У Ватыкане ўвялі больш жорсткія супрацьэпідэмічныя правілы

У кантэксце росту колькасці каронавірусных інфекцый у Ватыкане былі ўзмоцнены супрацьэпідэмічныя меры. 12 студзеня 2022 апублікавалі адпаведны ўказ ватыканскай адміністрацыі.

Такім чынам, наведвальнікі Ватыканскіх музеяў і садоў, удзельнікі канферэнцый і госці ватыканскіх сталовых павінны быць цалкам прышчэплены або вылечаны. Ужо з 20 снежня 2021 года гэтыя правілы распаўсюджваюцца на ўсіх супрацоўнікаў Ватыкана і Святога Пасаду.

Акрамя таго, у ватыканскіх будынках неабходна насіць маску стандарту FFP2; на вуліцы дазволены і іншыя тыпы масак. Прыпынены дзелавыя і службовыя паездкі, за выключэннем тэрміновых выпадкаў, на якія выдаецца спецыяльны дазвол. Пасля кантакту з асобай з станоўчым тэстам на COVID-19 супрацоўнікі Ватыкана і Святога Пасаду павінны прайсці каранцін у залежнасці ад іх статусу вакцынацыі.

Пашыраныя правілы будуць дзейнічаць з наступнага панядзелка і да канца лютага.

Супрацоўнікі таксама абавязаны праходзіць так званую рэвакцынацыю. Асобы, у якіх выйшаў час ад першых прышчэпак, не будуць дапускацца ў офісы, іх адсутнасць палічаць неапраўданай, за гэты перыяд яны не атрымаюць заработнай платы.

кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку