Вось і наблізілася ўрачыстасць Маці Божай Браслаўскай Валадаркі азёраў. Як і ў папярэднія гады, Віцебская парафія катэдральнага касцёла Езуса Міласэрнага на чале са сваім старшынёй парафіяльнага камітэта Пятром Глодам зладзіла аўтобуснаю пілігрымку ў Браслаў. Разам з вернікамі катэдры да Маці Божай Браслаўскай адправіліся пілігрымы і іншых парафій Віцебска, а таксама з Шуміліна і з Лёзна. Атрымаўшы бласлаўленне ад пробашча кс. Паўла Кнурэка, пілігрымы рушылі ў дарогу.
Першая святыня, якую наведалі, была Святога Лаўрэнція (1913 года) ва Ушачах. Пілігрымаў радасна і дружалюбна сустрэлі вернікі мясцовай парафіі. Яны не толькі распавялі пра свой храм, але таксама пачаставалі сваіх гасцей сняданнем. У баку не засталася і мясцовая прэса, якая ўзяла невялікае інтэрв’ю ў гасцей Ушач.
Наступная святыня Віцебшчыны, якая апынулася на шляху ў пілігрымаў, быў касцёл Узвышэння Святога Крыжа ў Шаркаўшчыне. Касцёл малады, 1995 года, але цікавы сваёй архітэктурай і гісторыяй парафіі.
Убачыўшы касцёл Найсвяцейшай Тройцы (1914 года) у Відзах, пілігрымы былі ўражаны чароўным вонкавым абліччам храма, які, імкнучыся сваімі вежамі ўвысь, вабіў за сабой у нябёсы. Прыкасцельная тэрыторыя заваражыла сваёй прыгажосцю. Аддаўшы пашану Пану Езусу, госці падняліся на адну з вежаў, дзе знаходзяцца званы. З вышыні птушыннага палёту, з заміраннем сэрца, яны глядзелі на старажытны і прыгожы гарадок.
У невялікім мястэчку Опса, у касцёле Святога Яна Хрысціцеля пілігрымы прынялі ўдзел у святой Імшы. Пробашч парафіі кс. Эдвард Ахрамовіч распавёў гісторыю храма і парафіі, а на заканчэнне Імшы ўдзяліў пілігрымам бласлаўленне.
Апошнім прыпынкам перад Браславам стаў аграгарадок Далёкія. Тут знаходзіцца драўляны касцёл Святога Станіслава, 1939 года. Святыня пабудавана ў польскім “Закапанскім стылі”. Гісторыю святыні распавёў кс. Анджэй Бочар.
Духоўна ўмацаваныя ў сваёй веры, вернікі прыбылі ў браслаўскі санктуарый Маці Божай Валадаркі азёраў. Тут яны сустрэліся са шматлікімі святарамі і манахінямі, якія ў свой час служылі Богу і людзям у розных парафіях Віцебска. Усе гэтым сустрэчам былі вельмі рады.
Такія святыя пілігрымкі не толькі ўмацоўваюць духоўнаю веру чалавека, але і спрыяюць вывучэнню гісторыі сваёй краіны, спазнання выдатных тварэнняў рук чалавечых. Бо кожны храм любога веравызнання не толькі храм нашага Бога, але яшчэ і архітэктурная спадчына нашай радзімы і нашых продкаў.
Анатоль Бандарчук-Вошлаў, тэкст і фота
для друку