У Польшчы думаюць скасаваць Касцельны фонд. Што гэта такое і чым яго заменяць?

Новыя ўлады Польшчы збіраюцца зменшыць магчымасці дзяржаўнага фінансавання канфесіяў. Змены, як плануецца, павінны запрацаваць з 2025 года. Што канкрэтна прапануецца зрабіць і якая сістэма дзейнічае ў Польшчы (ды іншых краінах Еўропы цяпер) – у нашым аглядзе.

Урад у Польшчы змяніўся па выніках парламенцкіх выбараў у кастрычніку 2023 года. Партыя «Грамадзянская платформа», якая разам з саюзнікамі стварыла новую ўрадавую кааліцыю, уключыла змяншэнне дзяржаўнага фінансавання ў сваю выбарчую праграму. У прыватнасці, яна абяцала ліквідаваць Касцельны фонд, а вызваленыя грошы скіраваць на падтрыманне мастацтва і мастакоў. Апроч таго, планавалася забараніць фінансаванне за кошт бюджэтных сродкаў «гаспадарчай дзейнасці дыяцэзіяў, парафіяў, ордэнаў і іншых гаспадарчых элементаў цэркваў і рэлігійных аб’яднанняў, акрамя дзейнасці, якая служыць гуманітарным, дабрачынна-апякунчым, навуковым і адукацыйным мэтам».

І вось 28 снежня 2023 года новы прэм’ер-міністр Дональд Туск, які і прадстаўляе «Грамадзянскую платформу», паведаміў пра стварэнне міжміністэрскай групы, каторая зоймецца зменамі сістэмы фінансавання Касцельнага фонду і працай над новымі правіламі, вынікам чаго мусіць стаць «сістэма фінансавай адказнасці вернікаў за свае цэрквы».

Прэм’ер адзначыў, што змены будуць узгодненыя з цэрквамі. «Праца над новымі правіламі будзе накіраваная, і гэта ўжо дамоўлена, на сістэму фінансавай адказнасці вернікаў за свае цэрквы, таму мы гаворым тут пра сістэму добраахвотных падатковых адлічэнняў для людзей, зацікаўленых у падтрымцы сваёй царквы. Гэта павінна быць рашэнне вернікаў, а не дзяржавы», – заявіў Туск.

Новая сістэма мусіць запрацаваць з 2025 года. Прэм’ер падкрэсліў, што «гаворка ідзе не пра ідэалагічную вайну, а пра элементарнае пачуццё празрыстасці і прыстойнасці». «Калі мы вызвалім Касцёл ад палітычнай улады і вызвалім Касцёл ад дзяржаўных грошай, гэта будзе толькі на карысць Касцёла», – сказаў ён.

Пры гэтым існуе верагоднасць, што на прапановы такіх зменаў можа накласці вета прэзідэнт Анджэй Дуда, якога падтрымлівае канкуруючая партыя «Закон і справядлівасць». Наступныя прэзідэнцкія выбары, што маглі б змяніць расклад сілаў, запланаваныя на 18 траўня 2025 года.

Як фінансуецца Касцёл у Польшчы

Ксёндз-прафесар Дарыюш Валенцік, які лічыцца адным з самых вядомых экспертаў у пытанні фінансавання Касцёла, сцвярджае, што Каталіцкі Касцёл у Польшчы падтрымліваецца на 80% за кошт ахвяраванняў вернікаў і на 20% за кошт субсідый з дзяржаўных фондаў.

Найбольш значнымі субсідыямі для рэлігійных абʼяднанняў, зарэгістраваных у Польшчы, карыстаецца Касцельны фонд.

Яго стварылі яшчэ за камуністычным часам, у 1950 годзе, у якасці кампенсацыі цэрквам за іх зямельную ўласнасць, якую канфіскавала дзяржава.

Аднак памер рэсурсаў фонду залежыць выключна ад палітычных рашэнняў. У апошнія гады ён увесь час рос. На 2024 год бюджэт фонду складае 257 мільёнаў злотых (каля 64 мільёнаў долараў), што ўдвая больш за ўзровень 2015 года. Разам з тым да сёння польскай дзяржаве належаць больш як 62 тыс. гектараў зямлі, канфіскаваных камуністамі ў Касцёла. Паводле падлікаў у адпаведнасці з дзяржаўнымі стандартамі, за гэтыя землі Касцёлу мусілі б пералічваць штогод яшчэ больш – 334 мільёны злотых.

