Быць католікам сёння не заўсёды лёгка. Асабліва маладому чалавеку. У школе, ва ўніверсітэце, на працы, у кампаніі сяброў можна сутыкнуцца з насмешкамі, абыякавасцю або неразуменнем. Хтосьці можа сказаць: “Ты яшчэ ходзіш у касцёл?”, “Навошта табе гэта?”, “Бог – гэта для старых”, “Жыві як усе”. Іншыя не будуць смяяцца адкрыта, але проста пакажуць, што ім усё роўна: вера, малітва, нядзельная Імша, споведзь, Божыя запаведзі – нібыта ўсё гэта не мае значэння.
І тады ў сэрцы маладога католіка можа з’явіцца пытанне: як застацца верным Богу, калі вакол шмат тых, хто не разумее, смяецца або жыве так, быццам Бога няма?
Першае, што важна памятаць: вера – гэта не сорам, а дар.
Быць католікам – не значыць быць “слабым”, “адсталым” або “не сучасным”. Гэта значыць, мець жывыя адносіны з Богам, ведаць, што тваё жыццё мае сэнс, што ты не адзін, што цябе любіць Хрыстус.
Езус ніколі не абяцаў, што вучням будзе лёгка. Ён казаў: “Калі Мяне пераследавалі, будуць пераследаваць і вас” (Ян 15, 20). Але Ён таксама сказаў: “Не бойцеся” (Мц 10, 31). Таму хрысціянін не павінен здзіўляцца, калі яго вера камусьці не падабаецца. Так было заўсёды. Але важна не адказваць злосцю на злосць, насмешкай на насмешку, пагардай на пагарду. Хрысціянская мужнасць – гэта не крычаць мацней за ўсіх. Гэта ўмець заставацца верным Хрысту спакойна, годна і з любоўю.
Калі з цябе смяюцца праз веру, вельмі лёгка захацець адказаць рэзка. Але найлепшае сведчанне католіка – гэта не спрэчка, а жыццё. Людзі могуць не слухаць нашых слоў, але яны заўважаюць нашыя ўчынкі.
Калі ты не падманваеш, калі не здраджваеш сябрам, калі ўмееш прабачаць, калі не падтрымліваеш бязглуздых размоваў, калі дапамагаеш слабейшым, калі захоўваеш чысціню сэрца, калі не саромеешся перахрысціцца перад ежай або пайсці ў нядзелю на Імшу, – ты ўжо сведчыш.
Магчыма, нехта сёння смяецца, але праз некаторы час менавіта твая вернасць прымусіць яго задумацца. Часта людзі пачынаюць паважаць веру не пасля вялікіх прамоваў, а пасля таго, як бачаць сапраўднага, добрага, моцнага і шчырага хрысціяніна. Малады католік павінен умець тлумачыць сваю веру, але ён не абавязаны перамагаць у кожнай спрэчцы. Не кожны чалавек сапраўды шукае праўды. Некаторыя проста хочуць пасмяяцца, справакаваць або паказаць сваю перавагу. У такіх сітуацыях найлепш захоўваць спакой. Можна адказаць проста: “Для мяне вера важная”, “Я хаджу ў касцёл, бо гэта частка майго жыцця”, “Я веру ў Бога і не саромеюся прызнацца”. Часам гэтага дастаткова.
Не трэба баяцца сказаць праўду. Але таксама не трэба кідаць святыню ў пустую сварку. Вера – гэта не зброя для канфліктаў, а святло для жыцця.
Немагчыма доўга быць моцным хрысціянінам без малітвы. Калі чалавек жыве толькі сваімі сіламі, ён хутка стамляецца. Насмешкі раняць, абыякавасць аслабляе, адзінота можа забраць адвагу. Таму малады католік павінен мець крыніцу сілы – Хрыста.
Святая Імша, Эўхарыстыя, споведзь, асабістая малітва, чытанне Евангелля – гэта не проста “рэлігійныя абавязкі”. Гэта сустрэча з Жывым Богам, Які ўмацоўвае сэрца.
