Касцёл і асабістае жыццё чалавека: пытанне святару

“Хвала Хрысту! У мяне такое пытанне: ці мае права і ці павінен Касцёл, каталіцкія структуры, умешвацца ў асабістае жыццё чалавека? Указваць, што і дзе рабіць, што гаварыць, як паводзіць сябе. Нават калі гэта не звязана з духоўнымі пытаннямі?”

Кірыл

На пытанне адказвае а. Аляксандр Махнач SP, піяр з Ліды:

– Хвала навекі! Касцёл вандруе разам з усім чалавецтвам па дарогах гісторыі. Ён жыве ў свеце, хаця ён не са свету (пар. Ян 17, 14–16), але пакліканы служыць свету, ідучы за сваім унутраным пакліканнем.

Што менавіта да Рыма-Каталіцкага Касцёла, то ён мае апалітычны характар. Касцёл – гэта Божая Сям’я, і да Яго праз хрост належаць людзі розных поглядаў. Задача Касцёла – гэта абвяшчаць Добрую Навіну (Евангелле) і весці Божы люд да вечнага жыцця. Выконваючы місію абвяшчэння Евангелля, Касцёл у імя Хрыста не дыктуе, але нагадвае чалавеку пра яго асабістую годнасць і пакліканне да супольнасці асоб. Ён вучыць чалавека патрабаванням справядлівасці і спакою, якія адпавядаюць Божай мудрасці. Касцёл мае права быць для верніка настаўнікам праўдаў веры, але не толькі праўдаў дагматычных, але таксама маральных, якія вынікаюць з самой чалавечай прыроды і з Евангелля. Словы Евангелля прызначаныя не толькі для слухання, але і для ажыццяўлення (пар. Мц 7, 24; Лк 6, 46– 47; Ян 14, 21. 23–24; Як 1, 22).

Для Касцёла сацыяльнае вучэнне не з’яўляецца нейкім прывілеем, адхіленнем ці клопатам пра асабістую карысць або ўмяшаннем у чужыя справы. Касцёл мае права евангелізаваць сацыяльную сферу, г. зн. абвяшчаць Евангелле ў складаным свеце вытворчасці, працы, прадпрымальніцтва, фінансаў, гандлю, палітыкі, юрыспрудэнцыі, культуры, грамадскіх адносін, у якіх жыве чалавек – чалец Касцёла. Гэтае права адначасова з’яўляецца абавязкам, паколькі Касцёл не можа адрачыся ад яго, не здрадзіўшы самому сабе і не парушыўшы вернасці Хрысту: “Гора мне, калі б я не абвяшчаў Евангелля” (1 Кар 9, 16).

Перасцярога, якую св. Павел скіроўвае да сябе, гучыць у сумленні Касцёла як заклік прайсці ўсе магчымыя шляхі евангелізацыі: не толькі тыя, якія вядуць да сумлення асобнага чалавека, але і тыя, што накіраваныя да грамадскіх інстытутаў. З аднаго боку, нельга “абмяжоўваць рэлігію рамкамі прыватнага жыцця”, а з другога, нельга лічыць хрысціянскую навіну толькі прапаведаваннем выключна пазазямнога збаўлення, якое не здольнае асвятліць нашага жыцця на зямлі.

Задача Касцёла – абвяшчаць заўсёды і ўсюды маральныя прынцыпы, у тым ліку тыя, што належаць да грамадскага парадку, і тым самым ацэньваць усякую людскую справу, калі гэтага патрабуюць асноўныя правы чалавечай асобы і збаўленне душ.

Касцёл навучае і ацэньвае дзеянні згодна з Евангеллем, але ніколі не дыктуе. Бог стварыў чалавека свабодным, і тут важна для верніка разумець тое, чым з’яўляецца для нас свабода, а што такое ўсёдазволенасць.

Беражы Вас Бог!

для друку для друку