“Якая заўтра будзе пагода?” ці “Якое заўтра будзе надвор’е?”

m1qV5xiISabgSIVxrEiQS8iy2tУ моўнай практыцы, асабліва ў вуснай камунікацыі, мы часта сутыкаемся з абедзвюма вынесенымі ў загаловак канструкцыямі. Але ці можна іх ужываць паралельна? Ці аднолькавае значэнне маюць згаданыя пытальныя сказы? Паспрабуем разабрацца.

Згодна з “Тлумачальным слоўнікам беларускай мовы” (ТСБМ), пагода – “стан атмасферы ў данай мясцовасці”. Сухая пагода. Марозная пагода (Т. 3, 1979. – с. 496). Надвор’е – “стан атмасферы ў пэўны час у пэўным месцы”. Добрае надвор’е. Дрэннае надвор’е. Зводка надвор’я. (Тамсама, с. 234). Як бачна, у выдадзеным трыццаць пяць гадоў таму назад слоўніку па сутнасці не робіцца семантычнага размежавання гэтых двух слоў. Дарэчы, і ў “Беларуска-расійскім слоўніку” М. Байкова і С. Некрашэвіча (1925 г.) чытаем тое ж самае: “Надвор’епогода” (с. 178). Але гэты факт не павінен уводзіць у зман шараговага карыстальніка нашай мовы.

У сучаснай маўленчай практыцы выразна акрэслілася сэнсавае адрозненне назоўнікаў пагода і надвор’е. Пагода – гэта выключна станоўчая характарыстыка стану атмасферы ў канкрэтным месцы і ў канкрэтны час. Пагода, іншымі словамі, не можа быць кепскай, як і не патрабуе ніякіх удакладненняў ці эпітэтаў. Таму нельга сказаць, напрыклад, добрая пагода, дрэнная пагода, сонечная пагода. Мы проста канстатуем: На дварэ сёння пагода; Заўтра таксама будзе пагода, маючы на ўвазе добрае, цёплае, сонечнае надвор’е. Гэта пацвярджаецца і вытворнымі ад слова пагода лексемамі. Звернемся зноў да ТСБМ (Т. 3, с. 496): Пагодлівы, пагодны – “добры, ясны, цёплы”. Пагодзіцца – “рабіцца пагодлівым” (Дзень раздумаў пагодзіцца, і светлаватыя хмары віселі над ракой. Уладзімір Караткевіч). Або яшчэ распагодзіцца – “стаць ясным, пагодным”. Было зусім ціха. Распагодзілася. Якуб Колас (ТСБМ, Т.4, с. 657).

Праф. П. Сцяцко звяртае ўвагу, што і “ўстойлівыя выслоўі, прымаўкі маюць слова пагода толькі з значэннем “добрае надвор’е”: Дым слупамі на пагоду падымаецца ўгару. Чакаць з мора пагоды. Хто дажджом косіць, той пагодаю сушыць” (Сцяцко П. Культура мовы. – Мінск, 2002. – с. 134).

Назоўнік надвор’е, наадварот, патрабуе ў кантэксце адпаведнага азначэння, калі, зразумела, не выступае ў якасці загалоўка, а характарызуе “стан атмасферы ў пэўны час”. Гэта значыць, мы можам сказаць Сонечнае надвор’е; Дажджлівае надвор’е; Марознае надвор’е і г.д. Але для абазначэння неспрыяльнага стану атмасферы таксама выкарыстоўваюцца і лексемы непагода або непагадзь. Можна сказаць: На дварэ непагадзь або Заўтра зноў абяцаюць непагоду. Прыгадаем тут і купалаўскія радкі: “Не гудзі так, восень, непагодай дзікай”.

Такім чынам, слова пагода можа выкарыстоўвацца толькі для характарыстыкі яснага, сонечнага, цёплага надвор’я і не мае пры сабе ніякіх прыметнікаў-азначэнняў. А назоўнік надвор’е пры апісанні канкрэтнага стану атмасферы абавязкова ўдакладняецца адпаведнымі эпітэтамі. Таму і пытанне мы мусім задаваць так: “Якое заўтра будзе надвор’е?” або “Ці будзе заўтра пагода?”

 Юрась Бабіч, кандыдат філалагічных навук

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі