У чым сэнс дашлюбнай чыстасці?

couple-holding-hands-1200x630“Хвала Хрысту! У чым сэнс і значэнне дашлюбнай чыстасці, а таксама боль і сорам наступстваў нецнатлівага ладу жыцця я ўжо зразумела (прыкладна год назад я вярнулася да Бога). Я веру, што Ён, пабачыўшы маё пакаянне, прабачыў і хоча, каб я пазбавілася ад граху і ішла далей. Як мне будаваць адносіны з цяперашнім маладым чалавекам, які з’яўляецца вернікам (мы дамовіліся, што не будзем жыць разам, пакуль мы не муж і жонка). Яму не ўсё роўна, што ў мяне было да яго. Маё мінулае прычыняе яму боль, што часам праяўляецца ў нечаканых прыніжальных пытаннях, папроках у мой бок (сітуацыю азмрочвае таксама тое, што праз сваю прафесію ён “перасякаецца” з маімі былымі мужчынамі). І яшчэ адно пытанне. Як мне сёння самой ставіцца да іх? Ці патрэбна штосьці тлумачыць? Прасіць або патрабаваць прабачэння?” Любоў

На пытанне адказвае а. Зміцер Чарнель CSsR:

– Кожны чалавек як свабодная істота сам нясе адказнасць за свае ўчынкі. У жыцці мы пастаянна, штодзённа робім мноства выбараў, вялікіх і малых. Гэтыя выбары вызначаюць ход нашага жыцця і наш лёс. Безумоўна, сярод нашых выбараў будуць таксама і няправільныя, будуць сярод іх і грахі.

Божае збаўленне і міласэрнасць заключаюцца ў тым, што чалавек цяпер дзякуючы Езусу Хрысту атрымаў магчымасць аздараўляць сваё жыццё ад наступстваў нашых няправільных выбараў праз пакаянне, шчыры жаль і цвёрдую пастанову выправіцца. Гэта не засцерагае нас ад новых памылак, але дазваляе прыняць сваё мінулае з яго наступствамі і ўсвядоміць прабачэнне.

Атрымаўшы прабачэнне і прымірэнне з Богам, чалавек таксама павінен прабачыць сабе, і таксама мае права спадзявацца на разуменне і прыняцце з боку сваіх блізкіх. Хрысціянін не мае права дакараць кагосьці і папракаць за мінулыя памылкі, бо ніхто не ёсць беззаганным.

Таму, адказваючы на Ваша першае пытанне, неабходна прабачыць сабе так, як нам прабачае Бог, што таксама вымагаецца ад Вашага хлопца. Уменне прабачаць і не вяртацца да мінулага ёсць важнай перадумовай будавання сумеснага жыцця. Калі чалавек не навучыцца прабачаць, ён не будзе здольным ствараць здаровыя адносіны.

Наконт другога пытання, стыль паводзінаў залежыць ад канкрэтных асобаў і абставінаў. Вы павінны адчуць самі, перад кім трэба выбачыцца, каму патлумачыць. А чакаючы выбачэння з боку іншых людзей, нельга забываць, што за нашыя ўчынкі і выбары адказныя не яны, а мы самі.

для друку для друку