З Вялікаднем у кожнага з нас звязаныя цёплыя ўспаміны. Штогод таямніца Уваскрасення Хрыста ўспрымаецца па-рознаму. Галоўнае хрысціянскае свята адзначаецца ў звыклым сямейным коле. Падаецца, што кожны год усё паўтараецца: рэзурэкцыйная святая Імша, сумеснае спажыванне страваў, святкаванне ў сямейным коле. Аднак многія адзначаюць, што ў памяці застаюцца нетыповыя моманты, якія праходзяць праз усё жыццё. Вялікдзень якога года вам запомніўся больш за ўсё? Такое пытанне мы задалі нашым рэспандэнтам.
– З велікоднымі святамі ў мяне звязаная адна павучальная гісторыя, якая адбылася падчас вігіліі Вялікадня. Мне было 12 гадоў. Гэта быў мой першы Пасхальны Трыдуум. На той момант я шмат чаго не разумела і была ў касцёле толькі таму, што мяне прывялі бацькі. Як звычайна ў свята, было вельмі шмат людзей, было душна, незразумела, а Імша падавалася бясконцай. Побач са мной стаяла бабуля, і, гледзячы на яе, я імкнулася не наракаць і не скардзіцца. Падчас спеву “Баранку Божы” ўсе сталі на калені. А калі трэба было ўстаць, я дапамагла ёй падняцца. Трымаючы маю руку, жанчына паглядзела мне ў вочы і сказала: “Дзетачка, хадзем да Камуніі!” У гэты час яе вочы праменілі сапраўдным шчасцем. Здавалася, што для жанчыны не было нічога больш каштоўнага за Цела і Кроў Хрыста. А я не магла пайсці з ёй. Тады я ёй нічога не адказала, толькі ўсміхнулася. Аднак той момант сведчання веры пажылой жанчыны змяніў маё жыццё. Адразу пасля гэтага я пайшла на заняткі, каб падрыхтавацца да Першай Камуніі. Заняткі былі для дарослых, але я вельмі не хацела чакаць яшчэ цэлы год. Я вельмі ўдзячная Богу за гэты цуд веры, а бабулі – за прыгожае сведчанне, якое змяніла маё жыццё.
– Кожны Вялікдзень для мяне асаблівы і прыгожы. Змалку я з трапятаннем чакала раніцы, каб пайсці на Рэзурэкцыю. Літургія ў велікодны перыяд асабліва прыгожая і ўзнёслая. Напярэдадні чарговага свята катэхетка прапанавала мне паўдзельнічаць у працэсіі. Неабходна было пасыпаць кветкі перад Найсвяцейшым Сакрамантам. Спачатку такая прапанова мяне збянтэжыла. Я была яшчэ маленькай, перажывала, што не спраўлюся. Аднак катэхетка падбадзёрыла мяне. І я згадзілася. Калі мы выйшлі на вуліцу, стаяла сонечная раніца. Промні сонца разліваліся па даху касцёла, аздаблялі твары людзей і ўсё наваколле. Хор спяваў традыцыйныя песні. У той момант я забылася пра свой страх, сумненні. На сэрцы было вельмі лёгка і прыгожа. Мы ішлі ў працэсіі з Хрыстом, Які перамог смерць і грэх. Гэтая праўда пра ўваскрашэнне закрывала ўсё астатняе. У той момант я адчула сябе невымерна шчаслівай!
Пасля гэтага шматразова ўдзельнічала ў працэсіях на Вялікдзень, але тая, самая першая, аказалася для мяне найбольш запамінальнай.
– Для мяне, як і для кожнага католіка-практыка, велікодныя святы перажываюцца з вялікай радасцю і захапленнем. Гэта звязана, перш за ўсё, з сэнсам урачыстасці Уваскрасення Езуса Хрыста. І, адпаведна, з магчымасцю збаўлення. Кожны год мы рыхтуемся да гэтай урачыстасці: робім дэкарацыі ў касцёле, каб стварыць адпаведны настрой, рыхтуем чытанні і псальмы на літургію слова і на ўвесь Пасхальны Трыдуум, а таксама на рэзурэкцыйную Імшу. Мне падабаецца прымаць удзел у гэтай падрыхтоўцы, так я адчуваю свой удзел у жыцці Касцёла. Тры гады назад мне давялося перажыць Вялікдзень па-іншаму: па прычыне хваробы я не магла прысутнічаць на Імшах і адарацыях, не змагла таксама аказаць дапамогу ў падрыхтоўцы, не здолела нават падрыхаваць святочны стол. На той момант я адчувала сябе збянтэжанай, самотнай і пакінутай яшчэ і таму, што бацькі ляжалі ў шпіталі. Але за ўсё я дзякую Богу! Гэтыя цішыня і самотнасць былі патрэбнымі ў маім жыцці. Слаўлю Цябе, Хрысце, што Ты “ўзяў на сябе нашыя пакуты і цярпеў з любові да чалавека, надаючы сэнс хваробе!”
Гутарыла Марта Венславовіч