Сродкі фонду, згодна з законамі, могуць быць выкарыстаныя для дабрачыннай, асветніцкай і апякунскай дзейнасці, якую праводзяць касцельныя юрыдычныя асобы. Таксама яны могуць ісці на рэканструкцыю і кансервацыю гістарычных рэлігійных будынкаў. Аднак у апошнія дзесяцігоддзі Касцёл накіроўваў сродкі амаль цалкам на страхавыя ўнёскі для святароў: пенсіі, страхаванне па інваліднасці і ад няшчасных выпадкаў. Пры гэтым тыя святары, якія працуюць паводле працоўных дамоваў (напрыклад, катэхізатарамі, лектарамі, турэмнымі, бальнічнымі або ваеннымі капеланамі), плацяць уласныя пенсійныя ўнёскі.

Таксама дзяржава фінансуе вайсковых, пажарных, памежных капеланаў і тых святароў, хто працуе ў Нацыянальнай падатковай адміністрацыі і Службе дзяржаўнай абароны. Разам гэта каля 200 святароў. Таксама з дзяржаўных сродкаў атрымліваюць заробак турэмныя і бальнічныя капеланы (каля 800 чалавек), але звычайна яны працуюць няпоўны дзень або займаюцца валанцёрскай дзейнасцю.

Апроч таго, Міністэрства адукацыі пакрывае выдаткі на добраахвотныя рэлігійныя заняткі ў школе, фінансуе сем касцельных і рэлігійных універсітэтаў ды шэсць тэалагічных факультэтаў у дзяржаўных універсітэтах. Цалкам фінансуюцца за кошт бюджэту каталіцкія школы, якія атрымалі дзяржаўны статус, а недзяржаўныя школы атрымліваюць субсідыю з мясцовага бюджэту з разліку на кожнага вучня. Рэлігійныя ўстановы таксама могуць прэтэндаваць на гранты на рэстаўрацыю помнікаў.

Пры гэтым святары ў Польшчы адзіныя ў Еўропе плацяць падаткі ў залежнасці ад колькасці жыхароў парафіі. Памер аднаразовай выплаты падатковая інспекцыя вызначае асобна за кожны падатковы год.

Рэлігійныя юрыдычныя асобы ў Польшчы вызваленыя ад некаторых падаткаў. У прыватнасці, яны не плацяць падатак за нежылую нерухомасць, калі на ёй не вядзецца прадпрымальніцкая дзейнасць. Аднак эканамічная дзейнасць Касцёла абкладаецца падаткам.

Што прапануецца змяніць

Туск, які ўжо займаў пасаду прэм’ера ў 2007 – 2014 гадах, спрабаваў змяніць сістэму фінансавання рэлігійных арганізацыяў і раней. У прыватнасці, ён прапаноўваў замяніць Касцельны фонд штогадовымі падатковымі адлічэннямі жыхароў краіны. Паводле польскага заканадаўства падаткаплатнікі могуць пералічваць 1,5% сваіх падаткаў не ў бюджэт краіны, а грамадска-карысным арганізацыям на свой выбар. Грамадзяне Польшчы і цяпер могуць плаціць частку свайго падатку касцельным установам, але толькі тым, што атрымалі статус грамадска-карысных.

У 2013 годзе ўрад Туска дамовіўся з Канферэцыяй епіскапату Польшчы (КЕП), што грамадзяне змогуць пералічваць 0,5 % свайго падатку на карысць цэркваў. Таксама ўводзіўся перыяд, падчас якога дзяржава мусіла дафінансоўваць атрыманыя ад падаткаў сродкі ў выпадку, калі б яны былі меншымі за памер Касцельнага фонду. КЕП з гэтым пагадзілася, але частка меншых цэркваў і рэлігійных аб’яднанняў, напрыклад, Праваслаўная Царква, выступілі супраць гэтага. У выніку рэформа так і не прайшла.

На сёння пытаннем застаецца працэнт падатку, які змогуць пералічваць вернікі сваім цэрквам. Як піша money.pl, Польская народная партыя (ПНП), каторая ўваходзіць ў кіроўную кааліцыю з «Грамадзянскай платформай» і заблакавала простае скасаванне Касцельнага фонду, лічыць, што працэнт пералічаных падаткаў мусіць забяспечыць нармальнае функцыянаванне Касцёла.

З неабходнасцю рэформы фінансавання згодны і вядомы святар айцец Павел Гужынскі. Аднак добраахвотны падатковы вылік ён лічыць дрэннай ідэяй, бо ў Польшчы прыналежнасць да Касцёла «ніколі не патрабавала ніякай аплаты».

«Замена фонду падатковым вылікам кардынальна зменіць сітуацыю. На жаль, у Нямеччыне гэта працуе, але нямецкі Касцёл багаты. У Швейцарыі таксама існуе падатковы вылік для Касцёла, але яго плацяць усе, незалежна ад таго, вернікі яны ці не. Спісанне ідзе ў нешта накшталт фонду, і назапашаныя ў ім сродкі дзеляцца паводле строга вызначаных правілаў», – кажа айцец Гужынскі, які лічыць швейцарскае рашэнне лепшым для Польшчы за нямецкае.

