Ці лічыцца грахом мяняць веру?

2214“Дапамажыце, калi ласка. Мяне ў дзяцiнстве хрысцiлi па-праваслаўнаму. Але ж мая мацi назвала мяне Янiна, i нарадзiлася я амаль у дзень святой Янiны. I шмат маiх родных – католiкi, якiя жадалi, каб мяне хрысцiлi ў касцёле. У свядомым узросце я хадзiла ў касцёл на Імшы, мне там было заўсёды спакойна і камфортна. I зрэдку хаджу цяпер. Стараюся хадзіць па святах. А вось праваслаўную царкву я амаль нiколi не наведвала. Хачу запытацца, ці можна мне прыняць каталіцтва? І калі так, то што мне для гэтага трэба зрабіць? Ці лічыцца гэта грахом – мяняць веру?” Яніна

На пытанне адказвае а. Аркадзь Куляха OCD:

– Многія людзі, у тым ліку вернікі, пад паняццем “касцёл” разумеюць будынак, дзе звычайна збіраюцца католікі, каб удзельнічаць у святой Імшы, прымаць сакраманты ды маліцца. Касцёл успрымаецца часам як іерархічная ўстанова, якая мае сваю структуру, законы, уладу, звычаі і г.д. У падобным мысленні ёсць шмат праўды, аднак патрэбна звярнуцца да тэалогіі, каб зразумець рэчаіснасць Касцёла.

Сам Хрыстос заснаваў Касцёл як супольнасць асобаў, пакліканых да збаўлення. Менавіта гэтая супольнасць, якая называецца Містычным Целам Езуса Хрыста, ёсць сакрамантам збаўлення. Святы Апостал Павел вучыць, што Галавою Касцёла з’яўляецца Хрыстос, а мы ўсе – члены Ягонага Цела (пар. 1 Кар 12,12-13,27), з’яднаныя з Ім і паміж сабою моцаю Духа Святога і повяззю любові. У такім разуменні Касцёл – гэта жывы арганізм надпрыроднага характару.

У жыццё Касцёла ўводзіць сакрамант хросту (пар. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, 1267), які можам назваць таксама сакрамантам веры. Найпаўней хрысціянскае жыццё ахрышчаных ажыццяўляецца ў супольнасці Касцёла. Хрост ёсць таксама повяззю адзінства паміж хрысціянамі, паміж тымі, хто верыць у Хрыста, хто прыняў сапраўдны хрост, але не знаходзіцца ў поўнай камуніі з Каталіцкім Касцёлам: “апраўданыя паводле веры праз хрост, яны належаць Хрысту, таму слушна называюць сябе хрысціянамі, a дзеці Каталіцкага Касцёла справядліва лічаць іх братамі ў Пану” (Другі Ватыканскі Сабор, Дэкрэт пра экуменізм Unitatis redintegratio, 3).

Мы верым, што ў Касцёле прысутнічае і дзейнічае Хрыстос, Які абяцаў сваім вучням, што застанецца з намі аж да сканчэння веку (пар. Мц 28, 20). Хрыстова прысутнасць запэўнівае нас у дзейснасці сакрамантаў, а сам Касцёл дзякуючы моцы Духа Святога становіцца паўсюдным сакрамантам збаўлення (пар. Другі Ватыканскі Сабор, Дагматычная канстытуцыя пра Касцёл Lumen gentium, 48).

Удзел у жыцці Касцёла – гэта перадусім адказ чалавека на выбар з боку Пана Бога, Які запрашае яго да камуніі з Сабою і абяцае збаўленне. У супольнасці Касцёла сустракаем Бога, Які вызнае нам сваю бясконцую і безумоўную любоў (пар. Ян 13, 1). Хрыстос – гэта крыніца жыцця, якая трывае вечна. Адной з праўдаў нашай веры ёсць пакліканне да Божага Валадарства, каторае развіваецца ў душы хрысціяніна, ды сваю паўнату дасягае пасля завяршэння зямнога жыцця. У Касцёле чалавек чэрпае з крыніцы збаўлення, таму прыналежнасць да яго супольнасці трэба лічыць жыццевызначальным элементам зямнога існавання. Божае Валадарства – гэта скарб, якому варта прысвяціць усё (пар. Мц 13, 44-46).

Калі чалавек адкрывае праўду ў Каталіцкім Касцёле, верыць, што тут сустракае жывога Бога, хоча ўдзельнічаць у яго жыцці і разам і іншымі крочыць дарогаю збаўлення, то ён можа далучыцца да супольнасці з ім. У выпадку, калі чалавек раней не быў вернікам і не ахрышчаны, неабходна прыняць хрост. Хрысціянін-некаталік, які прыняў сапраўдны хрост (напрыклад, у Праваслаўнай Царкве) пасля адпаведнай падрыхтоўкі, пазнання праўдаў веры і прынцыпаў жыцця паводле яе, яднаецца з Касцёлам праз акт вызнання веры.

У Каталіцкім Касцёле існуюць розныя абрадныя традыцыі. Найбольш вядомыя – лацінская (або заходняя) і візантыйская (або ўсходняя). У нашай краіне, напрыклад, дзейнічае Грэка-Каталіцкая Царква, якая захавала ўсходнюю літургічную традыцыю. Вернікі, ахрышчаныя ва ўсходнім абрадзе, захоўваюць яго, калі становяцца чальцамі Каталіцкага Касцёла. Яны могуць, аднак, змяніць таксама і абрад. Гэта магчыма, калі вернік усходняга абраду пры заключэнні сужэнства прагне прыняць абрад сужэнца лацінскага кшталту або пасля атрымання дазволу Апостальскай Сталіцы.

Чалавек, які прагне далучыцца да супольнасці Каталіцкага Касцёла, знойдзе дапамогу і падтрымку ў святароў ці кансэкраваных асобаў (манахінь), якія служаць у дадзенай парафіі. Дапамагчы могуць таксама самі вернікі, асабліва тыя, хто мае духоўны вопыт і адпаведныя веды.

У жывой, актыўнай каталіцкай супольнасці сучасны чалавек можа знайсці спакой, разуменне, успрыманне, можа адчуваць сябе камфортна, аднак найважнейшым з’яўляецца тое, каб ён знайшоў там Бога Адкупіцеля, Які збаўляе. Адкрыццё і сустрэча з жывым, прысутным у Касцёле Хрыстом вядзе да жыцця ласкі, калі ўжо хрысціянін не жыве сваёю моцаю, але моцаю Езуса Хрыста, Які ў ім жыве (пар. Гал 2, 20). Інакш кажучы, калі чалавек знаходзіць любоў, то жыве дзеля яе, а дзе любоў, там няма страху (пар. 1 Ян 4, 18).

для друку для друку