Што Касцёл кажа пра паленне?

5“Хвала Хрысту! Мяне цікавіць пытанне палення і як з ім змагацца?” Ян.

На пытанне адказвае а. Аркадзь Куляха OCD:

– Пытанне пра паленне і способы змагання з ім даволі складанае і закранае некалькі аспектаў жыцця чалавечай асобы: фізіялагічны, маральны, псіхалагічны і духоўны. Напачатку паспрабуем высветліць прыроду палення, даць маральную ацэнку гэтай зявы, каб пазней прапанаваць нейкія практычныя парады.

Сутнасць палення

Паленне – гэта адна з найбольш распаўсюджаных залежнасцяў сучаснага чалавека. Паводле агульнадаступных дадзеных, гэтая праблема датычыць больш за мільярд сясцёр і братоў чалавечай сям’і ва ўсім свеце. Тытунь вядомы ад стагоддзяў, аднак на працягу гісторыі змяняліся формы і спосабы выкарыстання гэтай расліны. Найбольш распаўсюджаная форма ўжывання тытуню – гэта яго паленне ў выглядзе цыгарэтаў, сігараў ці люлькі. Хутка пасля з’яўлення тытуню ў Еўропе былі напісаныя першыя трактаты пра яго шкоднасць, а Папа Інакенцій X у 1650 годзе забараніў вернікам паліць тытунь.

Навуковыя даследаванні даказалі адмоўны ўплыў на здароўе чалавека рэчываў, якія выдзяляе дым тытуню. Сучасная медыцына бачыць у паленні прычыну розных хваробаў, у тым ліку анкалагічных. Зрэшты, не трэба быць навукоўцам ці медыкам, каб заўважыць дрэнныя наступствы палення, пачынаючы хоць бы ад эстэтычных, такіх, як непрыемны пах, жоўтыя пальцы і зубы, ці ўрэшце – змену колеру твару, голасу, праблемы з сэрцам і фізічнай актыўнасцю. Трэба дадаць, што паленне, якое робіць чалавека залежным, не толькі нішчыць здароўе самога курца, але і шкодзіць тым, хто побач. Да таго ж і шмат каштуе. Тым не менш, памеры гэтай з’явы вельмі вялікія і датычаць людзей амаль усіх узростаў па ўсім свеце. Дзякуй Богу, сёння веды пра шкоднасць палення шырока распаўсюджаныя і яно становіцца ўсё больш нямодным.

Маральная ацэнка палення

Паленне тытуню трэба разглядаць у плане разважання пра пятую запаведзь: “Не забівай!” Паводле навучання Касцёла, гэтая запаведзь забараняе не толькі прамое забойства, знішчэнне жыцця невінаватага чалавека, але і неапраўданую рызыку для здароўя і жыццё ў стане небяспекі. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла ў нумары 2290 вучыць пра цноту памяркоўнасці, якая робіць чалавека здольным пазбегнуць усялякіх злоўжыванняў адносна ежы, алкаголю, тытуню і лекаў. Святое Пісанне хоць не кажа нічога пра паленне непасрэдна, але падае прынцыпы, якія могуць асвятліць пастаўленую праблему. Святы Павел навучае: “Усё мне можна, але не ўсё карысна. Усё мне можна, але нічым не дам сябе зняволіць” (1 Кар 6, 12). Чалавек, які ўцягваецца ў паленне, дарэчы, па сваёй віне і добраахвотна, паступова трапляе ў залежнасць, якую, без сумненняў, можам назваць нейкай формай зняволення, няхай не самага вялікага, аднак зняволення, бо з цягам часу курэц адчувае моцную патрэбу паліць як на фізіялагічным, так і на псіхалагічным узроўнях. Паленне нельга лічыць карысным, бо яно шкоднае для духу і цела, у якім Апостал Народаў заклікае да праслаўлення Бога: “Праслаўляйце Бога ў целе вашым” (1 Кар 6, 20). Таксама ў агульны прынцып, пададзены святым Паўлам: “Ці ясце, ці п’яце, ці нешта робіце, – усё рабіце на славу Божую” (1 Кар 10, 31) не ўпісваецца паленне.

Як было сказана вышэй, Катэхізіс не забараняе паленне, але патрабуе ад вернікаў памяркоўнасці і заклікае пазбягаць злоўжывання. Вопыт вучыць, што нават “памяркоўнае” ўжыванне тытуню часцей за ўсё вядзе да залежнасці. З пункту гледжання маральнай тэалогіі, звычка, гэта значыць залежнасць, памяншае адказнасць за дрэнны чын. Таму асоба, якая імкнецца кінуць паленне, не мае цяжкага граху і не абавязана спавядацца перад кожным прыняццем Святой Камуніі. Паленне можа стаць цяжкім грахом, калі хтосьці курыць, напрыклад, у часе сур’ёзнай хваробы, у прысутнасці іншых людзей, у дзяцінстве ці падлеткавым узросце. Асабліва неразважлівым і грахоўным ёсць паленне маці, бацькі і родных, якія чакаюць дзіця. Грахом трэба лічыць вучэнне і ўцягванне іншага чалавека ў такую залежнасць.

Змаганне з паленнем

Нікацінавая залежнасць датычыць значнай часткі людзей рознага стану, узросту, розных прафесій і пакліканняў. Змаганне з залежнасцю ад нікаціну – гэта складаны працэс, які патрабуе ад чалавека не толькі ведаў ці свядомасці, але перадусім рашучасці і моцнай волі. Трэба памятаць, што нікацінавая залежнасць фарміруецца вельмі хутка: дастаткова выпаліць некалькі цыгарэтаў, каб пазней адчуваць патрэбу ізноў курыць. У сувязі з гэтым чалавек, які жадае кінуць курэнне, павінен памятаць, што гэта звязана з пэўным цярпеннем на ўзроўні і фізіялагічным, і псіхалагічным. Дзеля змагання з гэтай залежнасцю патрэбна добра падрыхтавацца: знайсці адпаведныя заняткі, упарадкаваць сваё эмацыянальнае жыццё, моцна хацець жыць без цыгарэты ды пазбягаць магчымасці паліць. Верніку больш чым практыкаванне моцнай волі, якое вельмі важнае, дапамагае давер Пану Богу: менавіта Ён можа перамагчы чалавечую слабасць. Вернікі, якія кінулі паленне, сведчаць, што дапамагла ім шчырая, даверлівая малітва, розныя навэны, у тым ліку Пампейская, удзел у духоўных практыкаваннях, наведванне святых месцаў ці малітвы святароў пра вызваленне, асабліва харызматычных. Свядомы, поўны веры і даверу ўдзел у Святой Імшы, частае прыняцце Найсвяцейшага Цела Пана, споведзь, малітоўная і маральная падтрымка з боку супольнасці, родных і сяброў, а таксама асабісты сур’ёзны падыход да праблемы – гэта надзейная дарога да поўнага вызвалення ад нікацінавай ды іншых залежнасцяў.

Варта ўсвядоміць сабе патрэбу пастаянна ці то прыватна, ці падчас розных літургічных цэлебрацый узносіць да Бога малітвы аб вызваленні нашых сясцёр і братоў ад усялякіх залежнасцяў.

для друку для друку