Сёння часта можна пачуць, што маладое пакаленне аддаляецца ад Бога. Моладзь усё радзей можна заўважыць на святой Імшы, на адмысловых сустрэчах, на парафіяльных мерапрыемствах. Старэйшае пакаленне нават адчувае пэўную заклапочанасць з гэтай нагоды. Бабулі і дзядулі, што практыкавалі веру, былі захавальнікамі хрысціянскіх традыцый, пакрысе адыходзяць, а іх месцы павінны заняць маладыя і энергічныя асобы. А такіх, на жаль, не так шмат. І гэтая праблема, сапраўды, ёсць. Часам юнакі і дзяўчаты, прыступіўшы да асноўных сакрамантаў, забываюць пра Бога і Касцёл, будуюць сваё жыццё на іншых законах, якія нават і блізка не падобныя да Божых.
Аднак і сёння ёсць самаадданыя і адкрытыя хлопцы і дзяўчаты, для якіх Касцёл з’яўляецца нечым большым, чым проста сакральны будынак. Да гэтага шэрагу можна аднесці Уладзіслава Завадскага, каторы належыць да парафіі Нараджэння Панны Марыі ў Трабах. Міністрант, закрыстыянін, кантар і лектар, ён рознымі спосабамі служыць Касцёлу. Дваццацігадовага юнака можна заўважыць і за стварэннем святочных дэкарацый, і за працай на тэрыторыі касцёла, і за рэпетыцыяй чарговага псальма. Касцёл стаў тым магнітам, які вабіць і прыцягвае да сябе.
Уладзіслаў паходзіць з самай звычайнай працоўнай сям’і, дзе, апрача яго, выхоўваўся яшчэ і старэйшы брат. Зараз хлопец з настальгіяй прыгадвае, як яго шмат гадоў таму прывяла ў касцёл бабуля. Хлопец захапіўся прыгажосцю і гармоніяй, якая панавала ў касцёле. У хуткім часе ён стаў служыць пры алтары. Выкананне абавязкаў міністранта прыносіла юнаку сапраўднае задавальненне: ён меў магчымасць быць блізка да Бога, даваць штосьці ад сябе.
З ранняга ўзросту Уладзіслаў праявіў талент да спеваў. Гэта ў яго атрымлівалася добра і прыгожа, а галоўнае – прыносіла радасць і спакой. Калядкі, велікодныя песні, песні на звычайны перыяд – юнаку аднолькава прыгожа ўдаваліся розныя кампазіцыі. Аднак найбольш палюбіліся калядкі. Адвэнт і перыяд Божага Нараджэння былі любімым часам Уладзіслава. Ён сам рыхтаваў дэкарацыі да гэтага дня, прадумваў новыя ідэі. У яго пакоі заўсёды было месца яселькам, вянку, зробленым уласнымі рукамі. Каля дзесяці гадоў таму, будучы яшчэ школьнікам, малады чалавек упершыню прыняў удзел у фестывалі калядных песень “Gloria in excelsis Deo”, што праходзіць у Іўі. Пазней удзел у імпрэзе стаў своеасаблівай традыцыяй. Некалькі гадоў запар Уладзіслаў становіўся пераможцам тады яшчэ конкурсу каляднай песні. У якасці ўзнагароды ён двойчы атрымліваў ровар.
Святы Аўгусцін калісьці выказаў думку: “Хто спявае, той моліцца двойчы”. З гэтым меркаваннем малады спявак поўнасцю згодны. Спяваць псальмы з амбоны юнак пачаў крыху пазней. З вялікім хваляваннем ён выходзіў да амбоны, асабліва ў тыя моманты, калі спяваць неабходна было ў іншым касцёле. Запрашалі яго спяваць і па нябожчыках. Гэтае служэнне не адштурхнула, не спалохала, а прымусіла задумацца над філасофскімі пытаннямі жыцця і смерці. Кожны чалавек рана ці позна завяршыць свой жыццёвы шлях, і яму неабходна будзе стаць перад тварам Усемагутнага.
Нягледзячы на малады ўзрост, Уладзіслаў ужо паспрабаваў сябе і ў якасці закрыстыяніна. З усёй сур’ёзнасцю ён назіраў за парадкам у касцёле, дапамагаў арганізоўваць працэсіі, займаўся падрыхтоўкай літургічных прадметаў. Пасля заканчэння школы малады чалавек паступіў на вучобу ў Іўе, а пасля пераехаў у Воранава. Там ён далучыўся да мясцовых парафіяльных супольнасцяў. Асаблівы ўплыў на станаўленне хлопца аказалі святары. Адзін з іх – святой памяці ксёндз Ян Гавэцкі. Ён падтрымліваў таленавітага юнака, накіроўваў на жыццёвым шляху.
У хуткім часе Уладзіслаў скончыць Воранаўскі каледж, атрымае доўгачаканую спецыяльнасць. Ён яшчэ не ведае, як складзецца яго лёс, але ўпэўнены ў адным: у жыцці заўсёды цэнтральнае месца будуць займаць Бог і Касцёл, бо на веры грунтуецца жыццё чалавека.
Марта Венславовіч
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!


