Вернікі з Мінска здзейснілі пілігрымку ў Гудагай

Вялікі пост – гэта час роздуму над уласным жыццём, час пастаноў, каб унутрана перамяніцца ў лепшы бок. Самае значнае заданне для кожнага хрысціяніна на Вялікі пост – паверыць у Божую любоў да кожнага грэшніка, гледзячы на Крыж і на Цела Божага Сына на ім. Каб добра падрыхтавацца да свята Уваскрасення Пана патрэбна затрымацца і прысвяціць больш часу на роздум і малітву.

27 сакавіка дарослыя, моладзь і дзеці з парафіі св. Андрэя Апостала і Леапольда Багдана Мандзіча ў Мінску (Уручча), якой апякуюцца айцы паллатыны, разам са сваім душпастырам а. Яўгеніем Эйсмантам SAC здзейснілі пілігрымку ў санктуарый Маці Божай Шкаплернай у Гудагай, каб перажыць гэты дзень разам з Богам і бліжнім у духу Вялікапостнай падрыхтоўкі да свята Пасхі.

Распачалося паломніцтва з самага ранку. Удзельнікі выехалі з Мінску цягніком у напрамку Гудагая. Потым каля 4 кіламетраў ішлі пешшу, затрымоўваючыся каля прыдарожных крыжоў, маліліся за жывых і памерлых жыхароў гэтых мясцін. Калі дайшлі да самой вескі, то там нас чакалі сёстры Кармелітанкі ад дзіцяткі Езуса. У кляштары ў першую чаргу наведалі невялікую капліцу, дзе кожны дзень на малітву сустракаюцца сёстры, а потым разам пілі гарачую гарбату і гутарылі.

Самым галоўным момантам дня стала Эўхарыстыя. У санктуарыі, каля Маці Божай Шкаплернай, кожны мог пакінуць свае падзякі, просьбы, перапрашэнні. Пасля св. Імшы, усе разам распачалі набажэнства Крыжовага шляху. У Гудагаі ён не звычайны, таму што ўсе стацыі знаходзяцца ў лесе. Гэта дастаткова доўгі шлях па бездарожжы, а высілак, які трэба прыкласці каб яго прайсці, можна ахвяраваць ва ўласных інтэнцыях, у патрэбах касцела альбо аб навяртанні грэшнікаў.

Пасля Крыжовага шляху было вогнішча, а менавіта час каб з’есці смажаную кілбаску, падмацавацца і рушыць у дарогу да цягніка, і вярнуцца дадому.

Удзячныя Пану Богу і арганізатарам за дар малітвы і супольнага прабывання разам.

Святлана Астасевіч, тэкст
Дар’юш Астасевіч, фота

для друку для друку