Ці можна займацца ёгай?

78154962-copy1“Ці можна займацца ёгай у звычайным фітнес-клубе (без медытацыі, толькі практыкаванні, але з індыйскай музыкай)? Часамі я сустракаю шмат асуджэння ў каталіцкім асяроддзі, хаця не раз чула і чытала, што самі практыкаванні нейтральныя і імі можна займацца на карысць здароўю. Ці ёсць у Касцёле які-небудзь афіцыйны пункт гледжання?” Наста

На пытанне адказвае а. Аркадзь Куляха OCD:

– Апошнім часам мы назіраем значнае распаўсюджванне формы актыўнасці, пераважна фізічнай, якая называецца адным словам “ёга”. Для некаторых ёга – гэта проста метад рэлаксацыі і паслаблення напружанасці, для іншых – форма фізічных практыкаванняў, якія паляпшаюць агульны стан асобы. Хтосьці з яе дапамогай хоча вылечыцца ад хваробы, а ў рэкламе яна прапаноўваецца як модны спосаб карысна правесці вольны час. Усё радзей успрымаецца ёга як філасофская і духоўная дарога.

Двухсэнсоўнасць разумення ёгі

На першы погляд, здаецца, што ў формах ёгі, якая складаецца са спецыяльных фізічных практыкаванняў, няма аніякай небяспекі, што гэта толькі чыстая гімнастыка, фізкультура і нічога больш. Індыйская музыка становіцца нейтральным фонам такім практыкаванням. Аднак вернік-католік, які сустракаецца з ёгай, павінен задавацца пытаннем пра яе сутнасць і ўплыў на ўласную духоўнасць. На жаль, складана знайсці на гэтую тэму адпаведную інфармацыю. Паколькі для нашай краіны ёга з’яўляецца чымсьці адносна новым, то і ў каталіцкіх выданнях, і ў іншых СМІ няшмат пра яе напісана.

У сучаснай інфармацыйнай прасторы вернік можа сустрэцца з блытанінай і двухсэнсоўнасцю разумення ёгі. Калі б ёга абмяжоўвалася толькі фізічнымі практыкаваннямі, то магчыма было б лічыць яе бяспечнай для католікаў. Канешне, вельмі важна тое, якая “школа” яе прапануе, якія настаўнікі, ды і з якім намерам ёй займаецца вернік? Ёга спалучана з пэўным бачаннем свету, чалавека і Бога, між іншым з тэорыяй рэінкарнацыі, якая несумяшчальная з хрысціянскай верай. Варта заўважыць, што ёга мае карані ў традыцыі індуізму, без чаго нельга яе зразумець. Практыкаванні ёгі, хаця б толькі ў форме фізічнай гімнастыкі, патрабуюць ад чалавека прыняць прынамсі частку прынцыпаў звязанага з ёю светапогляду.

Нельга сцвярджаць, што любая форма ёгі вядзе да аддалення ад Бога, паколькі ўсё залежыць ад самога чалавека, ад таго, наколькі ён зменіць свой спосаб мыслення, стыль жыцця, пачынаючы, напрыклад, ад дыеты і гэтак далей. Тым не менш, як мяркуюць спецыялісты, гэта можа быць пачаткам аддалення ад Бога і адыходу з Касцёла.

Слова «ёга» нясе з сабой мноства значэнняў. У самым шырокім сэнсе ёга – гэта дысцыпліна, заснаваная ў Індыі, якая ўключае ў сябе метады самаўдасканалення і медытацыі, што прыводзіць да розных станаў духоўнай дасканаласці, вопыту трансцэндэнтнасці і вызвалення ад сансары (калаўрот нараджэння і смерці).

Што кажа Касцёл?

У навучанні Касцёла няма дакументаў, якія б непасрэдна датычыліся ёгі як формы практыкаванняў цела. Каталіцкі Касцёл звяртае ўвагу на небяспеку так званых усходніх метадаў медытацыі: “У апошнія дзесяцігоддзі многія вернікі задаюць пытанне пра вартасць нехрысціянскіх формаў медытацыі для хрысціянаў. Гэта датычыцца ў асноўным ўсходніх метадаў у цэлым” (Кангрэгацыя дактрыны веры, Ліст да біскупаў Каталіцкага Касцёла пра некаторыя аспекты хрысціянскай медытацыі Orationis Formas, 15.10.1989). Пад тэрмінам “усходнія” згаданы дакумент разумее метады, натхнёныя індуізмам і будызмам, такія, як «дзэн», «трансцэндэнтальная медытацыя» ці «Ёга» (Пар. тамсама, зноска 1). Кангрэгацыя не асуджае ёгу як “фізкультуру”, аднак звяртае ўвагу, што хаця “некаторыя фізічныя практыкаванні аўтаматычна выклікаюць пачуццё спакою і рэлаксацыі, пачуцці асалоды і нават святла і цяпла, якія нагадваюць духоўныя радасці, успрымаць іх як сапраўдныя суцяшэнні Святога Духа было б цалкам памылковым разуменнем духоўнай дарогі” (Пар. тамсама, 28).

