Настаўнікі духоўнасці: якія яны?

Па традыцыі ў кастрычніку адзначаецца Дзень настаўніка. Гэтае свята акцэнтуе ўвагу на важнасці педагогаў і выхавальнікаў, якія даюць базавыя веды, вучаць і дапамагаюць рабіць нясмелыя жыццёвыя крокі. Кожны з нас добра памятае сваю першую настаўніцу. Менавіта яна калісьці ўзяла нас за руку і павяла ў школьнае жыццё. Яе вобраз і сёння не раз паўстае ў падсвядомасці.

Аднак акрамя школьных педагогаў, якія давалі свецкія веды, у многіх ёсць і духоўныя настаўнікі – святары, законныя сёстры і катэхеты. Яны вучылі пазнаваць і любіць Бога, адкрывалі шматлікія таямніцы духоўнага жыцця, знаёмілі з Божым правам. Тая першая навука назаўсёды застаецца ў памяці. Не забываюцца і асобы, якія сталі сапраўднымі праваднікамі да Бога. Хто для вас быў першым настаўнікам хрысціянскай веры? Мы спыталі пра гэта ў нашых рэспандэнтаў.

Яўгенія Раткевіч:

– Мне вельмі падабаецца слова “настаўнік”. Яно ўтворанае ад дзеяслова “настаўляць”, г.зн. накіроўваць, дапамагаць знайсці добры шлях, зрабіць правільны выбар. Калі я ўзгадваю свой жыццёвы шлях, то адчуваю вялікую падзяку Богу за тых настаўнікаў (у шырокім сэнсе гэтага слова), якіх Ён паставіў на маёй дарозе. Перш за ўсё, гэта некаторыя настаўнікі ў школе і ва ўніверсітэце, якія сваім прыкладам паводзін у штодзённым жыцці навучалі больш чым словамі (гэта і мая настаўніца англійскай мовы святой памяці Тарэса Станіславаўна, і выкладчыца практыкі англійскай мовы ва ўніверсітэце Таццяна Андрэеўна). Але асаблівай і надзвычай важнай асобай у маім жыцці з’яўляецца святар – ксёндз Мікалай Ціхановіч. Ён стаў маім духоўным настаўнікам яшчэ са школьных гадоў. Дзякуючы яго дапамозе, яго працы з намі, моладдзю, у маёй роднай парафіі 20 гадоў таму я пачала сваё блізкае знаёмства з Хрыстом, знайшла сваё месца ў касцёле. Ксёндз Мікалай і сёння застаецца маім духоўным “татам”: заўсёды выслухае, параіць, дапаможа, а самае галоўнае – заўсёды моліцца за мяне ва ўсіх маіх інтэнцыях. Гэта вельмі каштоўны скарб, які я атрымала ад Нябеснага Айца. Калі ж падумаць больш агульна, то кожны чалавек, каторага мы сустракаем на нашым шляху, можа стаць настаўнікам для нас у большай ці меншай ступені, калі толькі мы самі захочам заўважыць гэта.

Айцец Аляксей Юхневіч OFMConv:

– Вера перадусім з’яўляецца досведам ад Бога, і я сёння вельмі ўдзячны Госпаду за людзей, праз якіх Ён паўплываў на ўзрастанне маёй веры. Я глыбока ўдзячны сваёй матулі, якая сама навярнулася да Бога даволі дарослым чалавекам і пачала вадзіць нас з братам у касцёл. Гледзячы сёння на сваё жыццё, магу з гонарам і радасцю сказаць: усё найлепшае, што здарылася ў маім жыцці, звязанае менавіта з Касцёлам і верай у Бога. Касцёл мне даў надзейных сяброў, з якімі мы разам пазнавалі Бога і былі заўсёды падтрымкай адзін для аднаго. Бог мае свой дзівосны план, і я моцна дзякую Яму за братоў-францішканаў і сясцёр-назарэтанак, каторыя служылі ў маёй роднай парафіі ў Івянцы. Перадусім хвалю Бога за айца Леха Баханка OFMConv, што стаў для мяне духоўным айцом і меў найбольшы ўплыў на тое, кім я стаў. Прыклад жыцця, веры, ахвярнасці і радасці братоў-францішканаў, якія ў розныя часы служылі ў Івянцы, паўплывалі на сталенне маёй веры і на выбар жыццёвай дарогі. Хвала Богу за ўсіх!

Андрэй Жвірко:

– Першай маёй настаўніцай у духоўным плане была сястра маёй бабулі Зоф’я. Я часта дапамагаў ёй пасвіць кароў, а яна ў гэты час расказвала пра Бога, анёлаў, важнасць дабрыні і спагады. Мне вельмі падабалася слухаць тыя аповеды, якія ўспрымаліся як дзіўныя гісторыі. Канешне, найбольш для майго духоўнага выхавання зрабіла мая мама Яўгенія Іосіфаўна. У 1993 годзе я прыступіў да Першай Камуніі. Вішнеўскі ксёндз Уладзіслаў Чарняўскі спрыяў станаўленню ведаў і духоўнаму росту. Ужо ў дарослым узросце шмат чаму мяне навучылі святары з Лунінца – айцы Леанард Акалатовіч і Дзмітрый Кірнога. У гэтым годзе я выпусціўся з катэхетычнага каледжа ў Баранавічах. Там таксама было шмат цудоўных выкладчыкаў, якія далі грунтоўныя веды. Асабліва ўдзячны я ксяндзу Аляксею Раманчуку, каторы сваім прыкладам жыццялюбства і аптымізму навяртаў нас да Бога.

Гутарыла Марта Венславовіч

для друку для друку