27 красавіка пры касцёле святога Арханёла Міхала адбылося ўрачыстае адкрыццё і асвячэнне крыпты-капліцы імя св. Дамініка і біскупа Віта, якое прымеркаванасёлетняму вялікаму юбілею 400-годдзя касцёла Святога Арханёла Міхала. Урачыстасць узначаліў біскуп-намінат Уладзімір Гуляй.
Святакаванне пачалося са св. Імшы, якая сабрала Навагрудчан і гасцей з розных куткоў Беларусі. У казанні, біскуп-намінат заклікаў вернікаў: “абудзіць у сэрцах жаданне прыняць сённяшняе Слова, і прасіць Святога Духа, каб вёў да больш поўнага разумення Божага Слова.”
Эксцэленцыя заахвоціў кожнаму задаць сабе пытанне: “Ці я ведаю Езуса? Што я ведаю пра Езуса, акрамя асноўных ведаў па катэхізісе? Ці магу я расказаць пра Яго таму, хто ніколі пра Яго не чуў?”.
Прапаведнік таксама заахвоціў звярнуць увагу на досвед веры адносна прысутнасці Божай у жыцці: Як я ўяўляю прысутнасць Бога? Ці веру я, што Ён хоча настолькі скараціць адлегласць паміж Сабою і мной, што вырашае прыйсці да мяне ў звычайным знаку Хлеба і Віна (у Эўхарыстыі), у тэксце Святога Пісання, напісанага чалавечай рукой, ці праз тое што Ён прыходзіць у іншым чалавеку?” – адзначыўшы пра тое, што Езус, шукае кожнай магчымасці дастукацца да сэрца сваіх дзяцей.
Біскуп Уладзімір падкрэсліў, што неабходна зрабіць грунтоўны рахунак сумлення ці не занядбоўваецца заданне акрэсленае самым Хрыстом, каб абвяшчаць Добрую Вестку ў сучасным свеце: “Часам мы скардзімся на сённяшні «бязбожны свет», можа, паказваем пальцам на людзей, якія жывуць не ў адпаведнасці з этычнымі прынцыпамі. Аднак мы не задумваемся, чаму яны не вераць, ці чаму занядбалі сваё жыццё. Насамрэч гэтыя людзі не столькі “няверуючыя”, колькі «тыя, хто не ведае». Яны не ведаюць праўдзівага Бога; яны не бачылі твару міласэрнасці і любові ў сваім жыцці. Чалавек, які ведае сапраўднае аблічча Бога, не можа адмовіцца ад Яго (не можа Яго адкінуць, адхіліць). Чалавек, які спазнаў і ведае што такое любоў, не можа не жадаць цалкам пагрузіцца ў яе. Нашыя сэрцы і ўчынкі могуць і павінны выклікаць у іншых прагненне Бога, прагненне пазнаць сапраўднае аблічча Айца.
На заканчэнне казання, галоўны цэлебрант заклікаў – “…адкрыцца на Духа Божага і дазволіць Яму перамяніць нас у жывую «копію» Езуса..”.
Пасля Святой Імшы, святары і вернікі перайшлі ў крыпту-капліцу, дзе спевам парафіяльнага хора распачалася другая частка мерапрыемства – урачыстае адкрыццё для наведвання гэтага гістарычнага месца. Кс. біскуп Уладзімір прачытаў малітву асвячэння і падзякаваў пробашчу і вернікам за грунтоўна зробленую працу і прыкладзеныя намаганні.
У мерапрыемстве ўрачыстага адкрыцця прымалі удзел прадстаўнікі мясцовай Улады на чале з Жыжко Наталляй Міхайлаўнай, якая выразіла задавальненне з таго, што гораду падораны яшчэ адзін вельмі важны гістарычны, культурны і духоўны аб’ект.
На заканчэнне вядомы беларускі мастак-графік, кніжны ілюстратар Павел Татарнікаў прадставіў Навагрудчанам і гасцям горада мапы-рэканструкцыі горада Навагрудка з розных часовых эпох – рэзультат сваёй шматгадовай даследчыцкай і творчай працы. Свае працы спадар Павел перадаў у дар касцёлу Святога Арханёла Міхала.
Крыпта-капліца Святога Дамініка і біскупа Віта, знаходзіцца ў найстарэйшай частцы касцёла, якая налічвае 400 год, у ёй знаходзяцца пахаванні манахаў-дамініканцаў, а таксама фундатараў касцёла – сям’і Хрыстафора Хадкевіча. У адной з ніш крыпты была змешчана таксама копія вядомага гістарычнага артэфакта – келіха св. Ядзвігі, а таксама многія гістарычныя рэчы, якія паходзяць з фондаў парафіі Святога Арханёла Міхала ў Навагрудку.
Навагрудскай зямлі быў вернуты адзін з самых старых некропалей у Беларусі і падорана ў пэўным сэнсе культурна-духоўная прастора. Невыпадкова гэта месца было аддадзена пад асаблівае заступніцтва Св. Дамініка і Біскупа Віта. Святы Дамінік, як айцец заснавальнік Дамініканскай духоўнасці, сыны, Якога прычынiлiся да ўзвядзення гэтага храма, школы манастыра і крыпты у гэтым месцы. А таксама захавалі і памножылі культурнае і духоўнае багацце гэтай зямлi. Складана пераацаніць іх значэнне, разумеючы, што менавіта яны далі выхаванне і адукацыю Адаму Міцкевічу, прызнанаму ўсім светам літаратурным геніем XIX стагоддзя.
Другой постаццю і заступнікам гэтага месца, з’яўляецца біскуп Віт, таксама дамініканец, якi запісаўся ў гісторыі ВКЛ, як першы біскуп гэтай зямлі, той хто клапаціўся пра духоўнае развіццё нашых продкаў у тыя далёкія часы. Быў блiзкiм супрацоўнікам святога Яцка, верным духоўным сынам Св. Дамініка. Пасля сваёй смерці, біскуп Віт, застаўся ў памяцi людзей, як заступнік усіх, хто з верай просіць аб яго пасрэдніцтве перад Богам. Біскуп Віт паводле меркаванняў гісторыкаў, у сярдзіне ХІІІ стагоддзя быў тым, хто пахрысціў Міндоўга і пачаў працэс хрысціянізацыі нашых земляў. Заснаваў першае біскупства, касцёл і манастыр дамініканцаў на Навагрудчыне – у Любчы.
Даманік Запаснік
