У Лідзе айцы-рэдэмптарысты правялі Святыя Місіі

lida_misii12Апошні тыдзень лістапада стаў для вернікаў парафіі Унебаўзяцця НМП (Ліда-Індустрыяльны) часам вялікіх Божых ласк, часам аднаўлення, прабачэння, паяднання і любові. З 22 па 29 лістапада тут праходзілі Святыя Місіі, якія правялі айцы-рэдэмптарысты: а. Андрэй Ядкоўскі з Вялікай Бераставіцы і а. Валерый Мазюк з  Гродна (Дзевятоўка).  Варта ўзгадаць, што 3 верасня бягучага года парафія адзначыла сваё 15-годдзе, і гэта першыя Святыя Місіі ў гісторыі парафіі.

Кожны дзень Місій быў непаўторны, непадобны адзін на другі, вылучаўся сваёй тэматыкай і набажэнствамі. Багатая і насычаная праграма ахапіла ўсе пласты і ўзроставыя групы вернікаў: маленькіх дзетак і дзяцей школьнага ўзросту, моладзь і бацькоў, старых і хворых людзей. Вернікі і госці парафіі мелі магчымасць спыніцца, азірнуцца на пражытыя гады, пераасэнсаваць сваё жыццё, узнавіць сваю веру, паяднацца з Богам і бліжнімі. У гэтыя дні, як ніколі, адчувалася прысутнасць Бога ў парафіі. Ён нібы праходзіў сярод вернікаў і адорваў кожнага сваёй Любоўю і Міласэрнасцю. Толькі трэба было адчыніць дзверы свайго сэрца і дазволіць Яму дзейнічаць. Аб гэтым, дарэчы, і заклікаў гімн Святых Місій, які гучаў перад кожнай св. Імшой.

У першы дзень пробашч парафіі кс. Андрэй Агель падчас св. Імшы ўручыў айцам-місіянерам стулы – знак святарскага служэння, і перадаў ключы ад касцёла на знак таго, што яны на працягу васьмі дзён будуць гаспадарамі парафіі. У гэты ж дзень вернікі пачулі для сябе дзіўнае на першы погляд  пытанне: якому Богу вы моліцеся? Але праз місійную навуку знайшлі для сябе адказ: Бог, якому кожны павінен маліцца, — гэта Любоў, Дабрыня і Міласэрнасць. Бог ёсць Любоў! Гэтае сцвярджэнне яшчэ не адзін раз прагучала на Святых Місіях.

Другі дзень быў прысвечаны нашаму збаўленню ў Езусе Хрысце. Пасля праслуханых навук і разважанняў кожны меў магчымасць запрасіць Божага Сына, як Месію і Збаўцу, у сваё жыццё, у сваё сэрца, у сваю сям’ю, каб далей жыць ужо з Богам, у Богу і для Бога.

Многім надоўга запомніўся трэці дзень Святых Місій. Падчас пакутнага набажэнства можна было папрасіць прабачэння не толькі ў Бога, але і ў сваіх блізкіх, родных, суседзяў, нават выпадковых стрэчных. Першым гэта зрабіў пробашч парафіі кс. Андрэй Агель. Святар папрасіў прабачэння ў кожнага парафіяніна, пасля ішоў праз касцёл і паціскаў сотні рук. Яму прабачалі і …, прабачаючы, нібы аддавалі свае ўласныя грахі ў рукі пробашча, які пасля паклаў іх перад алтаром, а сам упаў крыжам і маліўся аб прабачэнні грахоў усёй парафіі. У гэты момант нават самыя цвёрдыя сэрцы не маглі не расчуліцца.

lida_misii07

На працягу трох дзён вернікі разам з місіянерамі рыхтаваліся да шчырай святой споведзі: вучыліся бачыць і вызнаваць свой уласны грэх. Не апраўдвацца, не перакладаць адпаведнасць за свае ўчынкі на іншага чалавека, або абставіны, а цалкам асэнсоўваць сваю ўласную віну і шчыра шкадаваць. Аб выніках гэтай падрыхтоўкі маглі сведчыць чэргі да канфесіяналаў у чацвёрты дзень Святых Місій, які закончыўся Крыжовым шляхам. Вялікі цяжкі крыж, зроблены вернікамі напярэдадні, трымалі па чарзе: міністранты, маці, бацькі, моладзь, сужэнствы… На наступны дзень прайшла адарацыя гэтага крыжа. Кожны мог падысці, дакрануцца да яго і прамовіць усім сваім сэрцам: «Езус Хрыстус, Ты — мой Пан!»

lida_misii05

Пятніца на Святых Місіях была прысвечана сям’і. Гэта быў адзін з самых радасных і кранальных дзён. Муж і жонка ў прысутнасці сваіх дзяцей аднаўлялі сужэнскую клятву, давалі яшчэ раз перад Богам абяцанне быць вернымі адзін аднаму, жыць у згодзе, не пакідаць у цяжкую хвіліну жыцця. Усе твары свяціліся ад шчасця, у многіх на вачах праступалі слёзы радасці.

Амаль кожны дзень Місій заканчваўся Марыйным заклікам. Хоць быў ужо позні час, за плячыма цяжкі працоўны дзень, але ў касцёле заўсёды было многа вернікаў, ніхто не спяшаўся дадому. Кожны хацеў сваім спевам і малітвай праславіць Марыю. А ў суботу вечарам прайшло ўрачыстае прысвячэнне парафіі Маці Божай. Яе, Заступніцу і Апякунку, прасілі ўзяць пад сваю Матчыну апеку Касцёл і парафію, святароў і кожнага верніка. Марыі было прысвечана і місійнае казанне. Што трэба рабіць, каб быць сапраўдным сынам/дачкой Марыі? Трэба дазволіць Богу пісаць гісторыю свайго жыцця, як дазволіла зрабіць гэта Марыя. Такі заклік у гэты дзень пачуў кожны прысутны.

lida_misii15

Наогул, перадапошні дзень быў даволі насычаны. Не засталіся без увагі хворыя і сталыя людзі, цяжарныя жанчыны і самыя маленькія парафіяне. Кожным з іх быў выдзелены свой час на Святых Місіях, і ўсе змаглі атрымаць Божае благаславенне.

У апошні дзень Святых Місій перад касцёлам быў устаноўлены вялікі Місійны крыж з памятнай табліцай – сімвал ахвярнай Любові і відавочны знак, які пастаянна будзе нагадваць пра гэтую важную падзею ў гісторыі парафіі. Ксёндз Андрэй Агель і вернікі шчыра падзякавалі айцам- рэдэмптарыстам за праведзеныя Святыя Місіі. Місіянеры ж вярнулі пробашчу ключ ад святыні і стулы, як знак завяршэння іх служэння.

lida_misii12

Аднак не будзем казаць, што ўсё скончылася! Наадварот,  гэта толькі пачатак новага жыцця парафіі. Трэба спадзявацца, што насенне прапаведавання  айцоў-місіянераў упала на добрую глебу і хутка пачне прыносіць свой багаты плён.

Марына Габіс, парафіянка

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі