18–19 ліпеня ў санктуарыі Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі (Гродзенская дыяцэзія) прайшоў штогадовы фэст у гонар Маці Божай Шкаплернай пад дэвізам «Хочам служыць Табе заўжды аддана». Сёлетняе святкаванне мела асаблівае значэнне: 775 гадоў матчынай апекі Марыі ў знаку святога шкаплера і 35 гадоў аднаўлення структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі.
Урачыстасці распачаліся ў суботу 18 ліпеня вячэрняй Імшой на палявым алтары. Галоўным цэлебрантам быў арцыбіскуп эмэрыт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч, які сёлета адзначыў 80-годдзе і 45-годдзе прэзбітэрскага пасвячэння. Канцэлебравалі біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй і біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Кусташ санктуарыя айцец Аркадзь Куляха OCD прывітаў сабраных — вернікаў з Заслаўя, Нарачы, Мінска, Ашмянаў, Воранава, Солаў, Іўя, Стоўбцаў, Барысава, Ліды, Смаргоні і іншых мясцін — на беларускай, рускай, літоўскай і польскай мовах, а арцыбіскуп Кандрусевіч дадаў яшчэ зварот па-англійску.
Пасля Імшы і Акафіста ў гонар Маці Божай Шкаплернай прайшоў традыцыйны Крыжовы шлях, які лічыцца самым доўгім у Беларусі — на некалькі кіламетраў. Узначаліў набажэнства біскуп Алег Буткевіч. Удзельнікі ў малітоўным засяроджанні прайшлі па маляўнічых узгорках Ашмянскага ўзвышша, а завяршылася набажэнства пад шум моцнага ліўня каля гудагайскіх парафіяльных могілак.
У нядзелю 19 ліпеня апоўначы адбылася начная Імша, якой папярэднічала працэсія са свечкамі вакол касцёла з малітвай Ружанца. Эўхарыстыю ўзначаліў біскуп Уладзімір Гуляй. У гаміліі ён падкрэсліў, што Гудагай — гэта асаблівае месца, якое выбрала Найсвяцейшая Панна Марыя: «месца, у якім мы можам спыніцца, вырвацца са штодзённай руціны нашых спраў, клопатаў і прытуліцца да Марыі, схавацца пад Яе плашч». Звяртаючыся да вернікаў, якія сабраліся апоўначы, біскуп сказаў: «Вы — сапраўдны, жывы Кармэль».
Галоўная ўрачыстая Імша адбылася ў нядзелю апоўдні. Ізноў узначаліў яе арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Арцыпастыр прывітаў вернікаў на рускай, польскай, літоўскай, англійскай і італьянскай мовах, падкрэсліваючы прынцып «адзінства ў разнастайнасці». У гаміліі іерарх зазначыў, што святкаванне адбываецца ў 35-ю гадавіну адраджэння іерархічных касцёльных структур і заснавання Гродзенскай дыяцэзіі. Галоўным заклікам арцыбіскупа Кандрусевіча да ўсіх вернікаў і да ўсёй Беларусі сталі словы: «Беларусь, не бойся прыняць Марыю як Маці!».
Фэст сабраў сотні вернікаў з розных куткоў Беларусі, а таксама гасцей з-за мяжы. На ўрачыстасцях прысутнічалі прадстаўнікі мясцовай улады, велаклуб «Ровар» з Ашмян, музычны гурт Verbum Dei з Мінска, а таксама каманда «Радыё Марыя Беларусь», якая вяла прамую трансляцыю.
Па матэрыялах catholic.by
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!



















