На сённяшні дзень у Касцёле пераважная большасць – жанчыны. Многія з іх нясуць рознае служэнне: з’яўляюцца лектарамі ці кантарамі, выконваюць абавязкі арганіста, сочаць за чысцінёй у храме, займаюцца катэхізацыяй дзяцей і моладзі. Часам жартам Касцёл нават называюць жаноча-каталіцкім, бо роля жанчыны ў парафіяльных супольнасцях дамінантная, ключавая. І гэта зразумела.
Прыгожую палову вызначае шэраг якасцей: уменне глыбока бачыць і тонка адчуваць, адказнасць, уважлівасць, засяроджанасць. Аднак ёсць у кожнай парафіі і мужчыны, якія маюць сваё адмысловае служэнне, імкнуцца да добрага хрысціянскага жыцця. 19 сакавіка Касцёл адзначае ўрачыстасць святога Юзафа, які з’яўляецца прыкладам для кожнага мужчыны-католіка. Напярэдадні ўрачыстасці мы пагутарылі з мужчынамі з розных парафіяльных супольнасцей сталіцы, каб даведацца пра іх служэнне.
Мікалай Васькоў, грэка-каталіцкая парафія праведнага Язэпа:
– З’яўляюся служыцелем на “Альфа-курсе” ў касцёле святога Роха на Залатой Горцы. Гэта евангелізацыйны праект для тых людзей, якія шукаюць Бога, хочуць больш даведацца пра хрысціянства або раней адышлі ад Касцёла і хочуць навярнуцца. Быць служыцелем на курсе для мяне асабліва важна, бо я сам нядаўна адкрыў для сябе Бога. Зараз мне хочацца дзяліцца сваім сведчаннем, а таксама тымі цудамі, якія Бог чыніць у маім жыцці. Маё асноўнае служэнне на курсе – гэта служэнне словам: я чытаю лекцыі і адказваю за малітоўную падтрымку ў малой групе. Гэта важнае і адказнае заданне, бо кожнае слова можа як навярнуць іншую асобу, так і выклікаць цяжкія пачуцці. Таксама маю некаторыя іншыя служэнні: дапамагаю спраўляцца з тэхнічнымі пытаннямі, стараюся дапамагаць там, дзе патрэбныя мужчынскія рукі. Для мяне служэнне – гэта магчымасць ісці за Хрыстом, наследаваць Яго прыклад. Гэта дзейнасць вучыць мяне пакоры і любові да бліжняга. Менавіта дзякуючы гэтаму я пераадольваю свае слабасці: эгаізм, зайздрасць, крытыканства. Штодня дзякую Госпаду за магчымасць быць карысным, а таксама за здольнасць стаць у праўдзе перад самім сабой.
Максім Ахінька, парафія Імя Найсвяцейшай Панны Марыі (архікатэдра):
– У сваёй парафіі я выконваю абавязкі міністранта, лектара, дапамагаю гартаць слайды падчас святой Імшы, стараюся дапамагаць таксама спраўляцца з тэхнічнымі і гаспадарчымі пытаннямі. Калі трэба, бяруся за рыдлёўку, ачышчаю тэрыторыю ля касцёла ад снегу. Я асэнсавана прыйшоў у Касцёл у 2011 годзе. Тады пачаў шукаць сябе. Стаў задумвацца, у якіх напрамках магу рэалізаваць свае здольнасці. У той момант мяне прывабіла дамініканская духоўнасць, так я далучыўся да свецкіх дамініканцаў. Гэта дало вялікае духоўнае развіццё. Акрамя таго, займаюся валанцёрскай дзейнасцю. Дапамагаю выдавецтву “Про Хрысто” рэалізоўваць духоўную літаратуру падчас выязных мерапрыемстваў – фэстаў і розных урачыстасцей.
У мінулым годзе я далучыўся да кагорты валанцёраў “Радыё Марыя”. Не раз шчасціла праводзіць ружанец, а таксама вяночак да Божай Міласэрнасці. Зразумела, што гэтая справа была для мяне вельмі хвалюючай і адказнай. Даводзілася быць і на начным чуванні на радыё. Прыемна, што людзям адгукаецца гэтая ініцыятыва. Заўсёды адчуваю ўздым пасля малітвы на радыё. Дзякуючы валанцёрскай дзейнасці я пазнаёміўся з новымі цікавымі людзьмі, адчуў сваю годнасць і запатрабаванасць, натхніўся шчырай верай слухачоў. Стараюся несці добрую вестку і праз інтэрнэт. У сацыяльных сетках дзялюся карыснымі роздумамі з акцэнтам на хрысціянства, знаёмлю з каталіцкай духоўнасцю.
Дзяніс Угарэнка, парафія св. Яна Хрысціцеля і Максімільяна Кольбэ:
– Я вучуся на першым курсе Мінскага тэалагічнага каледжа і працую настаўнікам геаграфіі. Што азначае для мяне служэнне ў Касцёле? Гэтае цікавае пытанне прымусіла мяне глыбей задумацца і яшчэ раз асэнсаваць сваю ролю ў зямным жыцці. Служэнне ў Касцёле для мяне складаецца з трох звычайных рэчаў: магчымасці быць прыкладам веры ў штодзённасці, прыналежнасці да пэўнай супольнасці, імкнення да святасці. Узрастаць у веры і адчуваць сябе часткай Касцёла мне дапамагае мая супольнасць душпастырства моладзі Хрыста “Адзіныя сэрцам”, якая дзейнічае пры нашай парафіі. Наш дэвіз – Unum cor et anima una. Гэты лацінскі выраз перакладаецца як “адзіныя сэрцам і адзіныя душой”. Люблю нашы біблійныя сустрэчы, на якіх мы распазнаём дзеянне Слова Божага ў нашым жыцці, а таксама дзелімся перажываннямі, думкамі і планамі. Я не маю канкрэтных абавязкаў як парафіянін, бо не з’яўляюся міністрантам або скаўтам. Таму проста стараюся рабіць учынкі міласэрнасці як сын, сябар, настаўнік, калега, хросны тата ці звычайны сустрэчны. І Касцёл дае мне такую цудоўную магчымасць быць самім сабой, любіць бліжніх і ўсё, што мяне атачае, адчуваць і заўважаць прыгажосць навокал. Падсумоўваючы, скажу, што Касцёл – гэта дарога да збаўлення, а служэнне ў ім – гэта ласка прайсці гэтым шляхам годна і непаўторна.
Гутарыла Марта Венславовіч
