пра абавязкі. Мне здаецца, многія сёння пра гэта мараць. Можна проста адпачыць побач з Марыяй, Якая будзе на цябе глядзець, можна прыйсці да Сэрца Маці, Якая з’яднае вашыя сэрцы. Можна проста адчуць любоў Маці за тое, што ты ёсць і ты рызыкнуў да Яе прыйсці.
Брат Уладзіслаў Мінько, удзельнік і арганізатар пілігрымкі Маладзечна – Будслаў
1. Мая першая пілігрымка адбылася ў 2011 годзе з Ракава ў Будслаў. Мне было 18 гадоў. Я скончыў школу, здаў ЦТ і падчас пілігрымкі з хваляваннем даведваўся вынікі экзаменаў.
Прапанаваў ісці ў Будслаў мой сябра і аднакласнік, а сёння сабрат у манастве брат Вадзім Войцек. Я нацёр мазалі, садраў да крыві палец, а ў Будславе маю сумку з рэчамі пераблыталі, і з усіх рэчаў халоднай ноччу на мне засталіся толькі шорты і майка.
Памятаю бабуль, якія сустракалі нас на дарозе і смачна кармілі.
2. Найбольш натхняюць вочы пілігрымаў, нашыя сустрэчы і размовы. Мне, канешне ж, хочацца пабыць з Богам, памаліцца, паразмаўляць. Але сапраўдную радасць я атрымліваю, калі бачу дух сустрэчы, братэрства і спагады.
3. Самае цяжкае – распакавацца на начлег, а потым зранку спакавацца зноў і прывесці рэчы ў парадак. Як арганізатара часта засмучае, калі бачу, што людзі не бачаць і не цэняць важныя рэчы, якія мы імкнёмся падчас шляху ім даць. Ну і, безумоўна, я стамляюся ад тысяч пытанняў. На якія трэба адказваць адначасова. А ўвогуле самае складанае – не ісці ў пілігрымку.
4. Я хацеў прадставіць Маці людзей, з якімі сустракаўся, размаўляў, ведаў іх праблемы і інтэнцыі. Я стаяў з вялікай падзякай за тое, што Яна апекавалася нашай пілігрымкай, клапацілася пра кожнага, і ўсё адбылося як найлепш.
5. Варта не баяцца і пайсці ў пілігрымку. Шлях расплюшчвае вочы на многія рэчы ў жыцці.
Размаўляла Вікторыя Філіпенка
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!