На думку святара, павінен быць пераўтвораны не толькі Касцельны фонд, але і ўся ўнутраная фінансавая структура Касцёла. Пры гэтым ён нагадаў, што ўтрыманне Касцёлам шматлікіх гістарычных будынкаў, якія ўяўляюць нацыянальную спадчыну, – касцёлаў, кляштараў і іншага, «каштуе грошай». Таму застаецца адкрытым пытанне, наколькі дзяржава павінна ўдзельнічаць у гэтым, бо «гэтым будуць карыстацца ўсе».

Таксама не вырашанае пытанне фінансавання выкладання рэлігіі ў школах, выплат некаторым святарам ды фінансавання тых рэлігійных аб’яднанняў, што не маюць вялікай колькасці вернікаў, якія б маглі пералічваць ім частку свайго падатку.

Як фінансуюцца цэрквы ў Еўропе

Спосабы фінансавання цэркваў у Еўропе моцна адрозніваюцца. У некаторых краінах Еўразвязу яны ўтрымліваюцца за кошт дзяржавы пры невялікай долі ўласных сродкаў. Найперш гэта датычыць Грэцыі і Даніі, дзе існуюць дзяржаўныя цэрквы: праваслаўная і лютэранская адпаведна. Там царква разглядаецца як важны сацыяльны інстытут на службе дзяржавы, а святары і іншыя царкоўныя служачыя маюць статус дзяржаўных чыноўнікаў. Падобная сістэма дзейнічае таксама ў пераважна каталіцкім Люксембургу.

У большасці краін Еўразвязу існуе «супольная» мадэль фінансавання.

Там дзяржава ў значнай ступені ўдзельнічае ў падтрыманні цэркваў і рэлігійных абʼяднанняў, бо тыя часта замяняюць яе, дапамагаючы людзям, якія апынуліся ў цяжкай сітуацыі, клапоцяцца пра захаванне культурнай спадчыны, кіруюць адукацыйнымі ўстановамі ўсіх узроўняў дый агулам навучаюць каштоўнасцям, неабходным для падтрымання агульнага дабра ўсяго грамадства і яго гарманічнага развіцця.

З гэтай прычыны рэлігійныя арганізацыі атрымліваюць субсідыі на сацыяльную і дабрачынную дзейнасць нароўні з аналагічнымі дзяржаўнымі ўстановамі ці ўстановамі мясцовага самакіравання. Таксама субсідуецца сістэма рэлігійнай адукацыі, калі яна адпавядае крытэрам дзяржаўных школ, фінансуюцца заняткі рэлігіі ў сістэме дзяржаўнай адукацыі, служба капеланаў у турмах, бальніцах ці войску, ахова помнікаў культурнай спадчыны рэлігійнымі абʼяднаннямі. Апроч таго, ёсць падатковыя льготы для рэлігійных арганізацый і пэўныя сродкі на культавую дзейнасць. Такія прынцыпы ўласцівыя практычна ўсім краінам Еўразвязу, нават такім свецкім, як Францыя ці Славенія.

Апроч гэтага, у некаторых краінах (Нямеччыне, Аўстрыі, Швецыі, Фінляндыі і Швейцарыі) існуюць абавязковыя царкоўныя падаткі, а ў Італіі, Іспаніі, Венгрыі і Партугаліі – добраахвотныя. Таксама ў шэрагу краін рэлігійныя аб’яднанні атрымліваюць вялікае фінансаванне з боку дзяржавы, хоць царкоўнага падатку ў іх няма. Гэта Бельгія, Харватыя, Славакія, Мальта.

У іншых краінах (Кіпр, Францыя, Нідэрланды, Ірландыя, Літва, Латвія, Эстонія, Чэхія, Славенія) цэрквы ўтрымліваюцца ў асноўным за кошт добраахвотных ахвяраванняў вернікаў пры невялікай падтрымцы дзяржавы.

Што датычыць Беларусі, то нашая краіна належыць да ліку тых, дзе фінансавая роля дзяржавы ў дзейнасці рэлігійных арганізацыяў адна з найменшых у Еўропе.

Рэлігійныя арганізацыі фінансуюцца пераважна за кошт ахвяраванняў і спонсарскай дапамогі. Пры гэтым дзяржава дае шэраг падатковых льготаў на дзейнасць рэлігійных арганізацыяў, не абкладае падаткамі іх зямлю і культавыя будынкі, а таксама ахвяраванні і рэалізацыю рэлігійнай літаратуры і прадметаў. Таксама для рэлігійных арганізацыяў устаноўленыя паніжальныя тарыфы на камунальныя паслугі. Пры гэтым у некаторых выпадках за карыстанне культавымі будынкамі, якія належаць дзяржаве, рэлігійныя арганізацыі мусяць плаціць арэндную плату.

Мечыслаў Гапановіч

для друку для друку