Калі ты адчуваеш, што цяжка быць вернікам, скажы Езусу проста: “Пане, мне цяжка. Я баюся. Мне балюча, калі з мяне смяюцца. Дай мне сілу не адмовіцца ад Цябе”. Такая малітва вельмі каштоўная, бо яна шчырая.
Вельмі цяжка быць католікам у поўнай адзіноце. Таму важна шукаць супольнасць: моладзевую групу пры парафіі, добрых хрысціянскіх сяброў, духоўнага кіраўніка, людзей, якія таксама хочуць жыць верай. Калі побач ёсць тыя, хто разумее, падтрымлівае і моліцца разам з табой, вера становіцца мацнейшай. Касцёл – гэта не толькі будынак. Касцёл – гэта супольнасць людзей, якія ідуць да Бога разам.
Магчыма, у тваім класе ці ў тваёй групе ты адзін, хто адкрыта ходзіць у касцёл. Але ты не адзін у Касцёле. Ёсць шмат маладых людзей, якія таксама змагаюцца за вернасць Богу, перажываюць падобныя цяжкасці і шукаюць святасці ў сучасным свеце.
Сёння многія баяцца вылучацца. Баяцца не быць “як усе”. Але хрысціянін не павінен губляць сябе толькі дзеля таго, каб яго прынялі. Калі ўсе смяюцца з кагосьці, католік не павінен смяяцца. Калі ўсе лічаць грэх нармальным, католік не павінен рабіць выгляд, што гэта праўда. Калі ўсе маўчаць перад несправядлівасцю, католік павінен мець сумленне.
Быць іншым не значыць лічыць сябе лепшым за іншых. Гэта значыць, належаць Хрысту і жыць паводле Яго Евангелля. Святасць часта пачынаецца з простага рашэння: “Я не пайду за натоўпам, калі натоўп вядзе мяне далей ад Бога”.
Самая складаная частка хрысціянскага жыцця – любіць тых, хто нас не разумее.
Але менавіта тут вера становіцца сапраўднай. Езус на крыжы маліўся за тых, хто Яго крыўдзіў: “Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць” (Лк 23, 34).
Гэта не значыць, што трэба дазваляць сябе прыніжаць. Калі насмешкі становяцца жорсткімі, важна звярнуцца па дапамогу да дарослых, настаўнікаў, бацькоў, святара. Але ў сэрцы хрысціянін не павінен насіць нянавісць.
Магчыма, чалавек, які сёння смяецца з веры, сам унутры вельмі далёкі ад супакою. Магчыма, ён ніколі не сустрэў жывога сведкі Божай любові. Магчыма, праз тваю дабрыню Бог калісьці дакранецца да яго сэрца.
Калі цяжка, трэба вяртацца да галоўнага пытання: дзеля каго я жыву? Дзеля меркавання людзей ці дзеля Бога? Людская папулярнасць вельмі хутка змяняецца. Сёння цябе могуць хваліць, заўтра забыць. Сёння смяюцца з аднаго, заўтра з іншага. Але Божая любоў не змяняецца.
Калі ты выбіраеш Хрыста, ты выбіраеш Таго, Хто ніколі не здрадзіць. Ён ведае тваю барацьбу, твае страхі, твае слёзы, тваю вернасць. Нават калі іншыя не бачаць, Бог бачыць. І менавіта гэта дае сілу.
Быць католікам сярод насмешак і абыякавасці – гэта выклік. Але гэта таксама магчымасць стаць сапраўдным сведкам Хрыста. Не агрэсіўным, не ганарлівым, не закрытым, а моцным, добрым, спакойным і верным.
Не саромейся сваёй веры. Не бойся быць іншым. Не адказвай злосцю. Маліся. Шукай супольнасць. Жыві так, каб тваё жыццё само гаварыла пра Бога.
Магчыма, менавіта праз тваю вернасць нехта ўпершыню ўбачыць, што вера – гэта не мінулае, не звычка і не слабасць, а жывая сустрэча з Богам, Які дае сэнс, свабоду і сапраўдную радасць.
Ксёндз Алег Кудэрка
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!