Святы Ян Павел II у 14 пункце кнігі “Пераступіць парог надзеі”, кажучы пра медытацыю ў будызме, сцвярджае, што “хрысціянская містыка ўсіх вякоў не вырастае з чыста негатыўнага “асвячэння”, якое адкрывае чалавеку вочы на зло, якім ёсць прывязанасць да свету праз пачуцці, праз інтэлект і праз дух. Гэта містыка нараджаецца з Аб’яўлення Бога Жывога. Гэта Бог адкрываецца на паяднанне з чалавекам і адкрывае таксама ў чалавеку здольнасць да паяднання з Ім, перадусім праз тэалагічныя дабрадзейнасці: праз веру і надзею, а больш за ўсё – праз любоў”. Тэксты Яна ад Крыжа на азіяцкім Усходзе часта ўспрымаюцца як пацвярджэнне тамтэйшых аскетычных метадаў. Аднак жа доктар Касцёла не прапануе толькі адарвацца ад свету. Ён прапануе адарвацца ад свету для паяднання з тым, што ёсць пазасветавае, а пазасветавае – не «нірвана», але Асоба, Бог. Паяднанне з Ім адбываецца не толькі на шляху ачышчэння, але праз любоў”.

Сведчанні святароў, якія практыкавалі ёгу

Бельгійскі тэолаг, айцец Жазэф Мары Вэрланд, на працягу некалькіх гадоў пазнаваў трансцэндэнтальную медытацыю і практыкаваў ёгу. Пасля свайго навяртання і сямі гадоў малітваў аб вызваленні і духоўным аздараўленні ён паступіў у духоўную семінарыю і стаў каталіцкім святаром. Святар лічыць, што калі хтосьці час ад часу займаецца практыкаваннямі, якія нагадваюць ёгу, то гэта не азначае, што чалавек прымае звязаную з ёю духоўную традыцыю. Айцец Жазэф Мары мяркуе, што ў тэрапеўтычным кантэксце магчыма выкарыстоўваць некаторыя з пунктаў ёгі, аднак нагадвае пра неабходнасць быць пільным і не ісці занадта далёка ў гэтыя практыкаванні, каб яны не ўвайшлі ў звычку, і прыпамінае аднаго са сваіх настаўнікаў (гуру), які казаў: «Нават калі вы займаецеся ёгай толькі для здароўя, гэта не перашкаджае ёй выконваць сваю справу». Тут маецца на ўвазе, што практыкаванні могуць прывесці да адкрыцця кундаліні (таемная энергія), разблакавання чакраў (спляценні энергетычных каналаў) і да зменаў у станах свядомасці, якія на самай справе ёсць элементамі трансу, калі чалавек адкрываецца на дзеянне духаў.

Варта прывесці выказванні вядомага ў Беларусі індыйскага святара айца Джэймса Манджакала, які піша, што ёга – гэта не сістэма фізічных практыкаванняў, але духоўная дысцыпліна, што прыводзіць душу да самадхі (надзвычайнае з’яднанне з боствам). Цікава адзначыць, што паставы (сансары) і дыхальныя практыкаванні, якія часта падаюцца як уся ёга, на самай справе ёсць крокамі да яднання з Брахманам (безасабовы абсалют). Айцец Джэймс у адным з казанняў задае пытанне, чаму пэўныя фізічныя практыкаванні называюць ёгай? Калі гэта толькі гімнастыка, то чаму мае такую назву? Святар сцвярджае, што, напрыклад, хатха-ёга, распаўсюджаная ў Еўропе, – гэта чацвёртая ступень да з’яднання з богам, таму ніводная ступень ёгі непрымальная для таго, хто верыць у Езуса Хрыста.
Іншы індыйскі святар айцец Джозаф Пэрэйра, які сам шмат гадоў практыкуе ёгу паводле школы Айенгара, лічыць, што практыкаванні ёгі, якія адносяцца да цела і дыхання, маюць тэрапеўтычнае дзеянне і служаць здароўю. Ён сам выкарыстоўвае ёгу як інструмент для практыкавання хрысціянскай медытацыі. Айцец Джозаф, звяртаючы ўвагу на тры ступені ёгі – цела, дыханне і медытацыю, – перасцерагае перад апошняй, якая небяспечная для католіка.

Немагчыма даць адназначны адказ на пастаўленае пытанне. Безумоўна, ёга можа шкодзіць чалавеку. Паводле меркавання экзарцыстаў, можа нават адкрыць на дзеянне шатана. Выбар належыць свабоднай чалавечай асобе. Св. Павел, навучаючы пра маральнасць, кажа: “Усё мне можна, але не ўсё карысна. Усё мне можна, але нічым не дам сябе зняволіць” (1 Кар 6, 12). Калі ж ужо хтосьці вырашыць карыстацца гэтай формай фізічных практыкаванняў, павінен пазнаць іх сутнасць у адпаведным фітнес-клубе, даведацца, кім з’яўляецца настаўнік, якіх маральных прынцыпаў і якога светапогляду прытрымліваецца, ці не лічыць ёгу падрыхтоўкай да найвышэйшых ступеняў асабовага развіцця і ўтаямнічання. Католік-практык, шукаючы для сябе адказ на пытанне пра ёгу, ці задумваючыся над яе распачаццем, ці ўдзельнічаючы ў занятках у фітнес-клубе, мае таксама дапамогу ў малітве і сакрамантальным жыцці, асабліва ў споведзі і духоўным кіраўніцтве.

для друку для друку